Балельшчыкі з абмежаванымі магчымасцямі змогуць з камфортам назіраць за спартыўнымі баталіямі

- 12:03Інфармацыйная гадзіна

Больш за 3 тысячы білетаў на II Еўрапейскія гульні будзе рэалізавана людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Пра гэта расказала ў Нацыянальным прэс-цэнтры вядучы спецыяліст аддзела па рабоце са спонсарамі і білетнай праграме ўпраўлення па маркетынгу, камерцыйных пытаннях і рэкламе фонду “Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года” Алена Сацюк.

“Усяго будзе рэалізавана больш за 3 тысячы білетаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Цана на іх складзе 10 працэнтаў ад агульнага кошту білетаў. Гэта дасць магчымасць зменшыць колькасць забраніраваных, але невыкупленых месцаў. Каб пазбегнуць спекуляцый пры продажы білетаў, распрацавана двухступеньчатая сістэма рэгістрацыі. Трэба запоўніць анкету, і на працягу 48 гадзін пасля гэтага з пакупніком звяжуцца работнікі, якія дамовяцца пра больш зручны спосаб перадачы гэтых білетаў балельшчыку”, — расказала Алена Сацюк.

На спартыўных аб’ектах II Еўрапейскіх гульняў для інвалідаў-калясачнікаў, людзей з аслабленым зрокам і парушэннем апорна-рухальнага апарату прадугледжаны спецыяльныя месцы, якія дадуць магчымасць з камфортам назіраць за спартыўнымі баталіямі.

У праграме II Еўрапейскіх гульняў будуць праведзены спаборніцтвы па 15 відах спорту, прычым у 8 з іх спаборніцтвы стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа (Японія). На мультыспартыўным форуме ў Мінску спаборніцтвы па бадмінтоне, боксе і дзюдо пройдуць у статусе чэмпіянатаў Еўропы. Усяго будзе задзейнічана 12 спартыўных аб’ектаў, уключаючы найбуйнейшыя — Нацыя­нальны алімпійскі стадыён “Дынама”, “Мінск-Арэна”, “Чыжоўка-Арэна”, Палац спорту. Больш за 4 тысячы спартсменаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў узнагарод.