Вынікі конкурсу юных казачнікаў падвялі на Міжнародным казачным форуме ў Мінску, лепшым уручылі дыпломы. Але ж заслугоўваюць увагі не толькі лепшыя… Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кожны сваё атрымае
Джына чароўнасці, казачнасці і дзіцячай творчасці другі раз выпусцілі з бутэлькі навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — арганізатары III Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі і міфалогіі. Пасля аб’яўлення конкурсу юных казачнікаў больш за 80 конкурсных відэаролікаў з’явілася ў розных сацсетках. Цяпер відэа круцяцца ў віртуальным свеце пад тэгамі #belarusiantails2023 і #конкурсказкi2023. Колькі працы ў кожны сюжэт укладзена! На прыкладзе інсцэніроўкі невялічкай казкі “Муха-пяюха” ведаю: паўтара месяца ў дзіцячым садзе ішлі рэпетыцыі.
Арганізатары конкурсу (а гэта навукоўцы з Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі) вызначылі лепшых сярод удзельнікаў. Некаторыя з іх былі ўшанаваны прама на казачным форуме, куды юныя казачнікі былі запрошаны, каб і там свае казкі баяць.
Дыпломы ІІІ ступені атрымалі Мальвіна Сачанка (сярэдняя школа № 2 Ельска, казка “Жораў і чапля”), Настасся Стэльмах (Стайская дзіцячая школа мастацтваў традыцыйнай культуры Лепельскага раёна, казка “Як дзед ваўка перахітрыў”) і Ксенія Рабкавец (тая ж школа, казка “Муха-пяюха”).
Дыпломамі ІІ ступені адзначаны Ведамір Мішурны (Вымнянская базавая школа імя Героя Савецкага Саюза А.Углоўскага Віцебскага раёна, казка “Не сілай, а розумам”), Яўген Васілеўскі (Цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска “Зорка”, казка “Людзей слухай, а свой розум май”), Марыя Шкіранда (Стайская дзіцячая школа мастацтваў традыцыйнай культуры Лепельскага раёна, казка “Баран бок абадран”).
Казачна-музычную гісторыю ад Антона Балцэвіча слухае акадэмік Аляксандр Каваленя
Дыпломы I ступені на гэты раз атрымалі Ульяна Сянкевіч (сярэдняя школа № 159 Мінска, казка “Як кот звяроў напалохаў”), Антон Балцэвіч (тая ж школа, казачна-музычная гісторыя “Эта была очэнь даўно”) і Аляксандра Захарчэня (вёска Чудзін Ганцавіцкага раёна, казка-прыпавесць “Сірочая доля”).
Віншуем пераможцаў! І, ведаючы пра некаторыя хваляванні юных казачнікаў ды іх старэйшых сяброў-апекуноў, нагадваем усім удзельнікам: не надта засмучайцеся, калі сябе ў гэтым пачэсным спісе не знайшлі. Нават да галавы не бярыце! Казкі ж вучаць нас мудрасці, складнікамі якой ёсць разважлівасць і ўраўнаважанасць, стойкасць духоўная, спагадлівасць, сціпласць… А чалавека мудрага нішто не азмрочыць. Яму ж усё на карысць: як багацце, слава, дыпломы ды палацы залатыя, так і торба жабрацкая, і знявагі-насмешкі з боку “разумных братоў”, якія цябе нібыта перахітрылі. Бо ўсё гэта — каштоўны досвед на вялікім Шляху Жыцця. Зрэшты, калі заглыбленне ў казачную мудрасць яшчэ не прывяло вас да такіх разваг, то не прыйшла пара. Крыху пацярпіце і сваё абавязкова атрымаеце. Па заслугах. Як кажуць мудрыя, у таго, хто ўсім кіруе ў гэтым свеце, даўжнікоў не бывае…
Пра нефармат і “Дыпламаванага барана”
Перагледзеўшы большасць відэасюжэтаў, прадстаўленых на конкурс, я зрабіў пэўныя высновы. Прычым адрозныя ад вынікаў журы конкурсу. На мой старонні погляд, на будучыню варта было б увесці як узроставыя градацыі (дзіцячы сад, малодшыя школьнікі, старшакласнікі), так і розныя намінацыі конкурсу. Ёсць на відэа індывідуальнае баянне (ці блытаны пераказ) казак, ёсць калектыўная творчасць. Цяжка параўноўваць вывераныя, прадуманыя інсцэніроўкі з просценькім, спешным, блытаным пераказам, а ёсць і пастаноўкі (адна нават у батлеечным фармаце!) казачнай гісторыі ці казкі-прыпавесці. Так што правілы “гульні” патрабуюць, відаць, удакладненняў.
З дапамогай казак лёгка паглыбляцца ў беларускі фальклор, нашу гісторыю, мову. Казка ж цікавая сама па сабе, утрымлівае іскрынку святла, надзеі на цуд, абуджае ўсё лепшае, патаемнае, што ёсць у душы дзіцяці, фарміруе маральныя каштоўнасці.
Адзін відэасюжэт яўна “нефарматны”: хлопец чытае, нібы на ўроку, байку “Дыпламаваны баран”. І ў такім “разуменні” казкі, пагадзіцеся, свой прыхаваны сэнс ёсць… А адзін аматарскі тэатральны калектыў, цалкам з дарослых, прадставіў інсцэніроўку казкі “Надакучлівыя госці”. Нефармат!
Між тым і суайчыннікі з рэгіянальнай грамадскай суполкі “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Томскай вобласці” (суполкай кіруе педагог родам з Навагрудскага раёна Любоў Адаскевіч) сёлета ў конкурсе паўдзельнічалі. “Сямейны тэатр” прадставіў відэа “Курка Раба”. Ролю гуллівай Мышкі выконвае 5-гадовая Маша Рубцова, Куркі — яе мама, Баба і Дзед — гэта родныя бабуля і дзядуля дзяўчынкі — Ганна і Сяргей Латыголец. У Сяргея Міхайлавіча, дарэчы, амаль 30 гадоў педстажу, ён — намеснік дырэктара па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ў Томскім доме дзяцінства і юнацтва “Факел”. Да таго ж, ведаю, у Томску стартаваў цэлы сацыяльны праект “Беларуская батлейка”. То і асобную намінацыю ў конкурсе для беларусаў з замежжа чаму б не зрабіць! Казкі ж нашы па ўсім свеце жывуць.
Смачны прыз ад “Настаўніцкай”
Арганізатары конкурсу сабралі спасылкі на відэа з сацсетак у адзін файл і даслалі нам, бо “Настаўніцкая газета” праявіла цікавасць да падзеі, падала і грунтоўныя тэксты, і абвестку пра конкурс. Нам прапанавалі заахвоціць прызамі “НГ” кагосьці з удзельнікаў… Наш фірменны кілаграмовы пернік атрымалі самыя малодшыя ўдзельнікі конкурсу — з 2-й малодшай групы № 6 з беларускай мовай навучання мінскага дзіцячага сада № 352. Разам з дыпломамі ўдзельнікаў (іх уручаў на казачным форуме акадэмік Аляксандр Каваленя, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі) пернік павезла дзеткам Таццяна Паланевіч. Пазней Алеся Літоўчанка, яе калега-выхавальніца, даслала здымкі. Вось уся каманда казачнікаў з дыпломамі, з пернікам “Настаўніцкі”, вось юныя акцёры з праекта “Муха-пяюха” ласуюцца падарункам, і літары “ІЦ” яшчэ відаць. Прыйшоўся прыз даспадобы! Не выключана, што з часам у групе вырасце сузор’е настаўнікаў.
Зрэшты, нішто ў свеце невыпадкова, таму захацелася ведаць, як нарадзіўся відэасюжэт “Мухі-пяюхі”.
Чаму ж Муху-пяюху не з’есць Шэры Воўк?
Адказ на пытанне, вынесенае ў падзагаловак, даволі просты: два героі жывуць нібы ў розных вымярэннях. Муха-пяюха — у паветры, бо на вазку, у які ўпрэжаны камарыкі, катаецца. Шэры Воўк на зямлі “зубамі ляскае”. Паралельныя рэальнасці? Духоўны свет і фізічны?.. Яны судакранаюцца, ды ўсё ж “лёгкая на пад’ём” істота з воўчай пашчы грубаматэрыяльнага свету лёгка выслізгвае… Мяркую, на падсвядомым узроўні досвед мудрасці здабылі з казкі як дзеці, так і дарослыя — Таццяна Уладзіміраўна і Алеся Міхайлаўна, якія для малых яшчэ і сябры. Першая родам з Мінскага раёна, скончыла Мінскі каледж прадпрымальніцтва. У садку працуе 9 гадоў, з іх 4 — выхавальніцай у згаданай групе. З глыбінкі, з вёскі Грозава (цяпер аграгарадок у Капыльскім раёне) Алеся Літоўчанка. Вучылася ў БДУ на філфаку (беларуская філалогія, літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць), прайшла перападрыхтоўку ў БДПУ па дашкольнай адукацыі. У садку працуе 10 гадоў, з іх 4 — у групе з беларускай мовай навучання.
“Выхаванцам нашым па 3—4 гады, набіралі дзетак па пажаданні бацькоў, — патлумачыла Алеся Міхайлаўна. — Далей пры жаданні яны змогуць наведваць школу з беларускай мовай навучання ў нашым Кастрычніцкім раёне. Па горадзе шмат падобных груп, толькі ў нашым раёне іх 6. Увесь адукацыйны працэс і зносіны з бацькамі ажыццяўляюцца на беларускай мове. Ёсць у групы і добрая традыцыя: святкаваць разам беларускія народныя святы, запрашаючы на іх бацькоў, брацікаў, сястрычак, бабуль і дзядуляў”.
На вочы выхавальніцам трапіла інфармацыя пра конкурс, вырашылі паўдзельнічаць. Найлепш падышла казка “Муха-пяюха”, у якой шмат герояў (усім роляў хапіла!) з праграмы дашкольнай адукацыі: “Казка простая, і сэнс малым зразумелы. Мы яе выбіралі разам з дзецьмі: чыталі шмат іншых казак, але ўрэшце гэтую ўзялі. Прачыталі, потым глядзелі мультфільм. Цікава было і абмяркоўваць вобразы герояў, і па характарах дзяцей падбіраць ім ролі. Бацькоў далучылі да работы, калі стваралі касцюмы. Вялікае задавальненне ад такой творчасці атрымалі ўсе”.
Таццяна Паланевіч і Алеся Літоўчанка пераканаліся, як лёгка з дапамогай казак паглыбляцца ў беларускі фальклор, нашу гісторыю, мову. Казка ж цікавая сама па сабе, утрымлівае іскрынку святла, надзеі на цуд, абуджае ўсё лепшае, патаемнае, што ёсць у душы дзіцяці, фарміруе маральныя каштоўнасці…
Спадзяёмся, конкурсныя відэаматэрыялы будуць запатрабаваны. Зрэшты, усе, хто паглыбляецца ў казачны свет — як дзеці, так і дарослыя — знойдуць там для сябе шмат карыснага. Таму ёсць будучыня ў конкурсу казачнікаў, як і ў разгортванні работы ў клубах ці гуртках сяброў беларускай казкі ў дашкольных, школьных, пазашкольных установах. Асновы такой работы закладзены: практычна кожны конкурсны відэаролік, бы чароўнае зярнятка, пры спрыяльных умовах прарасце.
І ў адказ на традыцыйнае пытанне казачнікаў-баюноў “Далей баяць альбо не?” мы ўпэўнена кажам: баяць!
Іван ЖДАНОВІЧ