Банк заўсёды побач

- 15:49Нам пішуць

У сярэдняй школе № 2 Скідзеля вучні і настаўнікі ўзялі ўдзел у мерапрыемствах тыдня фінансавай граматнасці пад лозунгам “Грошы маюць значэнне”, накіраваных на развіццё фінансавай граматнасці: планаванне даходаў і расходаў, зберажэнне, выкарыстанне фінансавых прапаноў.

У рамках тыдня была арганізавана сустрэча вучняў 7— 8 класаў з прадстаўнікамі “Беларусбанка” А.Грэцкай і Н.Люлькевіч, якія паведамілі, што ў сучасным свеце з хуткім рытмам жыцця становіцца як ніколі актуальным выраз “Час — грошы”. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць не марнаваць час на наведванне банка для аплаты мабільнай сувязі, электраэнергіі, інтэрнэту. Дастаткова выкарыстаць сэрвісы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Прадстаўнікі банка прадэманстравалі розныя віды банкаўскіх картак і магчымасці інфакіёска, падарылі буклеты і кніжкі Беларусбанка “Грашовая азбука”.

Вучні 8—9 класаў сталі ўдзельнікамі алімпіяды, якая складалася з 60 пытанняў па розных кірунках фінансавай граматнасці. Вучні пачатковых класаў наведалі мясцовае аддзяленне “Беларусбанка”, супрацоўнікі якога расказалі пра асаблівасці працы ў банку. Вялікую цікавасць у іх выклікала выстава грошай розных краін і часоў у інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры школы.

Удзельнікі мерапрыемстваў адзначылі, што тыдзень фінансавай граматнасці — цікавая вандроўка ў свет фінансаў. Веды па фінансавай граматнасці зробяць дарослае жыццё лягчэйшым, сфарміруюць правільныя звычкі, якія дапамогуць у пытаннях эканамічнай самастойнасці, складуць аснову асабістай фінансавай бяспекі і дастатку.

Наталля САЛАВЕЙ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 Скідзеля Гродзенскай вобласці.