БДПУ: фотаздымак на ўдачу

- 8:38Выбар прафесіі

1 красавіка ў вядучым педагагічным універсітэце краіны прайшоў дзень адкрытых дзвярэй. Вялікае фае галоўнага корпуса ледзь магло змясціць усіх жадаючых. Абітурыенты і іх бацькі хацелі бліжэй пазнаёміцца з універсітэтам і з першых вуснаў атрымаць усю неабходную інфармацыю.

Дарэчы, у суботу адразу некалькі сталічных універсітэтаў праводзілі дні адкрытых дзвярэй, таму арганізатары ў БДПУ пастараліся зрабіць сваё мерапрыемства вельмі яркім і запамінальным.

Ля ўвахода ў галоўны корпус абітурыентаў і іх бацькоў сустракалі аніматары і запрашалі зрабіць памятны здымак у адной з абсталяваных фотазон. І ўжо на вуліцы, нягледзячы на непагадзь, ля скульптурнай кампазіцыі “Настаўніца першая мая” выстройваліся чэргі жадаючых сфатаграфавацца.

Ва ўніверсітэце для гасцей была падрыхтавана насычаная праграма. У фае галоўнага корпуса працавалі тэматычныя пляцоўкі “Займальная хімія”, “LEGO-робаты”, “Псіхалогія для ўсіх”. Акрамя таго, жадаючыя маглі паўдзельнічаць у майстар-класах па мастацтве мехендзі, маляванні нестандартнымі тэхнікамі, арыгамі, якія давалі студэнты ўніверсітэта.

Традыцыйна на сустрэчу з абітурыентамі выйшаў рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук. Дзеці і іх бацькі маглі пагутарыць таксама з членамі прыёмнай камісіі, выкладчыкамі, студэнтамі і выпускнікамі ўніверсітэта. Жадаючыя наведалі вучэбныя аўдыторыі, лабараторыі, інавацыйныя пляцоўкі. Шмат інфармацыі можна было атрымаць з тэматычных стэндаў, дзе дэманстраваліся асноўныя напрамкі дзейнасці ўніверсітэта: адукацыйны працэс, навука, спорт, валанцёрскі рух, грамадская актыўнасць.

Акрамя таго, для гасцей быў падрыхтаваны вялікі канцэрт, дзе бліскучае майстэрства дэманстравалі вядучыя выканаўцы і творчыя калектывы БДПУ. Адметна, што актавая зала ўніверсітэта не змагла змясціць усіх жадаючых, таму анлайн-трансляцыя выступленняў вялася яшчэ ў шасці аўдыторыях.

Такім выдаўся дзень адкрытых дзвярэй у вядучым педагагічным універсітэце краіны. Было весела, пазнавальна і неяк па-дамашняму ўтульна. Не здзіўлюся, што многія захацелі вярнуцца сюды ўжо студэнтамі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.