Баскетбольныя радасці

Гарачыя баскетбольныя баталіі адбыліся ў Рудзенскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Тут прайшоў Рэспубліканскі турнір па баскетболе ў рамках Еўрапейскага тыдня баскетбола ФІБА-СОЕЕ. Школа-інтэрнат дастойна прымала спаборніцтва, а яе навучэнцы аказаліся пераможцамі.

Рэспубліканскі турнір аб’яднаў падлеткаў і моладзь з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Мерапрыемства праводзілася ў адпаведнасці з правіламі, зацверджанымі Міжнароднай федэрацыяй баскетбола, а таксама афіцыйнымі правіламі “Спешыял Алімпікс” — найбуйнейшай у свеце праграмы круглагадовых спартыўных трэніровак і спаборніцтваў для дзяцей і дарослых з АПФР.

За перамогу ў Рэспубліканскім турніры змагаліся каманды Мінскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Сталічную вобласць прадстаўляла каманда Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната, якая і стала пераможцай. Падрыхтаваў юных баскетбалістаў настаўнік школы-інтэрната Дзяніс Мікалаевіч Шакура.

Дарэчы, перамога ў баскетболе не адзінае спартыўнае дасягненне выхаванцаў гэтай школы. Сёлета яны заваявалі 38 медалёў рознай вартасці на рэспубліканскіх і еўрапейскіх спаборніцтвах па розных відах спорту. Таксама на рахунку рудзенскіх спартсменаў 11 залатых медалёў міжнародных спаборніцтваў. Паспяхова выступаюць яны ў настольным тэнісе, плаванні, футболе, баскетболе.

У Рудзенскай школе-інтэрнаце шмат увагі ўдзяляецца спартыўным заняткам, для чаго створаны добрыя ўмовы: ёсць сучасныя спартыўная і трэнажорная залы, працуе басейн. Тут хлопцы і дзяўчаты прадоўжаць рыхтавацца да новых стартаў і новых перамог.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Рудзенскай дапаможнай школай-інтэрнатам.