Некалькі месяцаў назад давялося пачуць выступленне Людмілы Міхайлаўны Музычэнка, дырэктара Жодзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Мінскай вобласці, на канферэнцыі Міжнароднага дзіцячага фонду. Спецыяліст расказвала пра абарону правоў дзяцей у Жодзіне. Расказвала эмацыянальна, аргументавана, пераканаўча. Тады я і зразумела: гэта не апошняя мая сустрэча і з дырэктарам, і з іншымі супрацоўнікамі гарадскога СПЦ. Асабліва зацікавіў падыход жодзінцаў да работы з бацькамі — з тымі, каго трэба накіраваць на правільны шлях у выхаванні сваіх дзяцей, і з тымі, хто збіраецца або ўжо выхоўвае ўсыноўленых ці прыёмных сыноў і дачок.
Адной любові мала
Першай, каго я сустрэла ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, стала родная дачка маці-выхавальніцы дзіцячага дома сямейнага тыпу Маргарыты Юр’еўны Галіноўскай Вольга, якая прынесла новыя здымкі сваёй сям’і. Дзіцячы дом жанчына стварыла дзевяць гадоў назад. За гэты час Маргарыта Юр’еўна разам з мужам Юрыем Міхайлавічам выхавала больш за 20 дзяцей. Вось і сёлета ў сям’і з’явіўся чатырохгадовы Ванечка. М.Ю.Галіноўская атрымала ганаровы дыплом VII Рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года-2014” у намінацыі “За дасягненні ў выхаванні дзяцей”. Сёлета прадстаўляла Жодзіна на Рэспубліканскім форуме замяшчальных сем’яў, які прайшоў у лістападзе.
Канечне, такі выхавальнік, як Маргарыта Юр’еўна, заўсёды гатоў падзяліцца вопытам з пачынаючымі прыёмнымі бацькамі. Наогул, арганізацыя абмену вопытам паміж замяшчальнымі бацькамі — адзін з напрамкаў работы СПЦ, прынцып “роўны вучыць роўнага” настолькі ж дзейсны для дарослых, наколькі і для малых.
Пакуль у горадзе — адзін дзіцячы дом сямейнага тыпу, але плануецца, што зусім хутка з’явіцца другі, для малых ад нуля да трох гадоў. Тут таксама нямала апякунскіх сем’яў, сем’яў, дзе дзяцей усынавілі, дзіцячы дом для малых з асаблівасцямі развіцця да шасці гадоў (школу-інтэрнат закрылі некалькі гадоў назад), сацыяльны прытулак пры СПЦ і 23 прыёмныя сям’і, у якіх выхоўваецца 32 дзіцяці. Якраз адна з гэтых сем’яў — Падаляк — і збіраецца набыць статус дзіцячага дома сямейнага тыпу.
— Адной любові для таго, каб стаць прыёмным бацькам, маці, усынавіць дзіця, мала, — справядліва заўважае Л.М.Музычэнка. — Неабходны спецыяльныя веды, і немалыя, неабходна разуменне таго, што і чаму адбываецца з дзецьмі, таму мы ў цэнтры столькі ўвагі ўдзяляем рабоце з сем’ямі і адзінокімі гараджанамі, якія хочуць узяць дзяцей на выхаванне.
Для прыёмных бацькоў пры СПЦ з 2006 года працуе клуб “Прыёмная сям’я”, пасяджэнні якога збіраюцца раз у два месяцы, пры неабходнасці бацькі могуць звярнуцца да спецыялістаў цэнтра за індывідуальнымі кансультацыямі або ў метадычнае аб’яднанне прыёмных бацькоў, якое існуе пры аддзеле адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама. Нагадаю, што дзеці, якія выхоўваюцца ў прыёмнай сям’і, могуць быць усыноўлены або вярнуцца ў родную сям’ю, калі бацькі адновяцца ў бацькоўскіх правах. У Жодзіне — нярэдкасць і тыя, і другія выпадкі.
А вось патэнцыяльныя замяшчальныя бацькі перш, чым стаць рэальнымі бацькамі, праходзяць спецыяльны вучэбны курс.
— Кандыдатаў у прыёмныя бацькі мы рыхтуем па праграме “ПРАЙД”, адаптаванай з улікам нашых нацыянальных і культурных асаблівасцей, — расказвае педагог-псіхолаг цэнтра Таццяна Леанідаўна Канашонак. — Па гэтай жа праграме працуем і з патэнцыяльнымі ўсынавіцелямі. Яшчэ ў 2007 годзе на базе СПЦ разам з Міжнародным дзіцячым фондам быў рэалізаваны праект па навучанні кандыдатаў у прыёмныя бацькі і ўсынавіцелі па мадэлі “ПРАЙД”. Праект завяршыўся, але мы працягваем працаваць па гэтай праграме, бо, як паказала практыка, бацькі, якія прайшлі такі курс навучання, дзяцей у інтэрнаты не вяртаюць. Галоўная задача навучання — зрабіць так, каб рашэнне аб стварэнні прыёмнай сям’і было ў людзей матываваным.
Галоўнае пытанне, на якое спецыялісты цэнтра прапаноўваюць адказаць кандыдатам у замяшчальныя бацькі, — “Для чаго я бяру дзіця ў сям’ю?”. Надзвычай важна, каб будучыя мамы і таты разумелі, што не дзеці будуць у сям’і для іх, а яны ствараюць замяшчальную сям’ю для дзяцей.
— Мы разумеем, што хтосьці, наведаўшы нашы заняткі і даведаўшыся пра ўсе нюансы і праблемы, звязаныя з выхаваннем прыёмнага дзіцяці, зразумее, што гэта не для яго, — заўважае Т.Л.Канашонак. — І гэта лепш, чым выпадак, калі дзіця возьмуць у прыёмную сям’ю, а потым вернуць у дзіцячы дом. Праўда, за тры гады маёй работы ў СПЦ такога не здаралася. У многім дзякуючы таму, што з кандыдатамі вельмі шчыльна працуюць у аддзеле адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама. Да нас на заняткі трапляюць людзі, упэўненыя ў сваім рашэнні.
Рэклама розная патрэбна
Толькі з верасня 2012 года да гэтага часу курс навучання па сістэме “ПРАЙД” прайшлі 13 сем’яў, якія вырашылі стаць прыёмнымі бацькамі, падрыхтавана 30 кандыдатаў ва ўсынавіцелі. Зараз яшчэ некалькі кандыдатаў займаюцца па гэтым курсе, звярнулася яшчэ адна сямейная пара. Кандыдаты наведваюць дзевяць заняткаў па 4—4,5 гадзіны кожныя. Дыягностыка, кансультаванне, трэнінгі…
Пры гэтым у СПЦ перакананы, што стварэнне новых замяшчальных сем’яў і захаванне ўжо створаных — гэта два бакі аднаго медаля. Калі сем’і, што ўжо існуюць, будуць атрымліваць неабходную падтрымку, гэта падштурхне іншых людзей да таго, каб прыняць дзяцей у сям’ю. І інфармацыя аб жыцці, поспехах і вырашэнні праблем у прыёмных сем’ях тут будзе вельмі дарэчы.
Даведваюцца пра магчымасць дапамагчы дзецям жодзінцы дзякуючы акцыям і праектам СПЦ. Напрыклад, для заахвочвання патэнцыяльных кандыдатаў у прыёмныя бацькі і ўсынавіцелі ў горадзе рэалізаваны праект “Заводская прахадная”. Рэкламныя банеры “Дзіця павінна жыць у сям’і” размясцілі на прахадных ААТ “БелАЗ-Холдынг”, ААТ “Кавальскі завод цяжкіх штамповак”, камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “ЖКГ”, ААТ “Світанак”. А сацыяльны ролік на тую ж тэму і цяпер дэманструецца на мясцовым тэлеканале “Сфера”.
Жодзінскі цэнтр выйграў грант грамадскага аб’яднання “Здаровы выбар” (пры падтрымцы Міністэрства адукацыі) і рэалізаваў міні-праект “Жыццё цудоўных дзяцей” па павышэнні сацыяльнай інтэграцыі і пашырэнні правоў і магчымасцей дзяцей з прытулку і замяшчальных сем’яў, правядзенні рэкламнай кампаніі з мэтай заахвочвання патэнцыяльных замяшчальных бацькоў, павышэння прэстыжу замяшчальнай сям’і. У выніку рэалізацыі міні-праекта быў распрацаваны рэкламны банер, які размешчаны на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму і СПЦ для заахвочвання патэнцыяльных прыёмных бацькоў і ўсынавіцеляў.
Пры гэтым выхаванцы з прыёмных сем’яў атрымалі магчымасць прыняць удзел у вучэбных семінарах, а таксама расказаць гісторыі свайго прыходу ў прыёмную сям’ю праз альманах “Жыццё цудоўных дзяцей”. Гэта, упэўнены спецыялісты, дазволіла прыцягнуць увагу дарослых да праблемы сіроцтва і аказання той дапамогі, якая неабходна дзецям. А малыя ў сваю чаргу паспрабавалі сябе ў ролі журналістаў, рэжысёраў. Быў створаны рэкламны сацыяльны ролік, яго таксама дэманструе гарадскі тэлеканал.
У выніку ўсёй гэтай — і не толькі гэтай — работы ў Жодзіне створаны банк кандыдатаў у прыёмныя бацькі, удаецца размяшчаць у замяшчальных сем’ях не толькі маленькіх дзяцей, якіх бяруць ахвотна, але і падлеткаў, якіх нячаста ўдаецца ўладкаваць у сем’і, а таксама павысіць узровень кампетэнтнасці прыёмных бацькоў у пытаннях абароны дзяцей, задавальнення іх патрэбнасцей, выхавання. Дапамагаюць спецыялістам СПЦ у гэтай няпростай рабоце адказныя партнёры — педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі навучальных устаноў горада.
Перарваць “традыцыю” нядобранадзейнасці
Педагог-псіхолаг СПЦ, размаўляючы з кандыдатамі ў прыёмныя бацькі, абавязкова нагадвае ім: дзеці, якія выраслі без сапраўднай бацькоўскай любові, клопату і пяшчоты або засталіся без іх ужо з самага нараджэння — гэта асаблівыя дзеці, з асаблівымі патрэбнасцямі. А дырэктар установы, за плячыма якой — вялікі вопыт работы і псіхолагам, і адміністратарам, даўно пераканалася, што вельмі часта нядобранадзейнасць у сем’ях перадаецца з пакалення ў пакаленне. Такая сумная “традыцыя”, якую, скажам, бацькі-алкаголікі перадаюць сваім недагледжаным дзецям.
— Наша задача — перарваць гэтую нітку, — гаворыць Людміла Міхайлаўна. — Пры ўсіх цяжкасцях работы з нядобранадзейнымі бацькамі, пры ўсім тым, што ў нас вядзецца паспяховая работа з патэнцыяльнымі ўсынавіцелямі і іншымі замяшчальнымі мамамі і татамі, мы разумеем, што больш за ўсё дзіця хоча вярнуцца да родных бацькоў. Мы робім усё, каб гэта адбылося.
Так, у СПЦ некалькі гадоў існавала дзённае аддзяленне для дзяцей, якія здзейснілі правапарушэнні, з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і за якімі ўважліва сочаць сацыяльныя службы. Цяпер гэта група дзённага знаходжання, куды дзеці прыходзяць пасля школы, каб паесці, зрабіць урокі з дапамогай тутэйшых спецыялістаў, а начаваць ідуць дамоў. Летам на базе групы працуе дзённы лагер.
Усё гэта, канечне, дае магчымасць і малым вырвацца на час з цяжкай дамашняй атмасферы, і бацькам, магчыма, зразумець, што яны могуць страціць дзяцей назаўсёды, і пры гэтым не абарваць сямейныя сувязі. У той жа час сацработнікі працуюць з бацькамі, дапамагаюць вырашыць ім пэўныя праблемы. Як кажа Людміла Міхайлаўна, дарослым патрэбна не менш падтрымкі, чым дзецям.
— Група дзённага знаходжання размешчана ў нас на першым паверсе, а сацыяльны прытулак — на другім, — заўважае яна. — Гэты лесвічны пралёт прайсці вельмі лёгка, а вярнуцца назад цяжка. Мы імкнёмся не дапусціць гэтага, не дапусціць таго, каб дзяцей забіралі ў родных бацькоў. Я глыбока ўпэўнена, што нічога лепшага, чым родная сям’я, для дзіцяці няма.
Вельмі дапамагаюць вярнуць бацькоў да нармальнага жыцця працоўныя калектывы “БелАЗ”, “Світанак”, сцвярджае дырэктар СПЦ. А для маладых бацькоў, якія гадуюць дзяцей да трох гадоў і чые сем’і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пры цэнтры працуе клуб “Маладая маці”; для бацькоў, чые дзеці аказаліся ў сацыяльным прытулку, — клуб “Паспяховае бацькоўства”. Ёсць яшчэ клуб “Цяжкі падлетак” — таксама нялішняя ўстанова для дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх.
Пры гэтым, па словах Л.М.Музычэнка, 80% малых, якія трапляюць у сацыяльны прытулак, пасля шасці месяцаў знаходжання ў ім усё ж вяртаюцца ў біялагічныя сем’і, бацькі з дапамогай спецыялістаў больш-менш наладжваюць жыццё. З 2007 года ніводнае дзіця, бацькі якіх страцілі бацькоўскія правы, не трапіла пасля прытулку ў інтэрнатную ўстанову — толькі ў замяшчальныя сем’і.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Жодзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.