Багацце прафесара Хорава

- 13:35Навука і інавацыі

Адной з самых значных падзей апошняга часу для доктара медыцынскіх навук прафесара А.Г.Хорава стаў… навагодні ранішнік. Дзеці, якім ён разам з калегамі вярнуў адно з самых вялікіх багаццяў — магчымаcць чуць і размаўляць. Не маючы такой магчымасці ад нараджэння, цяпер яны спявалі, чыталі вершы, вадзілі карагоды…
Алег Генрыхавіч Хораў — загадчык кафедры отарыналарынгалогіі, стаматалогіі Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Ён — аўтар звыш 300 навуковых публікацый, дзвюх манаграфій і двух вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, трох інструкцый па прымяненні новых метадаў лячэння, 6 патэнтаў на вынаходкі, урач-отарыналарынголаг вышэйшай катэгорыі, які выконвае сотні аперацый у год.
Тое, што глухія ад нараджэння дзеці атрымалі магчымасць чуць, — гэта сапраўдны цуд, за якім — карпатлівая і старанная праца на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Яшчэ ў 1986 годзе разам з прафесарам Меланьіным, якога Алег Генрыхавіч лічыць сваім настаўнікам, быў запатэнтаваны пратэз для аднаўлення разбуранай костачкі. Гэта быў значны прарыў у лячэнні цяжкахворых людзей. Сёння пад кіраўніцтвам прафесара Хорава распрацаваны арыгінальны пратэз слыхавых костачак, які замяняе разбураную структуру вуха. Першымі з рэгіёнаў Беларусі, і пакуль адзінымі, у Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы пачалі выконваць кахлеарную імплантацыю — адну з самых складаных аперацый у гэтай галіне медыцыны: ужыўлены электронны прыбор праз вуха кіруе структурай мозга і дазваляе чуць гукі.
Многія метады лячэння і хірургічных аперацый з’яўляюцца наватарскімі. Так, першымі ў краіне ў 2009 годзе выканалі аперацыю па аднаўленні слыху па сучаснай методыцы — з выкарыстаннем апарата костнай праводнасці БАХА.
А.Г.Хораў стаў ініцыятарам стварэння на базе абласной бальніцы Цэнтра паталогіі слыху і маўлення. У Гродне быў арганізаваны і ўкаранёны ў практыку аўдыялагічны скрынінг у нованароджаных і дзяцей ранняга ўзросту. Гэты вопыт быў распаўсюджаны і на іншыя вобласці Беларусі. А на лячэнне да доктара Хорава імкнуцца пацыенты не толькі з Гродзеншчыны, яго ведаюць і за мяжой.
На сцяне ў кабінеце прафесара ў абласной бальніцы вісяць партрэты яго папярэднікаў — Міхаіла Аўсяннікава, Уладзіміра Меланьіна, Сямёна Грабштэйна. Як у свой час Алег Генрыхавіч вучыўся ў гэтых прафесіяналаў, так і зараз побач з ім вучыцца таленавітая моладзь.
— Заўсёды гатовы заняць бок студэнта, — гаворыць Алег Генрыхавіч, — але насіць белы халат дастойны толькі той, хто мае спачуванне. І мы павінны дапамагчы маладым стаць лепшымі.
Каб пазбегнуць суб’ектывізму пры прыёме экзамену, А.Г.Хораў разам з супрацоўнікамі кафедры распрацаваў і ўкараніў метад тэставага камп’ютарнага кантролю ведаў студэнтаў.
Сярод дасягненняў маладых супрацоўнікаў кафедры — клініка-эксперыментальнае даследаванне Дзмітрыя Плаўскага, якое дазволіла ўкараніць у практыку новы спосаб лячэння хворых з хранічным гнойным сярэднім атытам. Новы спосаб запатэнтаваны, і Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла інструкцыю па яго прымяненні. А кандыдацкая дысертацыя Дзмітрыя ў конкурсе, які праводзіць ВАК у намінацыі “Медыцынскія і ветэрынарныя навукі”, у 2013 годзе была адзначана як лепшая.
Навуковыя даследаванні — гэта пастаянная праца практыкуючых хірургаў. Так, распрацоўка “Новая тэхналогія хірургіі сярэдняга вуха (спосаб хірургічнага лячэння і айчынныя канструкцыі для рэканструкцыі вуха)” адзначана ў конкурсе інавацыйных праектаў, які праводзіць дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь.
— Я і сёння вучань, — гаворыць Алег Генрыхавіч. — Вось англійскую мову вучу. Мне на гэтых моўных курсах вельмі цікава, бо бачу новыя методыкі выкладання. У Беластоцкім медыцынскім універсітэце ў Польшчы падчас стажыроўкі быў вельмі зацікаўлены сістэмай матывацыі студэнтаў да ведаў.
— Дасягненні беларускай медыцыны, — працягвае Алег Хораў, — дазваляюць гаварыць аб істотным прарыве ў лячэнні такой вялікай праблемы, як глухата. Дыягностыка, хірургічнае ўмяшальніцтва на вельмі высокім узроўні. Мяне больш хвалюе рэабілітацыйны перыяд. Тут павінна быць вельмі зладжаная работа сурдапедагогаў, усёй сістэмы адукацыі, бацькоў. Такія дзеці павінны вучыцца ў звычайных навучальных установах. Яны — не інваліды, яны могуць і павінны быць паўнапраўнымі членамі грамадства.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.