БДУІР адкрыў філіял кафедры ў ЗША

- 12:29Вышэйшая школа, Якасць адукацыі

На мінулым тыдні ў Міністэрстве адукацыі адбыўся брыфінг міністра адукацыі Сяргея Маскевіча і рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіла Батуры. Нагодай для сустрэчы з журналістамі стала адкрыццё кафедры БДУІР у Злучаных Штатах Амерыкі: ужо гэтай восенню там пачнецца навучанне амерыканскіх студэнтаў па беларускіх праграмах.

Філіял кафедры праектавання інфармацыйных камп’ютарных сістэм БДУІР пачаў работу ў Computer System Institute (CSI, штат Ілінойс, ЗША). Гэтая навучальная ўстанова займаецца падрыхтоўкай спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій, медыцыны, англійскай мовы і інш., але там адукацыя студэнтаў завяршаецца на ўзроўні вышэйшага каледжа. Зразумела, што многія амерыканцы жадаюць атрымаць універсітэцкую адукацыю, таму прэзідэнт інстытута Эла Зібіцкер (дарэчы, выпускніца МРТІ 1970 года) выйшла на БДУІР з прапановай пачаць сумесны праект па інтэграванай падрыхтоўцы спецыялістаў.

Адкрыццю кафедры беларускага ўніверсітэта ў амерыканскай навучальнай установе папярэднічала вялікая работа. Як паведаміў рэктар БДУІР Міхаіл Паўлавіч Батура, абодва бакі праводзілі кансультацыі па скайпе кожную пятніцу, падчас якіх абмяркоўвалі ўсе дэталі сумеснага праекта. І да візіту ў ЗША ў канцы красавіка беларуская дэлегацыя ўжо мела ўвесь неабходны пакет дакументаў.
“Дзякуючы аператыўнай рабоце Міністэрства адукацыі, былі ўзгоднены стандарты новай спецыяльнасці “Праектаванне мабільных сістэм”, якую мы адначасова адкрываем у БДУІР і ў нашым амерыканскім філіяле, — паведаміў Міхаіл Паўлавіч. — Трэба адзначыць, што гэтыя стандарты адпавядаюць патрабаванням як Беларусі, так і Злучаных Штатаў”.
Такім чынам, вынікам візіту беларускай дэлегацыі ў ЗША стала падпісанне прэзідэнтам Computer System Institute Элай Зібіцкер і рэктарам БДУІР Міхаілам Батурам дагавора аб узаемным супрацоўніцтве ў галіне аказання адукацыйных паслуг жыхарам ЗША на аснове інтэграванай падрыхтоўкі бакалаўраў, спецыялістаў і магістраў. Навучанне будзе ажыццяўляцца ў амерыканскім філіяле кафедры БДУІР. Плануецца, што частка курсаў будзе выкладацца студэнтам вочна (на дзённай ці вячэрняй форме) выкладчыкамі з Чыкага, а частка — дыстанцыйна выкладчыкамі з Мінска.
Згодна з дамоўленасцямі, амерыканскі бок прадастаўляе матэрыяльна-тэхнічную базу і ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне для адукацыйнага працэсу, БДУІР распрацоўвае вучэбныя планы, праграмы, семінарскія курсы, лабараторныя работы, тэставыя матэрыялы і г.д. Усё — на англійскай і рускай мовах.

фота з сайта www.companies.dev.byДарэчы, такі вопыт для БДУІР не новы. Універсітэт ужо каторы год вядзе падрыхтоўку замежных грамадзян на англійскай мове. Зараз, напрыклад, у англамоўных групах па чатырох спецыяльнасцях вучацца каля 100 замежнікаў.
Пачынаючы падрыхтоўку амерыканскіх студэнтаў па беларускіх праграмах, бакі пастараліся максімальна ўлічыць усе акалічнасці. Напрыклад, на пытанне, хто будзе выкладаць у ЗША гісторыю Беларусі, Эла Зібіцкер заўважыла, што гэта не праблема: або выкладчыкі БДУІР будуць даваць гэтую дысцыпліну амерыканскім студэнтам дыстанцыйна, або (паколькі гісторыя Беларусі — гэта частка сусветнай гісторыі) яна знойдзе самага лепшага прафесара Чыкага, які будзе выкладаць названую дысцыпліну на найвышэйшым узроўні. Заўважце: пытанне “Навошта вывучаць гісторыю Беларусі амерыканскім студэнтам?” нават не ўзнікае.
Увогуле, да выкладання ўсіх дысцыплін будуць прыцягвацца лепшыя спецыялісты з універсітэтаў Чыкага. “Ва ўмовах велізарнай канкурэнцыі мы павінны паказаць найвышэйшую якасць”, — падкрэсліў Міхаіл Батура.
Да пачатку лета на сайце БДУІР паявіцца спецыяльная старонка, прысвечаная навучанню ў амерыканскім філіяле. Такім чынам, абітурыенты змогуць загадзя азнаёміцца з умовамі паступлення і навучання. Дарэчы, ужо ўстаноўлены прыкладны кошт навучання — каля $ 6 тысяч (па амерыканскіх мерках, даволі ліберальны).
Адбор студэнтаў будзе праходзіць дыстанцыйна на аснове тэсціравання па матэматыцы, фізіцы і англійскай мове. Плануецца, што навучанне першай групы пачнецца 1 кастрычніка.
“Я настроены аптымістычна, — гаворыць Міхаіл Паўлавіч. — У Чыкага мы сустракаліся з выпускнікамі МРТІ—БДУІР, якія жывуць і працуюць у розных штатах ЗША і Канады. На сустрэчу прыехала больш як 80 чалавек, і ўсе яны памятаюць сваю альма-матар, вельмі добра да яе ставяцца. Я думаю, што гэтыя людзі забяспечаць выдатную рэкламу амерыканскаму філіялу БДУІР, бо сваімі дасягненнямі ўжо даказалі высокую якасць нашага дыплома”.

Трэба адзначыць, што амерыканцы будуць атрымліваць звычайны дыплом дзяржаўнага ўзору на дзвюх мовах — рускай і англійскай. На пытанне журналістаў аб яго прызнанні, рэктар БДУІР сказаў, што гэты аспект нават не абмяркоўваўся з амерыканскімі калегамі. “І дагэтуль не ўзнікала ніякіх праблем пры прыёме на работу нашых выпускнікоў, — заўважыў ён, — а зараз тым больш, бо стандарт спецыяльнасці і пералік дысцыплін, якія будуць вывучаць студэнты, цалкам адпавядае патрабаванням беларускага і амерыканскага бакоў”.
Цікава, што пра адкрыццё філіяла БДУІР у амерыканскай навучальнай установе мясцовая газета зрабіла вялікі рэпартаж. Такім чынам, гэтая падзея не засталася без увагі не толькі ў 10-мільённай Беларусі, але і ў 10-мільённым Чыкага. Паводле статыстыкі, у гэтым горадзе пражывае каля 500 тысяч эмігрантаў, і каля паловы з іх хацелі б атрымаць вышэйшую адукацыю.
Міхаіл Батура прагаварыўся, што калі ўсё будзе ісці па плане, то ўжо гэтай восенню будзе адкрыты яшчэ ад зін філіял БДУІР — у Бостане. “Я ўжо разглядаю наша супрацоўніцтва з амерыканскім бокам з аглядкай на іншыя беларускія ўніверсітэты, — заўважыў ён. — Мы не хацелі б замыкацца ў сваіх поспехах, і калі іншыя ўніверсітэты пачнуць падрыхтоўку спецыялістаў на англійскай мове, то яны маглі б далучыцца да сумесных праектаў і праз нашы філіялы прапаноўваць амерыканскім жыхарам свае спецыяльнасці”.

Дарэчы, як паведаміў журналістам міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, сёння ў нашай краіне вучыцца амаль 14 тысяч грамадзян з 88 краін свету. А да 2015/2016 навучальнага года прагназуецца павелічэнне колькасці замежных студэнтаў да 15 тысяч чалавек. Амаль 700 замежнікаў вучыцца ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, больш за 200 — ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі. “Сёння цікавасць да прафесійнай адукацыі вельмі высокая, — заўважыў міністр, — таму мы будзем распрацоўваць спецыяльныя праграмы па навучанні рабочым прафесіям грамадзян іншых дзяржаў на англійскай мове”.
Асаблівасцю апошніх гадоў стала павелічэнне цікавасці з боку замежнікаў да тэхнічных спецыяльнасцей, асабліва ў ІТ-галіне, а таксама павышаецца попыт на магістарскія праграмы.
“Выбудоўваючы стратэгію экспарту адукацыйных паслуг, мы прыкладаем намаганні, каб замежныя грамадзяне ехалі на вучобу ў Беларусь, — заўважыў Сяргей Маскевіч, — але, з іншага боку, улічваючы патрабаванне часу, мы імкнёмся набліжаць адукацыйныя паслугі непасрэдна да спажыўцоў, таму арыентуем установы адукацыі на стварэнне сваіх структур за мяжой”.
Сёння адкрыты і дзейнічаюць Ерэванскі філіял МДЭУ імя А.Д.Сахарава ў Арменіі і сумесны інжынерна-тэхнічны факультэт БНТУ і Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта ў Душанбэ, які таксама мае добрую перспектыву стаць філіялам БНТУ і працаваць не толькі на Таджыкістан, але і на суседнія краіны.
На базе БНТУ адкрыты Беларуска-В’етнамскі цэнтр садзейнічання навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву, а БДУ займаецца стварэннем Беларуска-В’етнамскага інавацыйна-адукацыйнага і навукова-тэхнічнага цэнтра ў В’етнаме.
Зараз вядзецца работа па стварэнні рэсурснага цэнтра пачатковай прафесійнай адукацыі па будаўнічых прафесіях у Азербайджане (РІПА). Плануецца арганізацыя сумеснай адукацыйнай структуры па падрыхтоўцы рабочых кадраў і кадраў сярэдняга звяна ў В’етнаме, М’янме і Бангладэш.
У апошнія гады на беларускім рынку з’явіліся новыя віды адукацыйных паслуг (магістратура, скарочаныя тэрміны навучання, дыстанцыйнае і англамоўнае навучанне). Напрыклад, БДУІР, БДУ, МДЛУ, медыцынскія ўніверсітэты актыўна развіваюць навучанне замежных грамадзян на англійскай мове, але відавочна, што да іх павінны далучацца і іншыя ўніверсітэты. Зараз абмяркоўваецца магчымасць стварэння цэнтраў па падрыхтоўцы замежных грамадзян па праграмах магістратуры на англійскай мове шляхам фарміравання адукацыйных кансорцыумаў.

Галіна СІДАРОВІЧ.

sidarovich@ng-press.by