Бацькоўства як дар

- 9:25Авторские колонки, Колонка психолога

Дзень бацькі ў Беларусі — адносна маладое свята, якое паспела ўжо заваяваць сэрцы многіх. Яно адзначаецца 21 кастрычніка і стала часткай Тыдня бацькоўскай любові, які пачынаецца 14 кастрычніка з Дня маці.

Наталля СТЭЛЬМАХ

Ідэя заснавання Дня баць­кі ў Беларусі прагучала падчас Паслання Прэзідэнта Беларусі да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў 2022 го­дзе. Указ аб устанаўленні Дня бацькі быў падпісаны ў чэрвені 2022 года. Дата 21 каст­рычніка была  выбрана невыпадкова. Яна ідзе адразу пасля Дня маці, ствараючы такім чынам цэлы тыдзень, прысвечаны сям’і і бацькам. Заснаванне свята стала важным крокам ва ўмацаванні сямейных каштоўнасцей і падкрэсліванні значнасці ролі бацькі ў выхаванні дзяцей.

Значэнне свята цяжка пераацаніць. Мне заўсёды было крыўдна за татаў, у якіх не было менавіта “іх дня”, калі ўсе словы прызнання ў любові, удзячнасці і захаплення прысвечаны толькі ім — нашым любімым татам. Роля бацькі ў жыцці дзіцяці неацэнная. Ён з’яўляецца першым узорам для пераймання, надзейным тылам і крыніцай любові і падтрымкі. Менавіта бацькоўскі ўдзел у выхаванні фарміруе ў дзіцяці ўяўленне аб свеце, аб сабе і аб сваіх магчымасцях. Я з дзяцінства памятаю, як тата вучыў мяне лавіць рыбу, як мы хадзілі з ім у лес па грыбы. Тата вучыў мяне плаваць і раскладваць агонь, вярхом ездзіць на кані. Гэта тата саджаў мяне маленькую за руль свайго самазвала. Гэта тата ў мой дзень нараджэння ў красавіку заўсёды прыносіў мне букет падснежнікаў. Мне 48 гадоў, я сама ўжо бабуля, але, калі я званю дамоў бацькам, мой пажылы тата заўсёды спытае, ці не галодная я і ці не вельмі стамілася за дзень. Я буду для яго заўсёды маленькай дзяўчынкай, якую ён насіў на плячах па лесе і трымаў рукі для страхоўкі, калі я ехала на кані. Як важна кожнаму чалавеку адчуваць у жыцці гэтыя на­дзейныя бацькавы рукі, гатовыя падха­піць цябе ў любы момант, не даць упасці і адчуць сябе бездапаможным! Гэтая ўпэўненасць у бацькоўскай ахове і любові — наш трывалы фундамент у жыцці.

Паняцце “добры бацька” — гэта не проста набор якасцей, а лад жыцця, заснаваны на любові, адказнасці і самаахвярнасці. “Бог да людзей, а бацька да дзяцей”, “Бацька — гэта той, хто гатовы зняць з сябе апошнюю кашулю, толькі б у яго дзяцей быў лепшы лёс” — гэта глыбокія і кранальныя азначэнні ролі бацькі ў сям’і.

Быць бацькам — зна­чыць узяць на сябе вялізную адказнасць за жыццё і будучыню маленькага чалавека. Гэта не проста біялагічная сувязь, а глыбокая любоў, якая патрабуе пастаяннай увагі і клопату. Бацькоўства — гэта не часовая роля, а пажыццёвая місія, якая патрабуе пастаяннага развіцця і самаўдасканалення. Бацька — гэта асаблівы чалавек у жыцці кожнага з нас. Ён першы герой, прыклад для пераймання і на­дзейная апора. Яго словы і ўчынкі фарміруюць нас як асобу.

Быць бацькам — гэта не толькі прывілея, але і вялізная адказнасць. Гэта пастаянная работа над сабой, імкненне стаць лепшым для сваіх дзяцей. Бацькоўства — дар, які дазваляе мужчыне рэалізаваць свой патэнцыял і пакінуць свой след у свеце.

Афіцыйнае святкаванне Дня бацькі дапамагае звяр­нуць увагу на важнасць сям’і і ролі бацькі ў яе жыцці, са­дзейнічае павышэнню сацыяльнага статусу бацькаў, падкрэсліваючы іх значны ўклад у выхаванне дзяцей. Свята фарміруе пазітыўны вобраз бацькі як клапатлівага, любячага і адказнага чалавека. Адзначаючы Дзень бацькі, сем’і ствара­юць новыя традыцыі.

Дзень бацькі — гэта магчымасць сказаць дзякуй татам за іх любоў, клопат і падтрымку.

Фота на прэўю з сайта pixabay.com