Батанічны сад адраджаецца

- 15:58Нам пішуць

У Год малой радзімы вучні сярэдняй школы № 8 Гродна з радасцю далучаюцца да акцый і праектаў, накіраваных на захаванне прыгажосці свайго горада.

У далёкім 1775 годзе адзін з першых даследчыкаў флоры паўночна-заходняй Беларусі французскі вучоны Жан Эмануэль Жылібер заклаў у Гродне батанічны сад, які ў свой час уваходзіў у лік трох лепшых у Еўропе. Да 1778 года тут налічвалася больш за 2 тысячы раслін, 1,2 тысячы з іх былі рэдкія і экзатычныя.

Вельмі прыемна, што з 2011 года вядзецца работа па адраджэнні батанічнага саду, якую распачала вядомы гісторык і краязнаўца Наталля Рыгораўна Канюк. На сёння пасаджана больш за 115 новых раслін. Зразумела, што ўбачыць вынікі гэтай працы па аднаўленні саду хутка не атрымаецца, бо многія расліны растуць дзясяткі гадоў.

Зусім нядаўна, у красавіку 2018 года, сад папоўніўся чатырма новымі відамі вербаў і самшыта. Пасаджаныя расліны і дрэвы патрабуюць пастаяннага догляду. У свой час наша школа ўзяла шэфства над гэтай часткай парку Жылібера.

Цёплым летнім днём навучэнцы школы ўзялі ўдзел у працоўнай акцыі па добраўпарадкаванні парку. Удзельнікі прышкольнага аздараўленчага лагера і лагера працы і адпачынку абкопвалі дрэўцы, прыводзілі ў парадак кусты, прыбіралі смецце, галінкі, сухую траву, палівалі расліны. Вучням было цікава не толькі папрацаваць, але і пазнаёміцца з новымі відамі кустоў і дрэў.

Працавалі арганізавана, дружна і добрасумленна, бо разумелі, што батанічны сад — гэта маленькая жамчужына роднага горада.

Таццяна ЛОЙША,
настаўнік сярэдняй школы № 8 Гродна.