Базавая школа — ліцэй — УВА: ад бесперапыннай адукацыі да прафесійнага вызначэння

У 2007 годзе з мэтай забеспячэння максімальна спрыяльных умоў для развіцця творчага патэнцыялу сельскіх вучняў і падрыхтоўкі іх да паступлення ў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт быў створаны ліцэй пры гэтай УВА. Навучанне ў ім дазваляе працягваць адукацыю ў ПалесДУ па адпаведных спецыяльнасцях 4 факультэтаў: банкаўскай справы, арганізацыі здаровага ладу жыцця, эканамічнага і біятэхналагічнага.

— З мінулага навучальнага года ліцэй з’яўляецца рэспубліканскай пляцоўкай па рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі навучання вучняў у ліцэі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта ў сістэме падрыхтоўкі па вяслярных і водных відах спорту”, — расказвае дырэктар ліцэя В.Ф.Еўчык. — Месца для ажыццяўлення праекта было выбрана невыпадкова: ПалесДУ з’яўляецца базай падрыхтоўкі нацыянальных і зборных каманд Беларусі, валодае сучасным універсальным спартыўным комплексам, які адпавядае сусветным стандартам, вучэбна-метадычнымі і навукова-даследчымі падраздзяленнямі і забяспечвае эфектыўныя ўмовы для рэалізацыі праекта.
У рамках праекта ў ліцэі рэалізуецца ідэя бесперапыннай падрыхтоўкі спартсменаў па вяслярных і водных відах спорту, якія традыцыйна культывуюцца ў палескім рэгіёне, у сістэме “школа — ліцэй універсітэта — універсітэт — нацыянальная каманда”. Акрамя таго, у межах навукова-метадычнага суправаджэння спартсменаў выкладчыкі і студэнты факультэта арганізацыі здаровага ладу жыцця ПалесДУ (падчас выканання дыпломных, магістарскіх і кандыдацкіх работ, а таксама пераддыпломных практык) у цесным узаемадзеянні з трэнерамі СДЮШАР і настаўнікамі ліцэя правялі шэраг даследаванняў: першаснае псіхалагічнае тэсціраванне; даследаванне кампанентнага складу цела; антрапагенетычныя і электранейраміяграфічныя даследаванні; вызначэнне вібрацыйнай адчувальнасці; тэсціраванне фізічнай працаздольнасці з выкарыстаннем спецыялізаванай бегавой дарожкі тыпу трэйд-міл і вяслярнага трэнажора Concept-2 з газааналізам; вызначэнне ўзроўню глюкозы і лактату крыві; электрахімічны аналіз утрымання вокісу азоту ў паветры, якое выдыхаецца, і інш.
Ліцэй размяшчаецца ў вучэбным корпусе ўніверсітэта, таму можа выкарыстоўваць яго добрую матэрыяльную базу — камп’ютарныя і лінгафонныя кабінеты, лекцыйныя аўдыторыі, лабараторыі, бібліятэку, чытальную і спартыўную залы, а таксама залу электронных рэсурсаў. Заняткі па фізічнай культуры і здароўі праходзяць ва ўніверсальным спартыўным комплексе.
— Вучэбныя задачы паспяхова вырашае высокапрафесійны і зладжаны калектыў, — адзначае В.Ф.Еўчык. — За час работы ліцэя якасны склад педагагічных кадраў істотна змяніўся. Сёння 94% настаўнікаў установы маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Да работы ў ліцэі прыцягваюцца ўніверсітэцкія выкладчыкі. Гэта павышае адказнасць і самастойнасць вучняў.
Развіццё ліцэйскай адукацыі немагчыма без пераемнасці і бесперапыннасці ў адукацыйнай сістэме “базавая школа — ліцэй — установа вышэйшай адукацыі”. Місія ліцэя, па словах В.Ф.Еўчык, заключаецца ў забеспячэнні якаснай агульнай адукацыі, высокай матывацыі да вучэбнай дзейнасці, накіраванай на працяг навучання ў ПалесДУ ў адпаведнасці з выбраным напрамкам.
Попыт на адукацыйныя паслугі ліцэя павышаецца. Па выніках сёлетняй уступнай кампаніі 65% тых, хто прайшоў па конкурсе, — выпускнікі сельскіх школ.
Ліцэй цесна супрацоўнічае з універсітэцкімі кафедрамі. На працягу 2012—2014 гадоў установа з’яўлялася інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі стварэння крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя па павышэнні фінансавай дасведчанасці вучняў”. У рамках праекта для дзесяцікласнікаў былі арганізаваны факультатыўныя заняткі “Азбука фінансавай дасведчанасці” і фінансавыя гульні, якія праводзіліся ў вучэбнай лабараторыі факультэта банкаўскай справы “Вучэбна-трэніровачны банк” і зале электронных рэсурсаў.
Падчас рэалізацыі праекта настаўнікі наведвалі курсы павышэння кваліфікацыі “Інавацыйныя тэхналогіі ва ўстанове вышэйшай адукацыі”, а таксама лекцыі, арганізаваныя факультэтам банкаўскай справы. Гэта пашырыла веды педагогаў у дзейнасці па павышэнні фінансавай дасведчанасці і культуры, прафесійнага ўзроўню і крэатыўнасці.
— Наша ўстанова дазваляе вучням акунуцца ва ўніверсітэцкую атмасферу, сур’ёзна займацца навуковай дзейнасцю і ўсебакова развівацца, — гаворыць В.Ф.Еўчык. — Арганізавана сумесная работа супрацоўнікаў універсітэцкіх кафедр і настаўнікаў ліцэя па падрыхтоўцы вучняў да навукова-практычных канферэнцый. За апошнія два гады 6 навукова-даследчых работ ліцэістаў, выкананых пад кіраўніцтвам навуковых супрацоўнікаў факультэта банкаўскай справы, былі адзначаны дыпломамі на міжнародных навуковых канферэнцыях студэнтаў.
За час вучобы ліцэісты знаёмяцца з усімі факультэтамі ПалесДУ і грамадскім жыццём студэнтаў. Дзякуючы матывацыі ў атрыманні канкрэтнай спецыяльнасці, абітурыенты свядома выбіраюць прафесійную будучыню.
Шмат увагі ўдзяляецца дзейнасці вучняў у вольны час. Так, наладжана цеснае супрацоўніцтва са студэнцкім клубам універсітэта, дзе працуюць 7 творчых калектываў (народная студыя эстраднай песні “Гукі часу”, народны ансамбль эстраднага танца “Альянс”, клуб аматараў паэзіі “Дэжавю”, клуб аматараў лацінаамерыканскай культуры Solymar, клуб гістарычнай рэканструкцыі і мадэлявання эпохі Сярэднявечча “Панцырны шыхт”, вакальна-інструментальны ансамбль Red cat і фотаклуб iZoom). Удзел у іх з’яўляецца добрай формай адаптацыі да студэнцкага жыцця.
— Дапрафесійнае вызначэнне ліцэістаў адбываецца адразу пасля залічэння ва ўстанову, — расказвае В.Ф.Еўчык. — Інтэграцыя ва ўніверсітэцкую прастору дазваляе выпускнікам ліцэя лепш адаптавацца ва УВА, фарміруе матывацыю да працягу адукацыі найперш у ПалесДУ. Штогод больш за 80% нашых выпускнікоў паступаюць ва УВА на бюджэтную форму навучання (у ПалесДУ сёлета паступіла трэцяя частка выпускнікоў). Сёння ва ўстановах і на прадпрыемствах Піншчыны пасля нашага ўніверсітэта працуюць 43% учарашніх студэнтаў. Акрамя ПалесДУ, наладжана супрацоўніцтва з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Пінскага гарвыканкама.
— Наш ліцэй — сучасная навучальная ўстанова, якая дае якасную і канкурэнтаздольную адукацыю. Мы фарміруем адукацыйную прастору, якая валодае інавацыйным патэнцыялам, выкарыстоўваем перспектыўныя тэхналогіі і методыкі, развіваем уласны вопыт. Пра эфектыўнасць работы ліцэя можна меркаваць па выніках, якія вучні дэманструюць на цэнтралізаваным тэсціраванні, прадметных алімпіядах і канферэнцыях, — падагульняе В.Ф.Еўчык.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.