Бакалаўрыят і магістратура

- 16:12Актуально, Апошнія запісы

У Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы адбылася нарада рэктараў універсітэтаў з удзелам міністра адукацыі Сяргея Маскевіча. Удзельнікі абмеркавалі розныя падыходы да арганізацыі двухступеньчатай сістэмы вышэйшай адукацыі і зрабілі прапановы аб унясенні адпаведных змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс аб адукацыі.

Важная ўмова для прызнання дыпломаў

У вышэйшай школе завяршаецца аналіз вынікаў маніторынгу практыкі прымянення Кодэкса аб адукацыі. Была праведзена вялікая работа, і вось прыйшоў час канчаткова вызначыцца па шэрагу пазіцый. Ужо ў найбліжэйшы час праект кодэкса са змяненнямі і дапаўненнямі павінен быць перададзены ва ўрад, а восенню — у парламент.
“Як вядома, у краіне прайшло шырокае грамадскае абмеркаванне Кодэкса аб адукацыі і рэалізацыі яго асобных палажэнняў у практыцы развіцця адукацыйнай сферы, — сказаў, адкрываючы нараду, рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Міхаіл Іванавіч Дзямчук. — Як вынік — можна канстатаваць, што сёння наша краіна мае разгорнутую нарматыўную прававую базу, якая дазваляе эфектыўна планаваць развіццё і перспектывы арганізацыі адукацыйнай сферы. Разам з тым грамадскае абмеркаванне Кодэкса аб адукацыі выявіла наяўнасць дыскусійных момантаў у частцы вышэйшай школы. Гэта тычыцца, напрыклад, насычэння першай і другой ступеней вышэйшай адукацыі, а таксама расшыфроўкі тэрмінаў “бакалаўрыят”, “спецыялітэт” і “магістратура”.
Міхаіл Іванавіч паведаміў, што сёння пасля працяглых дыскусій усё больш экспертаў схіляецца да класічнага еўрапейскага ўніверсітэцкага стандарту з арганізацыяй падрыхтоўкі кадраў па схеме “бакалаўр — магістр”. Ён прапанаваў удзельнікам нарады яшчэ раз абмеркаваць гэтае пытанне і знайсці інварыянт, які будзе ў поўнай меры ўлічваць спецыфіку і інтарэсы нашай краіны, каб зафіксаваць яго ў Кодэксе аб адукацыі.
“У апошнія гады ў вышэйшай школе з’явілася шмат навацый, — заўважыў міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Мы ўжо апрабіравалі схему падрыхтоўкі 4+2 (чатыры гады на першай ступені і два — у магістратуры) і зараз разглядаем яе як базавую для масавай вышэйшай школы. Мы змаглі арганізаваць магістратуру амаль па ўсіх напрамках спецыяльнасцей і адчулі яе запатрабаванасць. Сёння многа магістрантаў вучыцца на платнай аснове, і ёсць напрамкі, па якіх назіраецца вялікая зацікаўленасць з боку работадаўцаў. Такім чынам, можна казаць, што ў краіне ўжо дзейнічае двухступеньчатая сістэма вышэйшай адукацыі, якая даказала сваю эфектыўнасць”.
У той жа час Сяргей Аляксандравіч прызнае, што нарматыўная прававая база патрабуе карэкціроўкі, бо зараз многія важныя рашэнні даводзіцца прымаць як бы “па-за законам”. Напрыклад, Міністэрства адукацыі дазволіла ўніверсітэтам выдаваць замежным выпускнікам дыпломы бакалаўра, а медыцынскім універсітэтам — дыпломы доктара медыцыны.
“Як высветлілася, такія дыпломы з’яўляюцца важнай умовай для таго, каб замежнікі ехалі да нас на вучобу, — гаворыць міністр. — Але адразу ўзнікае пытанне: а хіба нашы грамадзяне не маюць права атрымліваць Міністр-2(сайт)такія ж дакументы аб адукацыі, якія атрымліваюць замежныя грамадзяне ў нашых жа ўніверсітэтах? Адказ — на паверхні: усе выпускнікі павінны атрымліваць дакументы адзінага ўзору”.
Сёння на прыняцце рашэнняў у сістэме вышэйшай школы істотна ўплывае Балонскі працэс, куды наша краіна разлічвае ўступіць у будучым годзе. Сяргей Аляксандравіч заўважыў, што, хаця фармальна ўсе палажэнні айчыннай вышэйшай школы адпавядаюць Балонскай дэкларацыі, ёсць некаторыя аспекты, якія трэба развіваць. У прыватнасці, неабходна заканадаўча аформіць прадастаўленне большай самастойнасці ўніверсітэтам, перадаўшы ім больш паўнамоцтваў і адказнасці.
“Ёсць цэлы шэраг пытанняў, якія актуалізаваліся ў сувязі з развіццём міждзяржаўных адносін і іншых палітычных працэсаў, і яны павінны знайсці адлюстраванне ў Кодэксе аб адукацыі, — сказаў міністр. — Нам трэба зазірнуць наперад і прыняць рашэнні з улікам нацыянальных інтарэсаў і інтарэсаў грамадзян. У будучыні гэта павінна істотна павысіць канкурэнтаздольнасць нашай сістэмы адукацыі”.
Прапаноўваючы адкрытую дыскусію, Сяргей Аляксандравіч заклікаў удзельнікаў нарады кіравацца не толькі ўласным, але і сусветным вопытам арганізацыі вышэйшай школы. Каб рухацца далей, вельмі важна ведаць, як розныя пытанні вырашаюцца ў краінах Еўропы, ЗША, Расіі, Казахстана, і прадумаць, як іх напрацоўкі могуць прымяняцца ў нас.

Двухступеньчатая сістэма лепш адаптавана да рыначнай эканомікі

Трэба сказаць, што айчынныя ўніверсітэты ўважліва вывучалі пытанні арганізацыі двухступеньчатай сістэмы вышэйшай адукацыі за мяжой і выбудоўвалі свае сістэмы, у многім абапіраючыся на міжнародны вопыт. Напрыклад, БДУІР першым у нашай краіне цалкам перайшоў да двухступеньчатай сістэмы падрыхтоўкі кадраў па схеме 4+2, і сёння вопыт гэтага ўніверсітэта прызнаны адным з самых паспяховых у Беларусі.
Прарэктар па вучэбнай рабоце і менеджменце якасці БДУІР Алена Мікалаеўна Жывіцкая расказала ўдзельнікам нарады аб перадумовах пераходу на двухступеньчатую сістэму вышэйшай адукацыі ў еўрапейскіх краінах і прадставіла напрацоўкі БДУІР.
“Перадумовы пераходу на двухступеньчатую сістэму ў Еўропе вельмі падобныя да тых, што назіраюцца сёння ў нашай краіне, — заўважыла Алена Мікалаеўна. — Па-першае, гэта дэмаграфічны спад (за некалькі дзесяцігоддзяў колькасць маладога насельніцтва ў Еўропе зменшылася амаль на чвэрць). Па-другое, эканамічны крызіс (як вынік — змяншэнне фінансавання сістэмы вышэйшай адукацыі). Акрамя таго, вялікая колькасць студэнтаў (да 60%) не даходзіла да заканчэння ўніверсітэта і атрымлівала няпоўную вышэйшую адукацыю. Галоўная прычына распаўсюджвання двухступеньчатай сістэмы вышэйшай адукацыі ў большасці краін заключаецца ў тым, што яна аказалася лепш адаптаванай да рыначнай эканомікі, якая дамінуе ў сучасным свеце”.
Перавагі двухузроўневай сістэмы відавочныя: гэта міжнародная мабільнасць, гібкасць, хуткае рэагаванне на патрэбы эканомікі, эканомія часу і фінансаў, магчымасць паступіць у магістратуру любой краіны свету незалежна ад таго, дзе чалавек атрымаў першую ступень. У той жа час Алена Мікалаеўна адзначае, што двухступеньчатая сістэма вышэйшай адукацыі прыжылася не ўсюды. Ёсць асобныя краіны і ўніверсітэты, дзе адмовіліся ад прафілізацыі і сталі выдаваць выпускнікам першай ступені проста дыплом бакалаўра, без указання кваліфікацыі. У выніку такія выпускнікі аказаліся незапатрабаванымі на рынку працы. Работадаўцы так і не разумелі, што ўмеюць гэтыя людзі, таму каля 80% бакалаўраў у гэтых краінах вымушаны давучвацца ў магістратуры.
“Мы лічам, што выпускнікам першай ступені неабходна выдаваць дыплом бакалаўра з абавязковым прысваеннем кваліфікацыі, — падкрэсліла Алена Жывіцкая. — І пры пераходзе на двухступеньчатую сістэму вышэйшай адукацыі трэба пакласці ў аснову не тэрміны навучання, а кампетэнцыі, якія павінен атрымаць выпускнік”.

Магістарскія праграмы павінны быць там, дзе ёсць прафесары

Як расказала начальнік галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы БДУ Людміла Міхайлаўна Хухлындзіна, у Еўропе існуюць розныя падыходы да тэрмінаў навучання на першай і другой ступенях вышэйшай адукацыі. Гэта залежыць у тым ліку ад працягласці навучання ў школе (у краінах, дзе школа 13-гадовая, навучанне ў бакалаўрыяце можа доўжыцца ўсяго тры гады). Існуюць таксама схемы 3,5+1,5, 4+2, 5+1. Ёсць краіны, дзе няма жорсткіх рамак і дапускаюцца розныя тэрміны рэалізацыі праграм.
“У Расіі падрыхтоўка па спецыяльнасцях гуманітарнага профілю вядзецца па схеме 4+2, — гаворыць Людміла Міхайлаўна — Нават у знакамітым Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін, дзе сур’ёзна вывучаюцца замежныя мовы, на першай ступені прынята чатырохгадовае навучанне. Што да прыродазнаўчанавуковых спецыяльнасцей, то там не ўсё так адназначна. Напрыклад, па такіх напрамках, як “Фундаментальная фізіка”, “Фундаментальная матэматыка”, “Фундаментальная матэматыка і інфарматыка”, існуюць інтэграваныя праграмы. Гэта значыць, што падрыхтоўка ўсіх студэнтаў вядзецца 6 гадоў і на выхадзе ўсе яны атрымліваюць дыпломы магістра. Трэба заўважыць, што такія напрамкі не масавыя, а ёсць толькі ў МДУ і Санкт-Пецярбургскім універсітэце, дзе рыхтуюць сапраўды штучных прафесіяналаў. Што да астатніх напрамкаў падрыхтоўкі прыродазнаўчанавуковага профілю, то тут Расія цалкам перайшла на схему 4+2”.
Людміла Хухлындзіна таксама паведаміла, што ў 2015 годзе расійскія ўніверсітэты выпусцяць апошніх спецыялістаў. Цяпер набор там вядзецца толькі ў бакалаўрыят. Спецыялітэт жа ў Расіі аднеслі да другой ступені вышэйшай адукацыі. “Адсюль у расіян існуе праблема, якая, дарэчы, адбіваецца і на нас, — гаворыць Людміла Міхайлаўна. — Калі малады спецыяліст жадае працягнуць сваю адукацыю ў магістратуры, то ён можа зрабіць гэта толькі на платнай аснове, бо лічыцца, што ён ужо адвучыўся на другой ступені за кошт бюджэту”.
Што да вучэбных планаў, то ў Расіі працэнт універсітэцкага кампанента значна большы, чым у Беларусі (55% на першай ступені там, 35% — у нас). І прафілізацыя бакалаўрскай падрыхтоўкі адбываецца там пераважна дзякуючы ўніверсітэцкаму кампаненту. “Расійскія калегі, аднак, расказваюць, што ёсць праблема з фарміраваннем вучэбных планаў на ўзроўні ўстаноў адукацыі, — заўважыла Людміла Міхайлаўна. — Калі з’явілася магчымасць самастойна фарміраваць вучэбныя планы, частка ўніверсітэтаў пачала рабіць гэта, зыходзячы з уласных магчымасцей, нярэдка адмаўляючыся ад складаных дысцыплін з-за адсутнасці адпаведных кадраў”.
На другой ступені вышэйшай адукацыі ў Расіі прапаноўваецца вялізная колькасць разнастайных магістарскіх праграм. “Гэта дазваляе ўніверсітэтам максімальна рэалізоўваць свой патэнцыял і надае ім больш самастойнасці. Але адначасова паказвае, што магістарскай падрыхтоўкай могуць займацца не ўсе ўніверсітэты. “Асноўнай умовай для адкрыцця магістарскіх праграм з’яўляецца наяўнасць прафесараў”, — упэўнена Людміла Хухлындзіна.

Не толькі ступень бакалаўра, але і кваліфікацыя

Рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук расказаў сваё бачанне двухступеньчатай сістэмы вышэйшай адукацыі.
“Мы ўважліва прааналізавалі вопыт іншых краін, — гаворыць Аляксандр Іванавіч. — Напрыклад, у Казахстане вышэйшая педагагічная адукацыя чатырохгадовая. Пасля заканчэння навучання на першай ступені выпускнікам прысвойваецца акадэмічная ступень бакалаўра, што дае ім права пачаць прафесійную дзейнасць ва ўстановах адукацыі ў якасці стажора (1 год). Такая стажыроўка з’яўляецца абавязковай для ўсіх выпускнікоў педагагічных універсітэтаў (прыкладна, як у медыкаў, якія павінны праходзіць інтэрнатуру). Міністэрствам працы дакладна прапісаны пасады, якія можа займаць бакалаўр.
Магчыма, і ў нас трэба прапісаць, што бакалаўр можа працаваць у дашкольных установах, пачатковай і базавай школе, а таксама на старшай ступені, — прадоўжыў Аляксандр Іванавіч. — Але ў гімназіях, ліцэях, дзе вучацца дзеці з больш высокім узроўнем, і тым больш у каледжах і ўніверсітэтах павінны выкладаць магістры. Ва ўсім свеце магістры атрымліваюць большую зарплату, чым бакалаўры, — гэта стымулюе людзей займацца самаадукацыяй і рухацца па кар’ернай лесвіцы. Аднак пры гэтым не трэба думаць, што бакалаўр — недавучаны спецыяліст. Калі ёсць дакладныя вучэбныя праграмы, прапісаны дысцыпліны і кампетэнцыі, якія павінен асвоіць бакалаўр, ёсць наменклатура пасад, якія ён можа займаць, то хіба могуць быць пытанні да яго кваліфікацыі? Пытанне толькі ў тэрміналогіі. Але паколькі мы знаходзімся ў адзінай эканамічнай прасторы з Расіяй і Казахстанам, хочам у Балонскі працэс і імкнёмся да пашырэння экспарту адукацыйных паслуг, то варта назваць першую ступень вышэйшай адукацыі бакалаўрыятам”.
Аляксандр Жук заўважыў, што ў замежных дыпломах, як правіла, не прапісваецца кваліфікацыя выпускніка, а толькі ступень бакалаўра. “Але нішто не забараняе нам указваць у дыпломе выпускніка не толькі ступень, напрыклад “бакалаўр педагогікі”, але і кваліфікацыю (“настаўнік матэматыкі” ці “выхавальнік дашкольнай установы”), бо гэта больш звыкла для нашых работадаўцаў”, — сказаў А.І.Жук.
Вялікі рэзерв пры пераходзе на двухступеньчатую сістэму вышэйшай адукацыі даюць універсітэтам інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі і стварэнне электронных вучэбна-метадычных комплексаў. Вельмі шмат матэрыялу можна даць студэнтам у электронным выглядзе і адысці ад вялікай колькасці лекцый, якія раней былі асноўнай формай правядзення заняткаў. “У заходніх універсітэтах лекцыі займаюць мінімум часу, бо ў студэнтаў ёсць гатовыя канспекты, а таму больш часу аддаецца праектнай дзейнасці і кансультацыям прафесараў, — гаворыць Аляксандр Іванавіч. — Мы таксама павінны больш актыўна выкарыстоўваць магчымасці сучасных адукацыйных тэхналогій, што дазволіць узмацніць практычную падрыхтоўку бакалаўраў”.
А.І.Жук прапанаваў таксама абмеркаваць, што рабіць з магістратурай: пакінуць, як і было, два тыпы магістратуры (навуковую і практыкаарыентаваную) ці ўсё ж зрабіць адзіную магістратуру, але даць магістрантам права па іх жаданні здаць кандыдацкія экзамены ў перыяд навучання. “Атрымліваецца, што, кардынальна дзелячы магістратуру на навуковую і практыка-арыентаваную, мы часам не можам ажыццявіць якасны набор ні туды, ні сюды, — заўважыў Аляксандр Жук. — І магістрантаў гэта напружвае, бо адны хочуць здаваць кандыдацкія экзамены, а для другіх лепш было б напісаць больш сур’ёзную магістарскую дысертацыю, чым марнаваць паўгода ці больш на падрыхтоўку і здачу экзаменаў. Таму ў кодэксе варта прапісаць проста магістратуру як другую ступень вышэйшай адукацыі з пэўнымі тэрмінамі, а ўжо за межамі кодэкса вызначыць сітуацыю з кандыдацкімі экзаменамі”.
Аляксандр Жук таксама падтрымаў меркаванне, што магістарскія праграмы трэба рэалізоўваць там, дзе ёсць адпаведныя кадры: дацэнты, прафесары, базы практык і г.д. У адваротным выпадку можна дапусціць прафанацыю магістратуры. “Зразумела, усе ўніверсітэты хацелі б мець магістратуру, але калі гаворка там ідзе ўсяго пра некалькі чалавек, то наўрад ці варта гэта рабіць. Магістратуры трэба адкрываць у вядучых універсітэтах”, — заўважыў Аляксандр Іванавіч.

Работадаўцам важна, якімі кампетэнцыямі валодае выпускнік

Рэктар БНТУ Барыс Міхайлавіч Хрусталёў апаніраваў удзельнікам нарады, заявіўшы, што не па ўсіх спецыяльнасцях магчыма навучанне ў бакалаўрыяце і адмаўляцца ад спецыялітэту нельга.
“Узяць, напрыклад, спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, — гаворыць Барыс Міхайлавіч. — Гэта высотныя будынкі, у тым ліку небаскробы, якія ў нас хутка з’явяцца, прамысловыя цэхі і збудаванні самага рознага прызначэння. Спецыяльнасць уключае ў сябе вельмі складаныя дысцыпліны, такія як “Тэорыя машын і механізмаў”, “Будаўнічая цеплафізіка”, “Супраціўленне матэрыялаў” і г.д., і асвоіць іх у поўным аб’ёме за чатыры гады немагчыма. Такіх спецыяльнасцей многа, і нельга ставіць іх у адзін шэраг з гуманітарнымі”.
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч пагадзіўся, што трэба разгледзець і такі варыянт, калі навучанне вядзецца па шасцігадовых інтэграваных праграмах і ўсім выпускнікам прысвойвацца ступень магістра. Сюды можна аднесці фундаментальныя прыродазнаўчанавуковыя, складаныя тэхнічныя і медыцынскія спецыяльнасці. Але пры гэтым Сяргей Аляксандравіч не падтрымаў думку, што бакалаўры саступаюць спецыялістам па ўзроўні падрыхтоўкі.
“Бакалаўрыят якраз і вызначаецца моцнай фундаментальнай падрыхтоўкай, — заўважыў ён. — Ступень бакалаўра ў галіне тэхнікі і тэхналогіі азначае, што чалавек мае вельмі добрую агульнатэхнічную і агульнатэхналагічную базу. На жаль, многія сёння стаяць на пазіцыях 20-гадовай даўнасці і спрабуюць развесці бакалаўраў і спецыялістаў, а нам неабходна аб’яднаць гэтыя паняцці. Сучасны бакалаўр мае высокі ўзровень фундаментальнай падрыхтоўкі і адначасова валодае тымі кампетэнцыямі, якія запатрабаваны на рынку працы. Параўнайце, напрыклад, выпускніка казахскага бакалаўрыята з нашым спецыялістам і вы ўбачыце, што яны могуць выконваць аднолькавую работу, але бакалаўр пры гэтым будзе мець яшчэ большыя магчымасці для працаўладкавання, бо яго ступень зразумелая работадаўцам усяго свету.
Практыка паказвае, — прадоўжыў міністр, — што нашы спецыялісты часта не працуюць па сваёй вузкай спецыяльнасці, але, дзякуючы фундаментальнай базавай падрыхтоўцы, могуць перамяшчацца на рынку працы. А бакалаўрыят у гэтым сэнсе яшчэ больш рацыянальны”.
Сяргей Аляксандравіч паведаміў, што ўжо сёння ў рамках існуючых вучэбных планаў і стандартаў можна лічыць, што беларуская сістэма вышэйшай школы адпавядае міжнародным падыходам. Але першая ступень адназначна патрабуе перайменавання. “У міжнароднай практыцы першая ступень называецца бакалаўрыятам, і нам таксама трэба ісці гэтым шляхам,— заўважыў міністр. — Мы прапаноўваем арганізаваць навучанне па гуманітарных і большасці прыродазнаўчанавуковых спецыяльнасцей па схеме 4+2, а ў некаторых выпадках — 5+1”.
Рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Іван Міхайлавіч Жарскі таксама заўважыў, што ў кодэксе можна пазбегнуць жорсткіх рамак: “Адукацыйныя праграмы першай ступені павінны быць разлічаны не толькі на 4, але і на 4,5—5 гадоў, калі гэта патрэбна. А што да тэрміналогіі, то работадаўцам усё роўна, як называецца выпускнік. Для іх важна, каб узровень кампетэнцый, якімі валодае малады спецыяліст, не знізіўся”.
“Нашы работадаўцы гатовы да таго, што ў нас будзе бакалаўрыят, — гаворыць рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзімір Мікалаевіч Шымаў. — Але ва ўсіх нарматыўных дакументах, у тым ліку ў класіфікатары, павінны быць прапісаны пасады, якія могуць займаць бакалаўры. Пры гэтым ступень бакалаўра павінна прысвойвацца па напрамках падрыхтоўкі з абавязковым прысваеннем кваліфікацыі, тады мы пазбегнем той праблемы, з якой сутыкнуліся на Захадзе. І я падтрымліваю, што ў кодэксе неабходна прапісаць дыяпазон адукацыйных праграм: 4-5 гадоў на першай ступені. Гэта дазволіць дыферэнцыраваць падрыхтоўку кадраў нават па самых складаных спецыяльнасцях”.
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч падзякаваў усім удзельнікам дыскусіі і выказаў спадзяванне, што будзе выпрацаваны аптымальны варыянт кодэкса, які стане праца-ваць на беларускую эканоміку і на павышэнне прэстыжу айчыннай вышэйшай адукацыі.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.