БДУ ў космасе

- 10:37Навука і інавацыі

Ніводзін план не паспее за магчымымі змяненнямі

БДУ ў космасе — навіна, якая за лічаныя гадзіны абляцела факультэты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У ноч на 29 кастрычніка спадарожнік BSUSat-1 быў выведзены на арбіту вышынёй 520 кіламетраў над Зямлёй. Знакавая падзея стала вынікам дзесяцігадовай работы калектыву супрацоўнікаў і студэнтаў Цэнтра аэракасмічнай адукацыі, факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій і фізічнага факультэта БДУ.

Фота да матэрыяла: БДУ ў космасе.

Распрацоўка стала першым універсітэцкім спадарожнікам у беларускай сістэме адукацыі і трэцім аб’ектам айчыннай вытворчасці на калязямной арбіце.

Праграмнае забеспячэнне спадарожніка было распрацавана навукоўцамі ўніверсітэта, а палётная праграма была створана індывідуальна пад тэхнічныя характарыстыкі ракеты-носьбіта, якая вывела аб’ект на арбіту. Распрацоўкай сістэм займалася вялікая колькасць людзей, у тым ліку студэнты, аспіранты і магістранты, якія, дзякуючы гэтаму, змаглі выканаць шэраг курсавых, дыпломных і магістарскіх работ. А непасрэдна ў інтэграцыі спадарожніка было задзейнічана больш за 20 чалавек, сярод якіх былі і студэнты.

Вывад аб’екта на арбіту адбываўся ў паўночна-ўсходнім Кітаі, на касмадроме Цзюцюань. Распрацоўшчыкі знаходзіліся там тры тыдні, на працягу якіх спецыялісты прыводзілі BSUSat-1 у лётны стан, усталёўвалі яго, правяралі і чакалі каманды аб запуску. Куратар праекта, загадчык кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ, дырэктар Цэнтра аэракасмічнай адукацыі, прафесар Уладзімір Саечнікаў расказвае, што падчас падрыхтоўкі спадарожніка да запуску з’яўлялася шмат рабочых нюансаў. Уладзімір Аляксеевіч, адзначаючы гэта, згадвае правядзенне ў Беларусі міжнароднага касмічнага кангрэса:

— Адзін з расійскіх касманаўтаў, даведаўшыся пра нашы планы аб запуску спадарожніка, сказаў: “Ніводзін план ніколі не паспее за рэальнымі змяненнямі ў ходзе запуску”. Так і выйшла.

Падчас запуску каманда праекціроўшчыкаў знаходзілася на адлегласці больш за кіламетр ад пускавой пляцоўкі. Якраз за ёй узыходзіла сонца (у Беларусі а чацвёртай гадзіне цёмна, а ў Кітаі раніца ў гэты час уступае ў правы). Прафесар успамінае, што ў такіх умовах было нялёгка весці фота- і відэаздымку. На арбіту ракету вывелі за 12 хвілін, а бачнай яна была ўсяго каля чатырох хвілін.

Пасля запуску, ужо па дарозе дадому, распрацоўшчыкі 4 гадзіны праслухоўвалі сусветную сетку аматарскіх радыёстанцый. На другой гадзіне пасля запуску нямоцны сігнал, падобны да пазыўных беларускага спадарожніка, злавілі ў Канадзе. Канчатковай упэўненасці ў тым, што гэта BSUSat-1, не існавала, паколькі магчымасці расшыфраваць яго адразу ж не было. Але хутка спадарожнік “убачылі” на радыёстанцыі пад Масквой. Тады каманда распрацоўшчыкаў пераканалася, што апарат жыве і стабільна функцыянуе. Яшчэ праз дзве гадзіны сігнал прыняла і радыёстанцыя БДУ і ідэнтыфікавала яго прыналежнасць.

Па словах Уладзіміра Аляксеевіча, спачатку спадарожнік працаваў на мінімальных магутнасцях, зараз жа ён функцыянуе ў звычайным рэжыме.

Першапачаткова можна падумаць, што спадарожнік — гэта вялікая, грувасткая канструкцыя. Гэта зусім не так: параметры апарата — 20x10x10 см, а маса складае крыху больш за 1,6 кг. Але пры невялікіх памерах ён змясціў у сабе ўсе важныя характарыстыкі вялікіх спадарожнікаў: сістэмы энергазберажэння, кіравання, арыентацыі і стабілізацыі, тэлекамунікацыі, комплекс тэхналагічнай і навуковай карыснай нагрузкі (такая нагрузка працуе не на забеспячэнне жыццядзейнасці апарата, а на вырашэнне канкрэтных задач). На апараце ўсталявана такое спецыяльнае абсталяванне, як радыяцыйны спектрометр з інфрачырвонымі датчыкамі і лічбавая камера.

Самым цікавым у спадарожніку Уладзімір Саечнікаў назваў сістэму электрамагнітнай актыўнай арыентацыі апарата. Па словах прафесара, аб’ект рухаецца, куляючыся і мяняючы сваё становішча. Але для таго, каб зрабіць любы здымак, трэба як мінімум спыніць, стабілізаваць і скіраваць апарат у правільным напрамку. Таму ў першую чаргу на спадарожніку будзе запушчана і адладжана работа менавіта гэтай сістэмы.

Дзякуючы нанаспадарожніку, перад навукоўцамі БДУ адкрыюцца шматлікія магчымасці: вывучэнне і даследаванне радыяцыйных палёў калязямной прасторы, радыяцыйнай устойлівасці электронных элементаў, будзе праводзіцца дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі. Адукацыйны складнік апарата дазволіць выкарыстоўваць яго ў якасці лятальнай вучэбна-навуковай лабараторыі: студэнты ў рэальных умовах змогуць асвойваць касмічныя тэхналогіі, праводзіць шэраг даследаванняў.

— Пасля стабілізацыі спадарожніка і фіксацыі пэўных з’яў на арбіце, кадры, зробленыя ім, трэба будзе перадаць на Зямлю. Канечне, фотаздымкі будуць не самай лепшай якасці з пункту гледжання пашырэння, але мы не імкнёмся да мастацкасці. Галоўнае — каб сістэма працавала, — тлумачыць Уладзімір Аляксеевіч. — З дапамогай спадарожніка мы плануем сачыць за радыяцыйнымі палямі. Ён з цягам часу невялікімі тэмпамі пачне зніжацца. Прыблізна праз пяць гадоў дасягне вышыні 300 кіламетраў, увойдзе ў шчыльныя слаі атмасферы і згарыць.

Што да спадарожніка як лятальнай навуковай лабараторыі, то ён дазволіць студэнтам прымаць і апрацоўваць розныя даныя. Да гэтага студэнты працавалі аналагічна, толькі па даных чужых спадарожнікаў. Падобнага класа аб’ектаў, як сцвярджае Уладзімір Саечнікаў, зараз налічваецца больш за 50. Па ўсіх існуюць базы даных, якія пастаянна абнаўляюцца. Паводле атрыманай са спадарожнікаў інфармацыі маладыя людзі праводзяць аналізы пэўных працэсаў, выпрацоўваюць рэкамендацыі па паляпшэнні работы схем.

— Мы можам кіраваць BSUSat-1, а гэта значыць, што кола задач расце: можна яго развярнуць і працаваць з канкрэтнымі палямі, апрабіраваць на спадарожніку студэнцкія ідэі па яго стабілізацыі і аптымізацыі. Распрацоўка можа стаць карыснай не толькі для фізікаў, але і для матэматыкаў, географаў, у нейкай ступені для біёлагаў, — патлумачыў прафесар.

У дзень 97-годдзя, якое БДУ адзначыў 30 кастрычніка, BSUSat-1 пралятаў над тэрыторыяй Беларусі каля 6 разоў, штораз знаходзячыся ў зоне радыёбачнасці 10 хвілін. Прафесар Саечнікаў заўважыў, што для таго, каб сказаць дакладна, колькі разоў і ў які час спадарожнік з’яўляецца ў зоне дасягальнасці беларускіх радыёаматараў, патрэбен час, бо праз некаторыя фактары (напрыклад, нямоцны сігнал ці блізкасць да гарызонту) інфармацыя можа быць недакладнай.

У будучым звесткі, атрыманыя са спадарожніка спецыялістамі з розных краін, а таксама праекты студэнтаў у дачыненні да яго будуць назапашвацца і трансліравацца на інтэрнэт-партале bsusat.com. Гэтыя веды змогуць выкарыстаць як прадстаўнікі сусветнай навуковай грамадскасці, так і простыя радыёаматары.

Ірына ІВАШКА.