БДУІР: набор павялічыўся на 290 чалавек

- 8:49Выбар прафесіі

Сёлета ў БДУІР павялічаны набор на папулярныя IT-спецыяльнасці факультэтаў камп’ютарных сістэм і сетак, інфармацыйных тэхналогій і кіравання, камп’ютарнага праектавання, а таксама інжынерна-эканамічнага факультэта.

Такім чынам, БДУІР плануе прыняць на вучобу амаль 3,5 тысячы чалавек (на 290 больш, чым летась). План прыёму на дзённую бюджэтную форму навучання складае 1233 чалавекі: 1088 — на аснове агульнай сярэдняй адукацыі і 145 — на скарочаны тэрмін падрыхтоўкі на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На дзённую форму на ўмовах аплаты вызначаны 1345 месцаў (у тым ліку 90 — на скарочаны тэрмін).

Як паведаміў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУІР Васіль Бандарык, за апошнія два гады аб’ём падрыхтоўкі студэнтаў дзённай формы вырас ва ўніверсітэце на чвэрць. Гэта абумоўлена патрэбамі заказчыкаў кадраў.

У гэтым годзе на 60 чалавек вырас набор на поўны тэрмін атрымання адукацыі ў дзённай форме на адну з самых папулярных спецыяльнасцей БДУІР — “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. У верасні сюды прыйдуць 240 першакурснікаў на поўны тэрмін і яшчэ 30 — на дзённую скарочаную форму атрымання адукацыі.

Сёлета больш чым удвая вырас набор на дзённую скарочаную форму для выпускнікоў каледжаў. Прычым павялічылася як коль­касць месцаў, так і колькасць спецыяльнасцей. У прыватнасці, адкрыты набор на скарочаную форму навучання па спецыяльнасцях “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Інфакамунікацыйныя тэхналогіі (лічбавае тэлебачанне і радыёвяшчанне)”, “Радыё­інфарматыка”, “Праектаванне і вытворчасць праграмна-кіруемых электронных сродкаў”, “Інжынерна-псіхалагічнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”.

“На скарочаную форму паступаюць выпускнікі каледжаў, якія ўжо маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю адпаведнага профілю. Яны знаёмы з асновамі абранай спецыяльнасці, і матывацыя ў такіх студэнтаў надзвычай высокая. Работадаўцы ведаюць гэта і вельмі зацікаўлены ў такіх спецыялістах”, — гаворыць Васіль Бандарык.

Расце колькасць жадаючых аддалена атрымліваць якасную IT-адукацыю. Сёлета прыём на дыстанцыйную форму ў БДУІР ажыццяўляецца па 8 запатрабаваных спецыяльнасцях: “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”, “Інжынерна-псіхалагічнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у бізнес-менеджменце)”, “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Электронны маркетынг” і “Эканоміка электроннага бізнесу”.

Таксама сёлета павялічаны прыём і на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў філіяле БДУІР “Мінскі радыётэхнічны каледж” (+30 чалавек на спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”). Усяго каледж плануе прыняць 365 чалавек.

Падрыхтавала Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БДУІР.