Бацька гомельскага рок-н-рола

Углядзіцеся ў твар гэтага чалавека. Неверагодны пазітыў і нейкае супакаенне нясе яго вобраз. Можа таму, што ўсё жыццё ён сябруе з музыкай, якая натхняе яго і дорыць адчуванне прыгожага?

Георгій Шныркевіч — прафесійны музыкант, імя якога вядома далёка за межамі яго роднага Гомеля. А яшчэ ён педагог, выдатнік адукацыі, які хутка адзначыць залаты юбілей сваёй працоўнай дзейнасці ў Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Амаль паўстагоддзя развівае Георгій Трафімавіч музычныя таленты юных гамяльчан і навучае іх ігры на розных інструментах, вучыць не проста любіць музыку, а жыць музыкай, як жыве ёй сам.

Жыццё педагога непарыўна звязана з музыкай. Некалі трынаццацігадовым хлопчыкам ён прыйшоў у палац займацца ў гурток баяністаў і акардэаністаў і з таго часу назаўсёды палюбіў гучанне музычных інструментаў, ды так, што хацелася, каб гэта было не проста хобі, а справа жыцця. Вырашыў — і зрабіў. Скончыў Гомельскае музычна-педагагічнае вучылішча, адслужыў у арміі і вярнуўся ва ўстанову дадатковай адукацыі ўжо ў якасці кіраўніка моднага тады вакальна-інструментальнага ансамбля. Самастойна асвоіў гітару і клавішныя, навучыўся рабіць аранжыроўкі. Сёння Георгій Шныркевіч не валодае хіба што якімі-небудзь экзатычнымі музычнымі інструментамі.

Колькі пакаленняў дзяцей выхаваў Георгій Трафімавіч, нават цяжка ўявіць. Сёлета яго студыя святкуе 45-годдзе. Пад яго кіраўніцтвам падлеткі і моладзь вывучаюць лепшыя творы айчыннай і замежнай музычнай культуры. За гады існавання творчымі калектывамі студыі было падрыхтавана мноства музычных твораў айчынных і замежных аўтараў. Педагог вельмі падтрымлівае памкненні гурткоўцаў складаць уласныя кампазіцыі. Больш за сто выпускнікоў студыі сталі прафесійнымі музыкантамі.

Вакальна-інструментальныя групы, салісты студыі пастаянна ўдзельнічаюць у канцэртах, мясцовых, рэспубліканскіх і міжнародных рок- і блюзавых фэстах, маладзёжных музычных акцыях “Рэнесанс гітары”, “Рэгі-музыка”, “Рок-джуніёр”, “Сожскі шлягер” і інш. Выхаванцы Георгія Трафімавіча неаднаразова станавіліся лаўрэатамі і дыпламантамі фестываляў і конкурсаў рознага ўзроўню. Група “Джодзі Берналь” атрымала дыплом у намінацыі “Лепшы гітарыст” VI адкрытага дзіцяча-юнацкага фестывалю выканаўцаў рок-музыкі “Рок-джуніёр—2016”, а група EFLAVIA ўзяла дыплом II ступені ў намінацыі “Лепшая вакальна-інструментальная група” ў гарадскім конкурсе ВІА і рок-груп “Навальніца”. Удзельнік групы FUSSEE Павел Барысаў на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе гітарыстаў “Грыфаманія” ўзнагароджаны дыпломам I ступені, а на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе гітарыстаў VIRAGE GUITARS — дыпломам II ступені.

Групы GLOFIRA, “Цёплыя рэчы”, GINGER PIE, “Б-52”, кіраўніком якіх быў Георгій Трафімавіч, зараз вядуць вялікую канцэртную дзейнасць як на беларускіх, так і замежных пляцоўках.

Гэта толькі апошнія дасягненні выхаванцаў Георгія Шныркевіча. Але, як адзначаюць калегі музыканта, яго вучні не толькі таленавітыя ў музыцы, яны таленавітыя ў жыцці, таму што ў аснову сваёй дзейнасці педагог ставіць выхаванне сумленнасці, дабрыні і спагадлівасці ў кожнага дзіцяці.

— Георгій Трафімавіч — незаменны чалавек для нашай установы, — дзеліцца загадчык рэсурснага цэнтра па прафарыентацыі Палаца творчасці дзяцей і моладзі Галіна Маёрава. — Здаецца, ён умее рабіць усё, а калі бярэцца за справу, ніколі не робіць яе абы з рук, у яго павінна ўсё атрымлівацца на выдатна.

У музычных колах Георгія Шныркевіча называюць бацькам гомельскага рок-н-рола. І гэта праўда, бо ён вывеў у вялікае музычнае жыццё не адзін таленавіты калектыў, сярод якіх вядомыя цяпер у рок-тусоўцы групы “ТТ-34” і Gods Tower. Каб дасягнуць такога ўзроўню, хлопцы прыйшлі спачатку ў Палац творчасці, дзе сустрэлі таленавітага педагога і аднадумца.

Наталля ЛУТЧАНКА.