Бацькі сочаць за будаўніцтвам школы

Асвечаныя камяні заклалі ў падмурак школы, якая будуецца ў маладым мікрараёне Хутар абласнога цэнтра. У гэтай цырымоніі прынялі ўдзел старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан, будаўнікі і шматлікія жыхары мікрараёна.

Дарэчы, школа ў новым мікрараёне — гэта ўнікальны сучасны праект, які прадугледжвае блокі для вучэбных класаў, вялікі спартыўны комплекс, вулічныя пляцоўкі, зоны для правядзення вольнага часу.

— Гэта вельмі важны для горада аб’ект, — адзначыў Генадзь Салавей. — Пра такія кажуць: патрэбны быў яшчэ ўчора. — За будаўніцтвам пільна сочаць бацькі будучых вучняў. І гэта, бадай, самы строгі кантроль. Наша задача, якім бы складаным ні быў год, выконваць тэрміны будаўніцтва. Не фарсіраваць, не паскараць, а ўзводзіць з выкананнем усіх будаўнічых норм.

Нагадаем, што ў 2019 годзе з просьбай пабудаваць новую школу ў мікрараёне да старшыні аблвыканкама звярнуліся мясцовыя жыхары. Новая навучальная ўстанова ў гэтым буйным раёне новабудоўляў сапраўды вельмі неабходна. Сёння на месцы будоўлі ідуць работы па ўзвядзенні падмурка школы. Па словах намесніка генеральнага дырэктара ААТ “Будаўнічы трэст № 14” Дзмітрыя Мурашкі, работа ідзе актыўна, аднак некаторыя карэктывы ў графік унеслі маразы.

Жыхарка мікрараёна Алеся Бандарэнка — маці чацвярых дзяцей. Жанчына, як і многія, чакае школу з вялікім нецярпеннем:

— Наш раён вялікі, у ім шмат дзяцей, і будаўніцтва школы — доўгачаканая падзея, мабыць, для кожнага жыхара Хутара.

Новая ўстанова адукацыі стане самай вялікай у Гомелі. Яе будынак размесціцца на плошчы 25 тысяч кв.м, а агульная тэрыторыя — тры з паловай гектары. Адначасова вучыцца ў школе змогуць 845 школьнікаў. У тым ліку дзеці з абмежаванымі магчымасцямі — для іх ствараецца безбар’ернае асяроддзе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.