Басейн аб’ядноўвае сем’і

Работа гомельскай школы № 57 сёння накіравана на фарміраванне здаровага, сацыяльна адаптаванага, фізічна развітога выпускніка. Для гэтага папулярызуецца здаровы лад жыцця не толькі сярод вучняў, але і сярод іх бацькоў, а таксама педагагічнага калектыву.

У рамках рэалізацыі міжведамаснага праекта “Школа — тэрыторыя здароўя” з верасня 2018 года паспяхова стартаваў адукацыйны праект “Рэсурсны цэнтр захавання здароўя навучэнцаў”, а з верасня 2020 года мы атрымалі статус “Школы здароўя”. Вялікая ўвага ва ўстанове адукацыі ўдзяляецца плаванню.

Ужо 30 гадоў для навучэнцаў школы і жыхароў мікрараёна працуюць вялікая і малая чашы басейна, дзе атрымліваюць першапачатковыя навыкі паводзін на ва­дзе першакласнікі і рыхтуюцца біць алімпійскія рэкорды выпускнікі спартыўных класаў. І ўжо ў 5—6-х класах дзеці заваёўваюць рэгаліі міжнароднага ўзроўню.

Ні для каго не сакрэт, што плаванне з’яўляецца ўніверсальным відам спорту, які адначасова ўмацоўвае фізічнае і псіхічнае здароўе чалавека. Усе аматары могуць наведваць наш басейн. Асабліва гэта актуальна ў восеньска-зімовы перыяд, калі вадаёмы натуральнага паходжання недаступныя для водных працэдур і арганізм аслабляецца з-за авітамінозу.

Варта адзначыць і сацыяльную важнасць гэтага віду спорту для грамадства. Падлеткі, якія прафесійна займаюцца плаваннем, з карысцю праводзяць час, ма­юць зносіны ў кампаніі аднадумцаў, накіраваны на спартыўны вынік і і менш схільныя да шкодных звычак. У школе працуюць тры спартыўныя класы: па плаванні, лёгкай і цяжкай атлетыцы, пяціборстве і більярдзе.

Школа даўно стала пляцоўкай для раённых спартыўных спаборніцтваў і свят. Добрай традыцыяй стала правядзенне спаборніцтваў па плаванні “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”. Падчас іх дзеці і іх законныя прадстаўнікі змагаюцца за права атрымаць сямейны абанемент для наведвання басейна. Спартыўны інтарэс і прыемны падарунак спрыяюць актыўнаму ўдзелу ў спаборніцтвах і падрыхтоўцы да іх. 

Штомесяц на базе школьнага басейна праходзяць спаборніцтвы па плаванні для розных узроставых катэгорый дзяцей. Сёлета ў пачатку лістапада адбыліся чарговыя спаборніцтвы сярод навучэнцаў 5—8-х класаў, у якіх прынялі ўдзел больш за 50 школьнікаў. Атрымліваючы зарад бадзёрасці і добрага настрою, дзеці пры падтрымцы бацькоў і вопытных трэнераў атрымліваюць шанс унесці свае імёны ў турнірныя табліцы самых прэстыжных спаборніцтваў па плаванні, а магчыма, і праслухаць гімн Рэспублікі Беларусь на пастаменце Алімпійскіх гульняў.

Дзмітрый ЦЫБІЗАЎ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 57 Гомеля.