Баль! Баль! Баль!

- 14:37Адукацыйная прастора
bal

Баль… Пры гэтым слове ўяўленне малюе цудоўную залу, асветленую тысячамі свечак, з галантнымі кавалерамі і сарамлівымі дамамі ў пышных уборах, бясконцае кружэнне пар у танцы і такія ж бясконцыя свецкія размовы. На працягу стагоддзяў балі былі важнай часткай жыцця людзей. З цягам часу ўрачыстасць баляў змянілася дыскатэкамі і вечарынамі, але і ў наш час ёсць для яго месца. І калі ён праводзіцца, то становіцца падзеяй асаблівай. Так, на Дзяржыншчыне балі настолькі спадабаліся дзецям і дарослым, што сталі не толькі традыцыйным, але і брэндавым адукацыйным мерапрыемствам.

bal1У гэтым годзе баль у Дзяржынскім раёне прайшоў 15-ы раз. Мерапрыемства пачыналася як баль літаратурных герояў, а перарасло ў раённае свята “Баль! Баль! Баль!”. Для ўдзелу ў ім установы адукацыі рыхтуюць тэатралізаваныя замалёўкі па матывах літаратурных твораў. Літаральнае цытаванне твораў неабавязковае, выступленні могуць быць інтэрпрэтацыяй сюжэта, могуць спалучаць некалькі твораў адной тэматыкі, могуць быць створанымі натхненнем ад пэўнага твора, асновай прадстаўлення можа стаць нават уласна створанае апавяданне ці п’еса з удзелам героя класічнай літаратуры. Словам, прастора для творчасці бясконцая. Абавязковая ўмова — у выступленне павінны быць уключаны танцы. Які ж баль без вальса, паланэза ці мазуркі? Таксама неабходна правільна адлюстраваць эпоху, абраную для паказу, прадэманстраваць веданне норм і правіл этыкету стагоддзя і наогул стварыць атмасферу балю.

bal2Кожны год навучэнцы ўстаноў адукацыі Дзяржыншчыны ствараюць шыкоўныя пастаноўкі, знаходзячы новыя творчыя хады, цікава інтэрпрэтуючы ўсім вядомы літаратурны матэрыял і знаёмячы з малавядомымі цікавымі творамі. І гэты год не быў выключэннем. Каманда сярэдняй школы № 1 Фаніпаля адправіла гледачоў у тэатральнае падарожжа ў ХV стагоддзе і прадставіла іх увазе гісторыю жыцця і кахання Соф’і Гальшанскай і Уладзіслава ІІ Ягайлы. Школьнікі і педагогі з Фаніпаля стварылі неверагоднай прыгажосці касцюмы і паказалі танцы эпохі Сярэднявечча. Яшчэ адну гісторыю кахання — Аляксанда Пушкіна і Наталлі Ганчаровай — увасобілі на сцэне навучэнцы гімназіі Фаніпаля. Драматычная паэма А.Дударава “Чорная панна Нясвіжа” натхніла каманду гімназіі Дзяржынска: на сцэне ў танцы кружыліся Барбара Радзівіл, кароль Жыгімонт, каралева Бона. Артысты сярэдняй школы № 2 Дзяржынска перанеслі гасцей мерапрыемства ў Англію XVI стагоддзя, дзе разгортваліся падзеі рамана Марка Твэна “Прынц і жабрак”. Каб быць максімальна пераканаўчымі, школьнікі развучылі і прадэманстравалі танцы алеманду і бранль. А каманда гімназіі № 1 Дзяржынска спалучыла разам трагедыю У.Шэкспіра “Рамэа і Джульета”, рок-оперу А.Рыбнікава “Юнона і Авось” і знакамітую песню “Кацюша”, стварыўшы музычна-літаратурную кампазіцыю “З каханымі не расставайцеся”. Цікавую ідэю рэалізавалі навучэнцы Навасёлкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы: прадстаўлены “Баль у Кастравіцкіх” яны стварылі на аснове краязнаўчых матэрыялаў малой радзімы і прымеркавалі да 150-годдзя з дня нараджэння Каруся Каганца.

Важна, што баль літаратурных герояў — гэта не проста забава. Падрыхтоўка да мерапрыемства дае магчымасць дзецям развівацца творча і інтэлектуальна. Каб знайсці тэму, трэба прачытаць шмат твораў, выбраць, абмеркаваўшы, адзін з мноства эпізодаў. Безліч інфармацыі неабходна вывучыць, каб годна раскрыць абраную тэму: як апраналіся ў тыя часы, якія танцы выконвалі ў тую эпоху на балях, як сябе паводзілі. Для гэтага даводзіцца паглыбіцца і ў гістарычную навуку. Творчага падыходу патрабуе стварэнне сцэнарыя, касцюмаў, дэкарацый, выбар музыкі. А каб увасобіць задуманае на сцэне, патрэбны артыстычныя здольнасці. І, канечне, развівае і выхоўвае развучванне велічных, урачыстых танцаў.

— Вельмі радуе, што гэтае мерапрыемства любяць навучэнцы, ім жывуць школы. Прыемна назіраць, як дзеці беражліва ставяцца да гістарычнай і літаратурнай спадчыны, як пазнаюць саміх сябе праз творчасць, — расказвае Вацлаў Іванавіч Матусевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама. — Гэтае мерапрыемства значнае, бо ў яго аснове — выхаванне духоўнасці. Сёння школа павінна быць астраўком духоўнасці, мы павінны закладваць фундамент сацыяльнай сталасці, прывіваць моладзі сапраўдныя маральныя каштоўнасці.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.