БДУІР — брэнд у навуцы

- 13:18Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

2022 год у БДУІР аб’яўлены Годам маладзёжнай навукі. Што і невыпадкова, бо ва ўніверсітэце не толькі рыхтуюць канкурэнтаздольных спецыялістаў і навукоўцаў, але і рэалізуюць фундаментальныя і прыкладныя даследаванні. Падрабязней пра іх раскажа прарэктар па навуковай рабоце ўстановы Віктар Стэмпіцкі.

У 2019 годзе В.Р.Стэмпіцкі заняў пасаду намесніка начальніка навукова-даследчай часткі БДУІР, а з верасня 2021 года — прарэктара па навуковай рабоце. “Я ў БДУІР больш за 20 гадоў. Ён стаў для мяне адной з найважнейшых частак жыцця. Як сказаў адзін з маіх паважаных калег: “Прыходзіць на работу і сыходзіць пасля заканчэння працоўнага дня трэба з задавальненнем!” Я з упэўненасцю магу сказаць, што ў мяне з БДУІР менавіта такі сімбіёз”, — падкрэсліў Віктар Раманавіч.

З’яўляючыся прарэктарам, ён арганізуе і кіруе навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасцю ўніверсітэта. “Асноўны прынцып маёй дзейнасці — матываваць уласным прыкладам і натхняць калег на вырашэнне задач, якія забяспечаць усебаковае развіццё ўніверсітэта на карысць нашай краіны”, — сказаў В.Р.Стэмпіцкі.

БДУІР сёння — адзін з вядучых універсітэтаў як Беларусі, так і краін Усходняй Еўропы. Да таго ж гэта навуковая арганізацыя, якая забяспечвае поўны цыкл падрыхтоўкі канкурэнтаздольных спецыялістаў і навукоўцаў і рэалізацыю фундаментальных і прыкладных даследаванняў. А яшчэ БДУІР — базавая арганізацыя дзяржаў — удзельніц СНД па вышэйшай адукацыі ў галіне інфарматыкі і радыёэлектронікі. У многіх краінах свету ўніверсітэт вядомы як знакаміты брэнд не толькі адукацыі, але і навукі.

“У апошнія гады наша краіна вымушана адказваць на новыя сусветныя выклікі: з аднаго боку, імклівае развіццё тэхналогій і змяненне светапогляду грамадства, а з другога — пандэмія, сацыяльная і палітычная нестабільнасць на міжнароднай арэне, — заўважыў В.Р.Стэмпіцкі. — БДУІР аператыўна рэагуе на існуючую сітуацыю: рэалізуюцца падыходы па дыверсіфікацыі рынкаў збыту навукова-тэхнічнай прадукцыі і падрыхтоўцы спецыялістаў, укараняюцца новыя метады падтрымкі навуковых даследаванняў, ажыццяўляецца аптымізацыя напрамкаў навуковай і адукацыйнай дзейнасці”.

“Для маладых вучоных у нашай краіне створана эфектыўная дзяржаўная сістэма падтрымкі на ўсіх этапах навучання і навуковай дзейнасці”.

Будучыню ўніверсітэта Віктар Раманавіч бачыць перспектыўнай: “У нас шмат увагі ўдзяляецца развіццю напрамкаў, звязаных са штучным інтэлектам, апрацоўкай вялікіх даных, тэхналогіямі стварэння гульнявых дадаткаў і г.д. Пры падрыхтоўцы спецыялістаў, акрамя традыцыйных спецыяльнасцей у галіне радыётэхнікі, мікра-, нанаэлектронікі і інфармацыйных тэхналогій, значны акцэнт робіцца на рэалізацыю адукацыйнага працэсу ў галіне інфармацыйнай бяспекі праграмных і апаратных сродкаў, у тым ліку звязаных з інтэрнэт-тэхналогіямі”.

Па словах прарэктара БДУІР, айчынная адукацыя гарманічна спалучае ў сабе асаблівасці класічнай сістэмы з інавацыямі, якія прыносяць навукова-тэхнічны прагрэс і сусветныя тэндэнцыі ў галіне падрыхтоўкі спецыялістаў: “Лічу, для дасягнення поспеху не трэба кідацца ў крайнасці і імкнуцца без аглядкі прытрымлівацца сусветных трэндаў, але варта ажыццяўляць падрыхтоўку спецыялістаў, улічваючы лепшы айчынны і сусветны вопыт”.

Нагадаем, БДУІР унікальны тым, што навуковыя даследаванні ў ім пераважна выконваюцца ў адасобленым падраздзяленні — навукова-даследчай частцы (НДЧ) пад кіраўніцтвам Віктара Стэмпіцкага. У склад НДЧ уваходзіць больш за 30 навукова-даследчых лабараторый і груп, 7 навуковых цэнтраў, якія забяспечваюць вырашэнне найважнейшых фундаментальных і прыкладных задач як нашай краіны, так і замежных партнёраў.

“Для маладых вучоных у нашай краіне створана эфектыўная дзяржаўная сістэма падтрымкі на ўсіх этапах навучання і навуковай дзейнасці: фінансаванне даследаванняў праз прадастаўленне грантаў і стыпендый. Роля ж універсітэта — у пошуку таленавітай моладзі, прадастаўленні ёй матэрыяльна-тэхнічнай базы для правядзення даследаванняў і матэрыяльнага стымулявання, — патлумачыў прарэктар. — У нас арганізавана дастаткова эфектыўная сістэма падтрымкі маладзёжнай навукі. Дзейнічае савет маладых вучоных, які рэгулярна арганізуе вучэбныя семінары для студэнтаў і магістрантаў, праводзіць конкурс на лепшую магістарскую дысертацыю і конкурс “Лепшы малады вучоны БДУІР” з прэміраваннем пераможцаў і іх навуковых кіраўнікоў. Матэрыяльна стымулюцца абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, публікацыі ў рэйтынгавых часопісах, а таксама мы падтрымліваем выданне манаграфій маладых вучоных”.

2022 год у БДУІР аб’яўлены Годам маладзёжнай навукі. У яго межах запланавана правядзенне конкурсаў на атрыманне грантавай падтрымкі праектаў за кошт уласных сродкаў універсітэта, вынікі якіх накіраваны на стварэнне ўзораў канкурэнтаздольнай навукова-тэхнічнай прадукцыі, развіццё перспектыўных навуковых напрамкаў і ўдасканаленне адукацыйнага працэсу, а таксама фінансаванне інавацыйных стартап-праектаў.

“На ўсіх этапах фарміравання асобы — бацькамі дома, настаўнікамі ў школе, выкладчыкамі ва ўніверсітэце, старэйшымі калегамі і кіраўнікамі на прадпрыемстве — моладзь павінна разумець важнасць і каштоўнасць іх дзейнасці для развіцця і росквіту нашай краіны”, — падзяліўся меркаваннем В.Р.Стэмпіцкі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.