Баланс інтарэсаў

2 кастрычніка пачала работу пятая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. На парадак дня сесіі вынесены больш за 20 законапраектаў.

Якія з іх рыхтуе да разгляду Пастаянная камісія па адукацыі, культуры і навуцы, нашым чытачам расказвае дэпутат Аксана Уладзіміраўна НЯХАЙЧЫК.

— Унашай профільнай камісіі ў стадыі падрыхтоўкі ў другім чытанні знаходзяцца 3 законапраекты: “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях бяспекі генна-інжынернай дзейнасці”, “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прававой аховы тапалогій інтэгральных мікрасхем” і “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах”.

Акрамя таго, на найбліжэйшых пасяджэннях сесіі будзе разгледжана да ратыфікацыі пагадненне аб парадку кіравання аўтарскімі і сумежнымі правамі на калектыўнай аснове. Над двума гэтымі ўзаемазвязанымі дакументамі працуе наша камісія. Работа над любым законапраектам вядзецца на пасяджэннях рабочых груп, у час выязных мерапрыемстваў, дзе вывучаецца практычнае прымяненне таго ці іншага дакумента і непасрэдна тыя змяненні і дапаўненні, якія прапаноўваюцца ў ходзе абмеркавання. Законапраект аб аўтарскім праве і сумежных правах дастаткова складаны і супярэчлівы, таму што ён закранае інтарэсы ўдзельнікаў аўтарскага і сумежных правоў. З улікам гэтага трэба прытрымлівацца балансу інтарэсаў, каб, з аднаго боку, правы аўтараў і праваўладальнікаў былі абаронены, а з другога — каб доступ да іх інтэлектуальнай уласнасці ў нашых людзей быў максімальна магчымым. Для распрацоўкі законапраекта была створана рабочая група, якую я ўзначальваю. У яе склад увайшлі члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, вучоныя, якія займаюцца праблематыкай права інтэлектуальнай уласнасці, прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных органаў і арганізацый, што праводзяць дзяржаўную палітыку ў галіне аховы правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў — Беларускага саюза кампазітараў, Саюза пісьменнікаў Беларусі і інш.

Хачу адзначыць, што ў першым чытанні законапраекта дэпутатамі і самімі праваўладальнікамі падтрымана прапанова Міністэрства адукацыі па пашырэнні выпадкаў свабоднага карыстання творамі ў сферы адукацыі. У прыватнасці, артыкул 36 законапраекта прапанавана дапоўніць пунктам, згодна з якім дапускаецца ўзнаўленне і распаўсюджванне ў складзе вучэбных выданняў, якія прызначаны для выкарыстання ў адукацыйным працэсе, малааб’ёмных твораў, а таксама частак правамерна абнародаваных твораў у аб’ёме, апараўданым адукацыйнай мэтай, з абавязковым указаннем аўтараў і крыніц запазычання. Пры гэтым аўтарскія ўзнагароджанні выплачвацца не будуць. Аўтарская супольнасць падтрымала гэтую пазіцыю.

Таксама ў законапраект уключаны палажэнні, згодна з якімі пашыраецца магчымасць свабоднага доступу да твораў, якія ахоўваюцца аўтарскім правам, у інтарэсах невідушчых і тых, хто слаба бачыць, а таксама іншых асоб з абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную прадукцыю. Маецца на ўвазе выкарыстанне так званай зразумелай мовы для такой катэгорыі грамадзян. Гэта было прапанавана Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам для таго, каб частку твораў выдаваць у фармаце зразумелай мовы. Такая пазіцыя адпавядае і палажэнням Маракешскага дагавора, да якога Рэспубліка Беларусь плануе далучыцца ў найбліжэйшы час.

Адным з найбольш складаных пытанняў, што патрабуюць вырашэння, з’яўляецца выкананне аўтарскага і сумежных правоў пры распаўсюджванні тэлевізійных праграм, якія ўключаны ў абавязковы пакет. Аператары электрасувязі, згодна з Законам “Аб сродках масавай інфармацыі”, абавязаны забяспечыць распаўсюджванне ў сваіх сетках тэлепраграм, уключаных у абавязковы агульнадаступны пакет, пры гэтым яны не маюць права ўносіць якія-небудзь змяненні ў змест распаўсюджаных тэлепраграм. Цяпер артыкул законапраекта прадугледжвае, што калі кабельныя аператары не прыўносяць якіх-небудзь змяненняў у гэтыя тэлевізійныя праграмы, то яны вызваляюцца ад выплаты кампенсацыі праваўладальнікам. Пры гэтым вызваленне аператараў электрасувязі ад такога віду адказнасці не пазбаўляе аўтараў і іншых праваўладальнікаў магчымасці прымянення іншых мер абароны сваіх выключных правоў, а таксама права на справядлівае ўзнагароджанне праз сістэму калектыўнага кіравання маёмаснымі правамі.

Законапраект накіраваны на больш поўнае і сістэмнае прававое рэгуляванне адносін, звязаных з аховай аб’ектаў аўтарскага права і сумежных правоў і вырашэнне праблемных пытанняў у гэтай сферы.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.