Барацьба са страхам і заўсёды форс-мажор

- 12:00Сацыяльны ракурс

Альпінізм — гэта не толькі пра экстрэмальны турызм і актыўны спорт. Альпінізм — гэта пра тое, каб знайсці ў сабе звышздольнасці і стараннасць, пра сілу волі чалавека і яго настойлівае, часам вар’яцкае жаданне пакарыць тое, што не пакараецца з першага разу. А ўзыходжанне на гару — гэта барацьба не столькі з самой гарой, колькі з непагодай — страшэннымі, пранізлівымі вятрамі і тэмпературай “мінус”, барацьба з самім сабой, сваёй слабасцю і бяссіллем, якія з’яўляюцца, калі да мэты застаюцца лічаныя сотні метраў.

Пра тое, як важна не здавацца і дайсці да канца, чаго гэта можа каштаваць і як там, на самым высокім пункце Зямлі, на вышыні 8848 метраў над узроўнем мора, расказаў Віктар ЛУТАЎ.

Від з Эверэста на вяршыню Ча-Ою.

— Віктар, вы ўсё жыццё ў спорце. З чаго ўсё пачалося?

— Калі быў маленькім, я жыў у Капылі. Мне вельмі падабалася грэка-рымская барацьба. Наогул, пашанцавала, што школа, у якой вучыўся, была вельмі спартыўная. Дырэктар, Барыс Канстанцінавіч Багдановіч, прапаведаваў спорт, ён ім жыў. Ён скараціў усе ўрокі на 5 мінут, каб мы маглі кожны дзень займацца фізкультурай. Дарэчы, у школе былі 4 спартыўныя залы і 2 стадыёны, таму ўсе вучні пастаянна хадзілі на трэніроўкі. Калі я паступіў у РТІ (цяпер БДУІР), у краіне якраз зараджалася каратэ. Безумоўна, многія студэнты пайшлі ў гэты спорт. А мне пашанцавала трапіць да легендарнага Алега Барысавіча Кірыенкі, у якога я трэніруюся да гэтага часу.

— Якой была ваша дарога ў горы?

— Я хлопчык з вёскі, які заўсёды марыў аб падарожжах. Мне мроіліся далёкія краіны, палярны круг. Дарэчы, я кіраваў лыжным паходам за палярны круг. Але гэта ўсё здарылася пасля таго, як скончыў вучобу ў інстытуце. Да гэтага грошай не было, каб нешта рабіць. У інстытуце, дарэчы, я быў выдатнікам, зоркай патоку. Пасля заканчэння вучобы паступіў у аспірантуру і ўзмоцнена трэніраваўся. Больш ніякіх забавак не было.

Наш першы паход за палярны круг, на Кольскі паўвостраў, адбыўся ў 1987 годзе, — мне тады было 24. Гэта было абсалютна спантаннае рашэнне. Спецыяльнага адзення, у якім можна паехаць у экспедыцыю, раней не было. Мы спецыяльна шылі пухоўкі, бралі з сабой брызентавую палатку. Для яе, дарэчы, слесары на заводзе рабілі нам печку, каб можна было грэцца палярнымі начамі. А ўжо за палярным кругам, каб распаліць агонь, секлі сякерай усю ноч калодачкі. Тады не было ні карэматаў (спецыяльныя турыстычныя дыванкі), ні спальных мяшкоў. Але нам было там добра, нягледзячы ні на што. Мы былі звычайнымі энтузіястамі, якім проста захацелася за палярны круг, і мы пайшлі. Пахадзілі, паглядзелі на палярныя ночы…

Я памятаю, што ехаў спачатку на цягніку Мінск — Масква, а потым перасеў на іншы, па напрамку Масква — Варкута. Калі прыехалі за палярны Урал, у зону вечнай мерзлаты, узялі каністру бензіну на запраўцы, усталі на лыжы і пайшлі ў поле, у тундру. Тэмпература паветра месцамі была да -30. Атмасфера там вельмі вільготная, вецер дзьме з боку акіяна, і ён штармавы. Усё было вельмі сурова. Вакол — возера, скалы… мёртвая пустыня. Мы азнаёміліся з жыццём палярнікаў, бачылі, як жывуць народы Поўначы. Мясцовыя жыхары нас частавалі бутэрбродамі, а мы іх — шакаладам. І так працягвалася 26 сутак. Мне, дарэчы, да гэтага часу ўсё гэта сніцца.

Віктар Лутаў у 2006 годзе стаў адным з тых беларусаў, якім пакарыліся 2 гары вышынёй больш за 8 тысяч метраў — Эверэст (8848) і Ча-Ою (8201) у Гімалаях. А яшчэ ён удзельнічаў у экспедыцыях на Нангапарбат (8126) і Броўд-пік (8051) і ўзяў многа ніжэйшых гор, хоць і не менш складаных.

— Як сябе адчувае чалавек сам-насам з дзікай прыродай, дзе ні душы? Ці былі моманты, калі асільвала істэрыка, здаралася паніка?

— Не, такога, каб асільвалі дзікая істэрыка і страх, не было. Было захапленне і супакаенне. За палярным кругам усё вельмі незвычайна, і здаецца, быццам трапляеш у кіно. Снег, бясконцыя пагоркі, ноччу — ізумруднае паўночнае ззянне… Казка! Бывае, сонца свеціць. А нас — 6 чалавек, і мы пратоптваем па гэтым беласнежным снезе дарогу. Карт тады ж не было, арыентавацца складана. Я быў у паходзе штурманам, у мяне быў компас. Ёсць такое паняцце, як папраўка на компас. Вы ведаеце, што размяшчэнне паўночнага магнітнага полюса не супадае з геаграфічным паўночным полюсам. Гэта прыводзіць да таго, што стрэлка компаса паказвае на поўнач не дакладна, а толькі прыблізна. Гэта значыць, што адхіленне можа складаць 45°, асабліва на Поўначы. І гэта дастаткова многа. Калі, напрыклад, пойдзеце ўбок на 100 кіламетраў, то трапіце бог ведае куды. А значыць, трэба было вельмі хутка прымяняць веды. Так, напісана, што адхіленне — 45°, а ў які бок? Направа або налева дадаваць гэтыя градусы? Для гэтага трэба добра ведаць геаграфію. Я ўспомніў, што магнітны полюс знаходзіцца дзесьці над Аляскай. Значыць, калі глядзім на Поўнач, ён будзе ў нас справа. Пару разоў мы там ледзь не замерзлі. Холад быў жорсткі.

— Як вы грэліся? Там жа няма з чаго паліць вогнішча.

— Так, паліць няма чаго. Мы капалі яму ў снезе, з цэглы выбудоўвалі сцяну і ўнутр ставілі палатку. Усе залазяць унутр, запальваюць прымус на бензіне (гарэлку) і топяць на ёй снег, п’юць чай, гатуюць кашу. Такі вопыт, дарэчы, потым спатрэбіўся пры ўзыходжанні на гару.

Калі прыбыў з пахода, прапанавалі пайсці на Каўказ. У мяне былі настаўнікі ў альпінізме — Яўген Ціткін і Леанід Лазоўскі. Яўген Ціткін, на жаль, загінуў на работах у шахце Салігорска. Але менавіта яны мяне заўважылі.

Першы паход быў у 1986 годзе на Заходнім Каўказе. Там, ва Узунколе, я ўпершыню трапіў летам у горы. Трэніроўка доўжылася 20 сутак, а потым здаём залік на ўзыходжанне.

Для трэніроўкі даюцца цэлыя раздзелы. Наогул, за 20 дзён ты праходзіш курс маладога байца. Надвор’е, арыентаванне, медыцына, як лазіць па снезе, лёдзе і скалах, як арганізаваць бівак і страхоўку… А потым увесь атрад, усе 50 чалавек, робяць узыходжанне. Усё тады атрымалася вельмі добра, мне ўручылі значок “Альпініст СССР”. Пасля гэтага вярнуўся дадому. Увосень было скалалажанне ў Крыме, зімой — лыжны паход, летам зноў паехалі на альпбазу Шхельда.

— Калі і як здарыўся Эверэст?

— Эверэст мы планавалі з 1998 года. Але нічога асабліва не атрымлівалася, таму што такія ўзыходжанні — гэта вельмі затратна ў плане фінансаў. Да ўзыходжання на Эверэст, дарэчы, мы хадзілі ў вялікія горы на Цянь-Шані, Паміры. Каманда была вельмі моцная, таму ўзыходжанні рабілі паспяхова. Нас было 15 чалавек, і мы маглі штурмаваць неба — так пра нас гаварыў Леанід Лазоўскі.

У 2004 годзе мы — я, мой брат Анатоль, Міхаіл Мельнікаў і Уладзімір Цяльпук — трапілі на свой першы васьмітысячнік. Гэта быў поўны трыумф. А ўжо праз год сабралі грошай з міру па нітцы і паехалі на Эверэст.

Неяк палічыў, колькі мы дабіраліся да базавага лагера пры ўзыходжанні на Броўд-пік, горную вяршыню ў Каракаруме (дванаццаты па вышыні васьмітысячнік свету). Гэта былі 14 сутак бесперапыннага руху ў адзін бок.

Базавы лагер — гэта месца, куды можна даставіць прадукты харчавання, амуніцыю, рыштунак і зрабіць пляцоўку для размяшчэння. На Эверэст гэта ўсё вязе грузавік. Ён жа вязе газавыя балоны, палаткі, абагравальнікі. Усё гэта павінна быць у дастатковай колькасці, бо на Эверэст мы заязджаем на некалькі месяцаў. Менавіта з базавага лагера здзяйсняецца выхад па сваім маршруце. На Эверэсце лагер знаходзіцца на вышыні 5000 метраў, і яшчэ чатыры тысячы метраў трэба прайсці. Мы прыходзім у лагер, адпачываем, потым паднімаемся на кіламетр, робім пляцоўку, ставім палаткі. Гэта месца называецца лагер-1. Затым зноў спускаемся ў базавы лагер, адпачываем некалькі дзён. Пасля бяром рыштунак і паднімаемся яшчэ на наступны кіламетр — там будзе лагер-2. Так разбіваецца да пяці лагераў. Затым, калі ўжо разбіты апошні лагер, мы зноў спускаемся на базу. Праз некалькі дзён пасля гэтага пачынаецца ўзыходжанне. Атрымліваецца, што праз кожны кіламетр у нас ёсць дзе спыніцца.

— Вы ўзыходзілі на Эверэст — і вось вы на ім. Што адчувалі ў той момант, калі апынуліся на самым высокім пункце планеты?

— Гэта была раніца. Мы выйшлі на вяршыню і глядзелі на прыгажосць вакол. Спраўдзілася тое, што здавалася нерэальным. Мы стаялі на вяршыні свету! Там, вядома, жудасны вецер, які літаральна зносіць з ног. Але я за той час, пакуль там стаялі, зрабіў шмат фатаграфій. Мы былі на вяршыні паўгадзіны, а потым пачалі спускацца ўніз. Спуск — гэта заўсёды лягчэй. Не бяспечней, а менавіта лягчэй. На вяршыню мы падымаліся 6 сутак, а спусціліся за 2-е. Вельмі ўжо хацелася дадому.

Усё, што адбываецца вакол, калі ты ў гарах — гэта суцэльны форс-мажор. Мы, жыхары раўніны, трапляем у нязвыклую для сябе атмасферу: 14 сутак у дарозе сярод маджахедаў у Пакістане, на аслах дабіраемся да месца прызначэння.

Альпінізм — гэта вечная бітва са страхам. Мы лезем па гары, пад намі — аблокі. У такі момант разумееш, што цяпер на цябе павее наймацнейшы вецер і ты паляціш уніз. Таму задача такога спорту, як і любога іншага, у прынцыпе, перавесці свой страх у станоўчае рэчышча. Страх павінен не паралізоўваць, а мабілізаваць магчымасці чалавека.

Калі падчас узыходжання ў горы табой авалодвае страх, то можна лічыць, што цябе ўжо няма, ты загінуў. Страх не дае магчымасці рухацца наперад.

— Як арганізм рэагуе на змены ціску паветра, ваганні тэмпературы?

— Арганізм прывыкае вельмі цяжка. Ціск маленькі, на вышыні мала кіслароду — прыкладна 30% ад таго, які ёсць у нас, якім дыхаем. Таму пульс пачашчаецца ў 2 разы, а дыхаеш ты ў 3 разы часцей. Колькасць крывяных цельцаў павялічваецца. Паступова арганізм прывыкае да гэтых умоў, становіцца лепш. Але ўсё роўна ў такіх умовах доўга не пражывеш. Вышэй чым 5000 метраў над узроўнем мора людзі ўвесь час жыць не могуць. Мяжа пражывання чалавека — 4500 метраў.

— Як аказваюць дапамогу альпіністу, ратуюць, калі ён атрымлівае траўмы? Наколькі небяспечна хварэць у гарах на звычайную ВРВІ?

— Калі траўміруецца нага, то можна лічыць, што ўсё, чалавека няма ў жывых. З траўмамі рукі таксама вельмі вялікая верагоднасць загінуць. У Альпах і на Паўночным Каўказе вельмі развіты службы выратавання: прылятаюць верталёты, па магчымасці знімаюць чалавека з гары. Магчыма, у ЗША гэта яшчэ працуе. Але ў Гімалаях такога няма. Там верталёт у лепшым выпадку можа прыляцець на базавую пляцоўку і забраць чалавека, які знаходзіцца ў цяжкім стане. Таму што ад базы да найбліжэйшага населенага пункта пешшу ісці тыдзень, чалавек з траўмай проста не выжыве.

У Альпах часам нават прама са сцяны знімаюць параненага. Але, як правіла, няшчасныя выпадкі адбываюцца ў дрэннае надвор’е. А верталёт тады ляцець не можа.

Вельмі небяспечна хварэць у гарах на ВРВІ. Нават насмарк можа прывесці да сумных наступстваў. У мяне сябар з Адэсы памёр, таму што ў яго ў гарах развілася пнеўманія. Ён пайшоў на Эльбрус і на падыходзе да яго захварэў. А яшчэ непагадзь адыграла сваю ролю. Ён памёр на вышыні 3500 метраў.

У гарах вельмі хутка развіваюцца ўсе захворванні. Наогул, там існуе комплексная праблема — уздзеянне на арганізм усіх другасных і атмасферных фактараў.

Вышыня і альпінізм патрабуюць ад чалавека не проста быць моцным, а бездакорным. У вас нічога не павінна балець: ні вочы, ні вушы, ні зубы, ні ногі. НІ-ЧО-ГА! Калі ў вас ёсць любое хранічнае захворванне, яно ў гарах адразу ж выявіцца.

— Віктар, перад нашым з вамі інтэрв’ю вырашыла паглядзець, якія фільмы пра альпіністаў зняты. Знайшла “Скалалаза” са Сталонэ ў галоўнай ролі. Гэты фільм — гэта ж усё казачная быль?

— Вядома, гэта ўсё лухта. Нецікавы фільм, ён мне не падабаецца. Па-першае, скалалазы не бываюць і не павінны быць такімі здаравеннымі, як Сталонэ. Скалалазы заўсёды худыя, шчуплыя і моцныя. А Сталонэ — амбал, ён на скалы не залезе. Такія качкі не ўмеюць гэтага рабіць, у гарах яны небяспечныя і могуць нашкодзіць, павырываць камяні (смяецца). А нам трэба акуратна, як яшчаркі, ціхенька падымацца да сваёй мэты.

 Добры фільм пра альпіністаў — гэта “Вертыкаль” Гаварухіна. Ён зняты на рэальных падзеях, вельмі добра і прыгожа. Яшчэ на рэальных падзеях зняты фільм “Дакранаючыся да пустаты”. А тое, што зараз здымаюць пра альпіністаў, гэта ўсё графіка.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Віктара ЛУТАВА.