Міжнародны маладзёжны лагер 23 раз прывітаў сяброў. Кожны год прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Расійскага саюза моладзі і Саюза за прагрэс моладзі Латвіі ў ліпені збіраюцца разам ля Кургана Дружбы — святога месца для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
Насыпаны ў далёкім 1959 годзе на беразе рэчкі Сіняй у гонар баявой садружнасці партызан Беларусі, Латвіі і Расіі, курган стаў месцам штогадовай сустрэчы ветэранаў. Тры алеі збягаюць ад яго: бярозавая — у бок Беларусі, кляновая — Расіі і ліпавая — Латвіі, а на самай вяршыні расце дуб — сведка мінулага і сімвал непарушнай еднасці народаў. Сімвалічна і тое, што ідэя “Бе-La-Русі” ўзнікла менавіта ў 1992 годзе, у няпросты момант, калі ўпершыню за многія гады пад пытаннем апынулася сус трэча ветэранаў. Тады, дзякуючы намаганням патрыётаў, удалося не толькі захаваць гэтую традыцыю, але і стварыць новую, якая аб’яднала моладзь з трох былых саюзных рэспублік.
Арганізатарам форуму па чарзе становіцца адна з маладзёжных арганізацый. Сёлета гэта быў Расійскі саюз моладзі, а паколькі 2014-ы ў Расіі — Год культуры, то на працягу некалькіх дзён палатачны лагер у Верхнядзвінскім раёне жыў пад знакам “Культурнай рэвалюцыі”. Канцэртна-забаўляльныя праграмы пад такой назвай праходзілі тры вечары запар. Лейтматывам сус трэч стала знаёмства з лепшымі ўзорамі сусветнай і нацыянальных культур, прыцягненне ўвагі да пытанняў захавання культурна-гістарычнай спадчыны. Як заўсёды, праграма лагера прадугледжвала мноства цікавых адукацыйных і спартыўных мерапрыемстваў: маладыя людзі з імпэтам прымалі ўдзел у трэнінгах і сюжэтна-ролевых гульнях, спрабавалі свае сілы ў спаборніцтвах і творчых конкурсах, выразны акцэнт у арганізацыі і правядзенні якіх быў зроблены на тэме сям’і і сямейных каштоўнасцей. Між іншым, гісторыя “Бе-La-Русі” налічвае не адну пару, якая некалі пазнаёмілася ў гэтым маладзёжным летніку… Вось толькі называць яго проста “маладзёжным” будзе ўжо няправільна: хаця штогод лагер “прырастае” моладдзю, а ўвогуле за час існавання праз яго прайшлі тысячы юнакоў і дзяўчат, некаторыя “старажылы” прыязджаюць сюды на працягу двух дзесяцігоддзяў.
Тут уладараць сяброўства і добрасуседства, імкненне больш даведацца і лепш зразумець адно аднаго, адбываецца абмен вопытам паміж маладзёжнымі лідарамі, абмяркоўваюцца праблемы, якія хвалююць маладое пакаленне. Закладваюцца асновы для плённага канструктыўнага супрацоўніцтва ў будучыні, зберагаецца памяць пра мінулае: юнакі і дзяўчаты па традыцыі наведваюць Музей баявой славы, сустракаюцца з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, ускладаюць кветкі да помнікаў падпольшчыкам Прошкаўскай інтэрнацыянальнай камсамольскай арганізацыі і Герою Савецкага Саюза Марыі Пынто. Час паказаў, што форма летніка — фестывалю нацыянальных культур і адначасова адкрытай творчай і дыскусійнай пляцоўкі — выбрана надзвычай удала: форум сапраўды сцірае межы, яднае не толькі краіны, але і пакаленні. І нездарма апошнія радкі з гімна лагера — “Да сустрэчы ў любай усім Бе-La-Русі” — адгукаюцца ў сэрцах яго ўдзельнікаў як непарушнае абяцанне…
Фота БелТА.