Да апошняга званка засталося крыху менш, чым два тыдні. Скончыцца чарговы навучальны год, які разам з тым меў свае адметнасці. Яны найперш тычыліся работы настаўнікаў замежных моў, на плечы якіх лёг асноўны цяжар па падрыхтоўцы выпускнікоў да абавязковага выпускнога экзамену. Але з педагогамі актыўна ўзаемадзейнічалі і метадычныя службы, пачынаючы ад раённых і заканчваючы рэспубліканскімі.
У дапамогу школьным настаўнікам актыўна працавалі спецыялісты Міністэрства адукацыі. Неацэнны ўклад у распрацоўку зместу экзамену зрабіў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Некаторы час назад былі выдадзены экзаменацыйныя білеты, якія сталі завяршальным акордам у працэсе падрыхтоўкі і тэмай нашай чарговай гутаркі з настаўнікамі.
З’явіліся своечасова
Святлана Іванаўна Жыткевіч, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў іспанскай мовы, настаўніца іспанскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска, адзначыла, што паяўленне экзаменацыйных білетаў супакоіла і настаўнікаў, і навучэнцаў.
— Экзаменацыйныя білеты з’явіліся вельмі своечасова. Нашы настаўнікі якраз былі на семінары, арганізаваным Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі і прысвечаным арганізацыі і правядзенню выпускнога экзамену. Мы ўжо ведалі, што білеты з’явіліся ў продажы. Гэта было ў канцы сакавіка, падчас канікул, таму быў час на азнаямленне і асэнсаванне атрыманай інфармацыі. Дзеці набылі зборнікі білетаў на пачатку чацвёртай чвэрці.
Увогуле з экзаменацыйнымі матэрыяламі мы працуем з другой чвэрці і складзены яны ў адпаведнасці з прадметна-тэматычным зместам, які ўказаны ў адукацыйным стандарце і вучэбнай праграме. Частку экзаменацыйнага матэрыялу мы адпрацоўвалі ў межах вучэбнай праграмы, частку — за кошт ушчыльнення гэтай праграмы, а частку матэрыялу прапаноўвалі адпрацоўваць навучэнцам самастойна і толькі правяралі ў класе. Для тых, хто прапусціў многа заняткаў з-за хваробы, праводзяцца падтрымліваючыя заняткі.
Тэхнічныя магчымасці нашай гімназіі дазваляюць праводзіць паўнацэнныя заняткі з відэа- і гукавым суправаджэннем. Кожны наш вучань можа займацца аўдзіраваннем у індывідуальным рэжыме.
Калі гаварыць пра арганізацыю нязмушанай гаворкі, якая павінна гучаць на кожным уроку, то і тут нашы педагогі звяртаюцца да самых розных форм работы. Вучні працуюць у парах, групах, індывідуальна, калі самі задаюць пытанні і самі ж на іх адказваюць. Цяпер, у чацвёртай чвэрці, больш звяртаемся да ўрокаў-залікаў, стараючыся максімальна наблізіць іх да экзаменацыйных умоў. На такіх уроках навучэнцы трэніруюцца, а настаўнікі могуць прасачыць за праблемамі, якія ўзнікаюць, і своечасова адкарэкціраваць памылкі.
Акрамя таго, такія ўрокі дапамагаюць вызначыць аптымальную паслядоўнасць этапаў выпускнога экзамену. Выпускнікі не аднолькава ўпэўнены ў сабе на кожным этапе маўленчай дзейнасці. Напрыклад, у мяне таксама ёсць 11 клас, дзе вучацца дзеці, якім зручней адказваць аўдзіраванне адразу пасля праслухоўвання тэксту. І для гэтых дзяцей мы арганізуем зручны для іх варыянт. Канечне, мы стараемся прыкладаць максімум намаганняў, каб хаця б у некаторай ступені нівеліраваць той стрэс, які перажываюць нашы выпускнікі.
Трэба адзначыць, што паяўленне экзаменацыйных білетаў супакоіла нашых адзінаццацікласнікаў. І на гэта ёсць некалькі прычын: тэксты скарэкціраваны па аб’ёме (дагэтуль некаторыя былі вялікія, а некаторыя, наадварот, малыя), не перагружаны лічбавымі данымі.
Пэўныя карэкціроўкі былі зроблены і ў тэмах, што прапаноўваюцца для вуснай размовы. Некаторых ужо проста няма, а некаторыя спрасцілі. Напрыклад, адна з тэм першапачаткова гучала “Грошы. Пакупкі”, а цяпер гэта проста “Пакупкі”. Акрамя таго, прапануецца пазбягаць двайных пытанняў, накшталт, “Якія пакупкі ты рабіў у апошні час? Колькі яны каштавалі?”. Пры рабоце з тэкстам дазваляецца павялічыць спіс незнаёмай лексікі. Усе гэтыя моманты і даюць падставы для таго, каб супакоіцца самім і супакоіць дзяцей. Увогуле білетамі мы задаволены, — падсумавала Святлана Іванаўна Жыткевіч.
Стымул для асобаснага росту
Ларыса Валянцінаўна Расветалава, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 3 Барысава, да выпускнога экзамену па англійскай мове сваіх падапечных рыхтуе з моманту абвяшчэння пра яго, таму, зразумела, усе дапаможныя матэрыялы, якія выходзілі апошнім часам, успрымае з энтузіязмам.
— Навіна пра абавязковы выпускны экзамен па замежнай мове не была для мяне нечаканай. Да яе я паставілася вельмі станоўча, бо экзамен — гэта выдатны стымул для асобаснага росту кожнага школьніка, асабліва калі веданне замежнай мовы становіцца жыццёвай неабходнасцю.
Як вядома, аб’ектам выніковай атэстацыі з’яўляецца камунікатыўная кампетэнцыя. І матэрыялы для падрыхтоўкі да экзамену, распрацаваныя Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам, з’яўляюцца сучасным вучэбным дапаможнікам. Якасныя дыдактычныя матэрыялы, гуказапісы вельмі дапамагаюць фарміраваць у навучэнцаў уменні разумець, успрымаць вуснае маўленне на слых, а таксама ўменне выказваць свой пункт погляду.
У гэтай сувязі хочацца сказаць вялікі дзякуй распрацоўшчыкам гэтых матэрыялаў, якія для кожнага з нас стануць імпульсам стварэння ўласнага банка экзаменацыйных ідэй.
Канечне, усе існуючыя матэрыялы для падрыхтоўкі да экзамену я выкарыстоўваю ў сваёй педагагічнай дзейнасці. І штораз пераконваюся, што мае вучні да выпускнога экзамену гатовы. Апярэджваючы ваша пытанне: “Чаму?” хачу сказаць, што падрыхтоўка да экзамену — гэта шматгадовая праца настаўніка і яго вучняў. Мае цяперашнія адзінаццацікласнікі яшчэ ў трэцім класе выкарыстоўвалі ў маўленні прошлы, будучы час.
Акрамя таго, на паспяховасць здачы выпускнога экзамену аказваюць уплыў вучэбныя гадзіны. У гімназіі, як вядома, на вывучэнне адводзіцца 5 гадзін плюс факультатыўныя заняткі. Гэта, канечне, вялікая дапамога.
Яшчэ адной умовай паспяховасці з’яўляецца тое, што на працягу ўсіх гадоў ва ўсіх класах мы карысталіся поўным камплектам вучэбных дапаможнікаў па англійскай мове. Гэта падручнік, рабочы сшытак, абавязкова гуказапісы, кніга для чытання. Калі апошняй не было, то пэўны адпаведнік шукала ў бібліятэцы. Лічу, што ўрокі класнага чытання, а таксама дамашняга, вельмі неабходны для фарміравання ўменняў разумець прачытанае, выказваць сваё меркаванне наконт прачытанай інфармацыі. Гэта з’яўляецца адной з абавязковых умоў для фарміравання дыялагічнага і маналагічнага маўлення.
Шматгадовыя заняткі па дамашнім чытанні цяпер даюць магчымасць маім навучэнцам свабодна разумець тэксты, дадзеныя на экзамен. І апошняй прычынай падрыхтаванасці да экзамену з’яўляецца маўленчая накіраванасць урокаў. Я заўсёды імкнулася да таго, каб мае ўрокі былі менавіта такімі. У нас былі праекты з прэзентацыямі, дыспуты, канферэнцыі.
Што тычыцца білетаў, то мне яны падабаюцца. Адзінае, можна было б змяніць некаторыя пытанні па тэмах, але гэта не прынцыпова. Мае вучні да білетаў паставіліся станоўча, таму цяпер мы чакаем самога экзамену, — сказала Ларыса Валянцінаўна Расветалава.
Аднолькавы для ўсіх
Вучні Ганны Васіл’еўна Рошчанка, настаўніцы нямецкай мовы сярэдняй школы № 7 Брэста, таксама да выпускнога экзамену гатовы, але, па меркаванні педагога, выпускнікі школ і гімназій знаходзяцца не ў роўных умовах.
— Сёлетні выпускны экзамен па замежнай мове будуць здаваць выпускнікі ўсіх агульнаадукацыйных устаноў краіны. Зборнік білетаў аднолькавы для ўсіх, а гэта значыць, што ўсе маюць аднолькавую падрыхтоўку. Хаця, як вядома, гімназісты і звычайныя школьнікі падрыхтаваны па-рознаму. У першую чаргу таму, што ў гімназіі на вывучэнне замежнай мовы адводзіцца 5 гадзін, а ў школе — тры.
У выніку на практыцы для адных выпускнікоў білеты будуць простымі, а для другіх — не вельмі. У нашай школе ёсць выпускнікі, якія некалі пачыналі вывучаць замежную мову на паглыбленым узроўні (я працую якраз у такім класе). І для іх зборнікі білетаў не сталі прычынай стрэсу, бо яны падрыхтаваны.
Але пра выпускнікоў звычайных класаў гэтага не скажаш. Не ведаю, як будзе далей, але мне здаецца, што пэўная дыферэнцыяцыя павінна быць, каб выпускнікі ўсіх навучальных устаноў былі ў аднолькавых умовах. Зразумела, гімназісты будуць падрыхтаваны лепш, а крытэрыі ацэньвання аднолькавыя для ўсіх.
Тым не менш мы ў сваёй школе стараемся рабіць усё магчымае для таго, каб нашы выпускнікі прайшлі праз экзамен дастойна. На базе нашай гімназіі быў праведзены вучэбны семінар для намеснікаў дырэктараў, педагогаў, дзе адпрацоўвалася тэхніка правядзення выпускнога экзамену. Такі ж семінар праводзіўся і для кіраўнікоў устаноў сярэдняй адукацыі Брэста. Каб настроіць дзяцей на іспыт, у сваёй школе арганізоўвалі для іх пробныя экзамены. І мы дасягнулі таго, што яны не баяцца выпрабавання. Акрамя таго, мы вызначыліся з парадкам правядзення выпускнога экзамену. Спачатку ў нас будзе аўдзіраванне, затым работа з тэкстам, а пасля гаворка па сітуацыі.
Канечне, з’яўленне білетаў супакоіла, бо мы ведаем, чаго чакаць. А насамрэч, мне здаецца, што да экзаменаў па іншых прадметах — па матэматыцы, фізіцы ці хіміі падрыхтавацца значна складаней, чым па нямецкай мове. Калі ты валодаеш ёй на добрым узроўні, то экзамен пройдзе паспяхова.
Вывучыць нямецкую мову за апошнія паўгода немагчыма, таму калі навучэнец старанна вучыў яе на працягу некалькіх гадоў, то экзамен не будзе для яго праблемай.
Пытанні застаюцца
У гімназіі № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля да экзамену рыхтуюцца напружана. І гэта нягледзячы на наяўны вопыт па яго арганізацыі і правядзенні. Ад экзаменацыйных матэрыялаў, па словах Віктара Канстанцінавіча Смольскага, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніка французскай мовы гімназіі, адчуванне дваякае:
— З аднаго боку, білетамі мы задаволены, бо нічога не трэба рыхтаваць самім. Паколькі ў нашай гімназіі дзеці штогод здавалі экзамен па замежнай мове, то даводзілася генерыраваць экзаменацыйныя ідэі, рыхтуючы поўны экзаменацыйны пакет.
А з іншага боку, узнікаюць неадназначныя ўражанні ад тэкстаў для чытання. Ёсць такое паняцце, як каліброўка тэкстаў. Гэта значыць, што ўсе тэксты павінны быць прыблізна аднолькавай ступені складанасці. Экзаменацыйны білет не павінен быць накшталт латарэйнага: пашчасціць з тэкстам ці не.
Што тычыцца астатніх экзаменацыйных этапаў, то, думаю, у нашых навучэнцаў асаблівых складанасцей не ўзнікне. Хаця, канечне, выпускнікам школ невялікіх гарадоў і вёсак будзе няпроста.
Калі гаварыць непасрэдна пра білеты, то ёсць пытанні па фармаце вуснага маўлення. Ідэя гэтага экзаменацыйнага тура — свабодная гаворка на аснове камунікатыўных навыкаў, а яны яшчэ не сфарміраваны. Вельмі няпроста перайсці на патрэбны фармат, калі дагэтуль патрабавалася ўзнаўленне інфармацыі па пэўнай тэме. Вось гэтую свабоду ў маўленні даць вучню адразу не атрымліваецца, таму, напэўна, гэты экзаменацыйны этап будзе больш нагадваць гульню ў камунікацыю. Прычым паспяхова згуляць у гэтую гульню зможа толькі адна трэць выпускнікоў. Астатнія дзве трэці будуць узнаўляць інфармацыю.
Кожная маўленчая сітуацыя ўтрымлівае 5 мікрапытанняў, а такіх сітуацый 25. І за такі кароткі час прапрацаваць 125 мікрапытанняў, якія сфармуляваны ў білетах, вельмі няпроста. Дарэчы, у суправаджальных дакументах па правядзенні экзамену гаворыцца, што гэтыя пяць мікрапытанняў для гімназістаў трэба ўскладняць, каб яны маглі праявіць увесь спектр сваіх ведаў. Такая работа павінна праводзіцца на ўзроўні камісіі.
Але адзнакі ў атэстатах гімназістаў гэтага не адлюструюць, хаця, напрыклад, васьмёрка гімназіста і звычайнага школьніка — гэта дзве розныя адзнакі.





