Бацькі любяць за вопыт, вучні — за цікавыя заняткі

- 10:17Людзі адукацыі

Хто заканчваў Пінскае педагагічнае вучылішча імя А.С.Пушкіна, той абавязкова дасягне прафесіяналізму. Гэты пастулат, які цвёрда замацаваўся сярод інтэлігенцыі Брэстчыны, сваім жыццём дваццаць другі год сцвярджае Таццяна Васільеўна Панамарова, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 імя В.Х.Галаўко Бярозы.

У дзевяностыя гады мінулага стагоддзя тады маладой дзяўчыне пашанцавала адразу ўладкавацца ў Старапескаўскую пачатковую школу Бярозаўшчыны, недалёка ад роднай і славутай сваім гумарам вёскі Спорава. Прычынай пазнейшага пераводу будзе шчырае каханне, замужжа і сталае жыхарства ў Бярозе. Работу педагога-арганізатара Т.В.Панамарова спалучала з вучобай у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”.

На сёння Таццяна Васільеўна — вопытны і аўтарытэтны педагог, які выдатна валодае тэарэтычным і метадычным арсеналам, пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку па ўдасканаленні методыкі выкладання вучэбных прадметаў у пачатковай школе. Пры наборы ў першыя класы многія бацькі мараць і стараюцца залічыць сваё дзіця менавіта да гэтага педагога. Бывае, яны ўсёй старшай групай суседняга са школай дзіцячага садка за адзін дзень (на аснове пададзеных заяў) фарміруюць клас свайму вядомаму ў горадзе настаўніку.

Вучэбныя заняткі Т.В.Панамарова праводзіць разнастайна і цікава, яны вызначаюцца глыбінёй і лагічнай паслядоўнасцю. На ўроках беларускага і рускага літаратурнага чытання педагог стварае сітуацыі дыялогу, абмену думкамі, атмасферу поспеху праз маральнае стымуляванне. Таццяна Васільеўна ўмее падбадзёрыць і заахвоціць вучняў. Разам з традыцыйнымі формамі часта выкарыстоўвае тэхналогію развіццёвага і праблемнага навучання, мае вопыт работы па тэхналогіі групавой дзейнасці. Яе выхаванцы вельмі актыўныя на ўроках, лагічна адказваюць на пастаўленыя пытанні.

Развіццю навучэнцаў у многім спрыяе і факультатыўны курс “Вучымся гаварыць правільна”. У студзені 2017 года Таццяна Васільеўна падзялілася сваімі набыткамі на раённым метадычным аб’яднанні настаўнікаў пачатковых класаў па тэме “Выкарыстанне праблемных метадаў навучання на ўроках беларускай мовы”. Т.В.Панамарова выкарыстоўвае і рознаўзроўневыя заданні, асабліва на матэматыцы, беларускай і рускай мовах, што дае магчымасць яе вучням выконваць разнастайныя практыкаванні на выбар і з улікам іх магчымасцей, ведаў і сіл.

Вынікам такога падыходу, самаадданай і стараннай працы педагога з вучнямі пачатковых класаў з’яўляецца іх дастатковы і высокі ўзровень ведаў. На раённых прадметных алімпіядах па вучэбных прадметах “Матэматыка”, “Беларуская мова” і “Руская мова” сярод вучняў Бярозаўшчыны выхаванцы Таццяны Васільеўны пастаянна займаюць прызавыя месцы.

Трэці год педагог узначальвае школьнае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў пачатковых класаў. Актуальным кірункам яго дзейнасці стала вывучэнне праблемнага пытання фарміравання чытацкай пісьменнасці вучняў і распрацоўка дыдактычнага матэрыялу па асобных прадметах.

Звыш дзевяці гадоў Т.В.Панамарова з’яўляецца загадчыкам вучэбнага кабінета пачатковых класаў. Дзякуючы яе клопату і старанням, ён адпавядае сучасным патрабаванням. Дзякуючы бацькоўскаму камітэту і адміністрацыі школы, ёсць магчымасць дэманстраваць на сучасным тэлевізары разнастайны дыдактычны матэрыял. Па выніках школьнага конкурсу на лепшы вучэбны кабінет у 2017 годзе Таццяна Васільеўна як загадчыца была адзначана дыпломам I ступені і адпаведнай прэміяй.

Т.В.Панамарова ўмела наладжвае работу і з законнымі прадстаўнікамі сваіх выхаванцаў: далучае бацькоў да правядзення класных і агульнашкольных выхаваўчых мерапрыемстваў, да ўдзелу ў спартландыях. Педагог арганізоўвае сумесныя паходы па славутых мясцінах Бярозаўшчыны, сямейныя спартыўныя спаборніцтвы ў шосты дзень тыдня.

Таццяна Васільеўна шмат часу адводзіць самаадукацыі: пастаянна выкарыстоўвае ў рабоце матэрыялы педагагічнага і метадычнага часопіса “Пачатковая школа”, набывае многа навукова-педагагічнай літаратуры, шчыра дзеліцца сваім вопытам з маладымі калегамі на школьным і раённым метадычных аб’яднаннях. Вопыт работы па тэме “Вуснае лічэнне як сродак павышэння вылічальных навыкаў на ўроках матэматыкі” быў абагульнены на школьным педагагічным савеце ў 2018 годзе.

Т.В.Панамаровай уласцівы добразычлівасць, стрыманасць, сціпласць, чулыя адносіны да вучняў, бацькоў і калег. Настаўніца карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай у раёне. А яшчэ яна цудоўная маці сына Івана, які два гады назад з залатым медалём скончыў першую бярозаўскую школу і стаў студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Калі бачыш гэтую абаяльную жанчыну на школьных перапынках у акружэнні радасных, няўрымслівых дзяцей, то разумееш: у яе ўсё атрымалася.

Іван АСКІРКА.
Фота аўтара.