Багаты кейс

- 9:03Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

З 2021 года на базе гімназіі Ганцавіч дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па Scratch-праграмаванні і робататэхніцы. Яго мэта — стварэнне інфармацыйна-метадычнай прасторы, накіраванай на павышэнне эфектыўнасці работы па вывучэнні ІКТ.

У цэнтры праводзяцца заняткі аб’яднанняў па інтарэсах, дадатковыя заняткі з вучнямі ўстаноў адукацыі Ганцавіччыны і інтэрактыўныя заняткі з бацькамі, працуюць сеткавыя лабараторыі, павышаюць кваліфікацыю педагогі раёна. На занятках выкарыстоўваюцца апаратна-праграмныя сродкі навучання Lego WeDo і Lego Mindstorms версіі EV3 і інш. Школьнікі не толькі атрымліваюць тэарэтычныя веды, але і канструююць і выпрабоўваюць мадэлі робатаў, ствараюць праграмы па іх кіраванні. Усё гэта дазваляе ўдзельнічаць у навукова-практычных канферэнцыях, хакатонах і розных конкурсах. 

Падчас інтэрактыўных мерапрыемстваў педагогі асвойваюць асновы адукацыйнай робататэхнікі, ладзяць заняткі з выкарыстаннем робататэхнічных набораў, займаюцца праектнай дзейнасцю. Акрамя таго, настаўнікі актыўна распрацоўваюць электронныя вучэбныя матэрыялы, якія размяшчаюцца на гімназічным сайце. 

Вялікая ўвага ўдзяляецца дыстанцыйнаму ўзаемадзеянню. На сайце прадстаўлены матэрыялы для самастойнай работы вучняў па Scratch-праграмаванні і робататэхніцы. 

Назапашаны вопыт дазволіў стварыць лічбавы метадычны кейс “Гісторыя. Online” праграмы аб’яднання па інтарэсах “Сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі” (https://tanyag021983.wixsite.com/caseskt). Матэрыялы метадычнага мультымедыякейса ўяўляюць сабой электронны структураваны комплекс практыка-арыентаваных форм работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні праз ІКТ. Гэтыя матэрыялы можна паспяхова прымяняць у дыстанцыйных праектах, інтэгруючы інфарматыку, краязнаўства і экалогію. З дапамогай візуальнага асяроддзя Scratch, дзеці вывучаюць культурна-гістарычную спадчыну і ваеннае мінулае роднага краю, вучацца беражліва адносіцца да прыродных рэсурсаў.  

Акрамя метадычных матэрыялаў па рэалізацыі праектаў па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, кейс змяшчае маніторынгавыя матэрыялы аб адукацыйных дасягненнях школьнікаў у рамках гэтых праектаў і іх пацверджанай грамадскай карысці. Раздзелы кейса пастаянна папаўняюцца, а іх пералік пашыраецца. Яго каштоўнасць у тым, што ўсе матэрыялы, размешчаныя ў ім, сістэматызаваны, адрэдагаваны, аформлены і могуць выкарыстоўвацца ў масавай практыцы. 

Работа рэсурснага цэнтра шырока асвятляецца ў сацыяльных сетках. 

Таццяна ГУРМАН,
настаўніца інфарматыкі,
кіраўнік раённага рэсурснага цэнтра па Scratch-праграмаванні
і робататэхніцы гімназіі Ганцавіч.