Банк развіцця застаецца для ўрада важным інструментам у эканоміцы

- 10:51Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас не выключае з’яўлення новых функцый у Банка развіцця. Аб гэтым ён заявіў, прадстаўляючы праўленню Банка развіцця новага старшыню Андрэя Жышкевіча.

“У папярэднія гады Банкам развіцця была паднята высокая планка, як інструмент урада ён адыгрываў важную ролю ў эканоміцы, крэдытаванні дзяржпраграм, падтрымцы экспарту, рабоце з малым і сярэднім бізнесам. Зразумела, гэтыя функцыі ў банка застаюцца, іх трэба будзе развіваць, і, можа, у новага старшыні праўлення з’явяцца думкі па нейкіх новых напрамках”, — адзначыў Сяргей Румас. Гэтыя прапановы будуць абмяркоўвацца і ўносіцца на разгляд наглядальнага савета, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Кіраўнік урада звярнуў увагу, што Андрэй Жышкевіч даўно працуе ў банкаўскай сістэме. Да назначэння на пасаду старшыні праўлення ён 13 гадоў кіраваў МТБанкам, які быў партнёрам Банка развіцця як па праграме малога і сярэдняга бізнесу, так і па іншых напрамках дзейнасці. Таму Андрэй Жышкевіч добра ведае работу Банка развіцця і задачы, якія стаяць перад ім.

Старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур заўважыў, што НБ як рэгулятар нясе адказнасць за работу не толькі банкаў, але і канкрэтных кіраўнікоў. Кіраўнік дзяржавы даручыў старшыні Нацыянальнага банка яшчэ раз паглядзець на пытанні развіцця банка, які ўзначаліў Андрэй Жышкевіч. “Банк сваю нішу заняў, але ў прынцыпе мы бачым, што ёсць яшчэ напрамкі развіцця і выкарыстання банка ў інтарэсах дзяржавы. Думаю, што ў першую чаргу гэта напрамкі, звязаныя з падтрымкай нашага экспарту і, безумоўна, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва”, — лічыць Павел Калаур.

Андрэй Жышкевіч у сваю чаргу адзначыў, што рады ста ць часткай каманды Банка развіцця. “Усе свае сілы аддам на рэалізацыю задач, якія пастаўлены. Хачу, каб па-ранейшаму банк з’яўляўся для ўрада эфектыўным інструментам развіцця, для Нацбанка — узорам выканальнасці і ў цэлым адсутнасці праблем”, — сказаў Андрэй Жышкевіч, дадаўшы, што разлічвае быць для калектыву дастойным пераемнікам папярэдняга кіраўніка.