За сваю амаль 60-гадовую гісторыю Баранавіцкі дзяржаўны каледж тэхналогіі і дызайну неаднаразова прызнаваўся лепшай установай прафесійнай адукацыі Брэстчыны, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Па выніках мінулагодняга рэгіянальнага спаборніцтва каледж заняў 1-е месца сярод арганізацый навукі і адукацыі за дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці і быў занесены на абласную Дошку гонару. Гэта заслуга педагогаў-прафесіяналаў на чале з вопытным кіраўніком Святланай Шышынай.
— Наша ўстанова — амаль равесніца Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднання, — гаворыць дырэктар каледжа. — Калі пачалося будаўніцтва тэкстыльнага гіганта, з’явілася патрэба ў рэгіянальнай адукацыйнай базе для падрыхтоўкі адпаведных кадраў. Так пачалася гісторыя прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 5 тэкстыльшчыкаў.
Пры Святлане Шышынай каледж тройчы заносіўся на абласную Дошку гонару, а па выніках мінулага года быў прызнаны лепшай установай прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны па якаснай падрыхтоўцы кадраў.
Сёння тут атрымліваюць прафесію больш за 550 юнакоў і дзяўчат. Штогод каледж выпускае каля 200 спецыялістаў, запатрабаваных у сферы паслуг і лёгкай прамысловасці, прычым звыш 50% выпускнікоў атрымліваюць тры і больш кваліфікацыі, а чацвёрты і вышэйшы разрады маюць усе. Гэта дазваляе паспяхова канкурыраваць на рынку працы.
Ва ўстанове рыхтуюць па 6 спецыяльнасцях і кваліфікацыях: “Гандлёвая справа” (кантралёр-касір), “Эксплуатацыя ЭВМ” (аператар ЭВМ), “Страхавая справа” (страхавы агент), “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў” (швачка, кравец, закройшчык сукеначна-блузачнага асартыменту), “Тэхналогія абутковай вытворчасці” (зборшчык абутку) і “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” (цырульнік).
Сёлета на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе весціся набор па кваліфікацыях мадэльера-канструктара і тэхніка-тэхнолага, мастака-мадэльера і майстра вытворчага навучання, што пашырыць магчымасці выпускнікоў пры пошуку работы.
Дзякуючы вялікаму вопыту, каледж з’яўляецца вядучай установай прафесійнай адукацыі вобласці па спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, а таксама эксперыментальнай пляцоўкай па апрабацыі SMART-асяроддзя ў якасці мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу ў ПТНУ і ССНУ. У 2015 годзе на базе каледжа быў створаны рэсурсны цэнтр, рэарганізаваны летась у Цэнтр кампетэнцый сучасных тэхналогій у швейнай вытворчасці. Тут праходзяць падрыхтоўку навучэнцы ССНУ вобласці і студэнты БарДУ. Акрамя таго, у каледжы праводзяцца спецыяльныя курсы, разлічаныя не толькі на студэнтаў, якія хочуць у вольны час набыць дадатковую прафесію візажыста, майстра па манікюры, швачкі, вышывальшчыка, канструктара адзення і інш.
Для гэтага ва ўстанове ёсць усё неабходнае. Кабінеты і лабараторыі аснашчаны сучасным абсталяваннем, якое дазваляе на высокім метадычным узроўні праводзіць усе віды тэарэтычных і практычных заняткаў, лабараторных работ, вытворчага навучання і вучэбна-вытворчай практыкі. Матэрыяльна-тэхнічная база каледжа пастаянна папаўняецца і развіваецца, прычым не без дапамогі прадпрыемстваў краіны, якія на бязвыплатнай аснове прадастаўляюць абсталяванне і матэрыялы.
Установа вядомая не толькі высокімі вучэбнымі, але і творчымі дасягненнямі. Штогод выхаванцы каледжа становяцца прызёрамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства. У іх ліку — рэспубліканскі фестываль-конкурс “Млын моды” і міжнародныя конкурсы “Неўскія берагі”, “Ружа вятроў” і інш. Па выніках мінулагодняга XXVIII Міжнароднага фестывалю моды, мастацтва і дызайну “Адміралцейскі шпіль” ў Санкт-Пецярбургу навучэнец каледжа Павел Козін, пра якога раней пісала “Настаўніцкая газета”, атрымаў гран-пры.
Вялікую ўвагу ва ўстанове ўдзяляюць валанцёрскай дзейнасці. Так, з 2019 года тут рэалізуецца сацыяльны праект “Не побач, а разам”, у рамках якога юнакі і дзяўчаты з навукова-даследчага таварыства навучэнцаў “Веды. Пошук. Творчасць” дапамагаюць былым вязням гета: аказваюць цырульніцкія паслугі, выконваюць індывідуальныя заказы па пашыве вырабаў у вучэбным атэлье, вучаць карыстацца інтэрнэтам… Трэба адзначыць, што гэтае таварыства двойчы адзначалася прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Асаблівая гордасць — музей баявой і працоўнай славы імя 44-й гвардзейскай Баранавіцкай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі, віртуальная версія якога тройчы перамагала ў рэспубліканскім конкурсе музеяў. З мінулага года ў каледжы дзейнічае музей валанцёрскага руху, куды ахвотна прыходзяць і баранавіцкія школьнікі. Сайт каледжа двойчы станавіўся пераможцам рэспубліканскага конкурсу сайтаў.
— Мы не спыняемся на дасягнутым, знаходзімся ў пастаянным пошуку, актыўна развіваем міжнароднае супрацоўніцтва з установамі адукацыі Расіі, удзельнічаем у сумесных праектах, канферэнцыях і конкурсах. Сярод прыярытэтаў — сістэмная прафарыентацыйная работа са школьнікамі, якая дазваляе каледжу быць запатрабаваным у абітурыентаў, — падагульняе Святлана Шышына.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі