Бэбі-ёга ў дзіцячым садзе

Захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей з’яўляецца прыярытэтным напрамкам дзейнасці нашай дашкольнай установы. Для яе паспяховага ажыццяўлення мы рэгулярна ўкараняем у сістэму фізічнага выхавання сучасныя сродкі аздараўлення. З нядаўняга часу ў нас праводзяцца заняткі бэбі-ёгай з вывучэннем алфавіту.

Дзіцячая ёга — гэта комплекс практыкаванняў, які спрыяе правільнаму фізічнаму і псіхічнаму развіццю дзіцяці. Займаючыся ёгай з ранніх гадоў, дзіця атрымлівае добры старт для здаровага ладу жыцця. Усе дзеці любяць гульню і таму кожныя заняткі — гэта чароўнае ператварэнне ў пацешную або драпежную жывёлу, а часам — і ў адважнага воіна! Такая ёга вучыць не толькі клапаціцца пра сваё здароўе, але і дапамагае развіць вобразнае мысленне дзяцей.

Фарміраванне правільнай паставы, прафілактыка скрыўлення пазваночніка, умацаванне ступні, прадухіленне плоскаступнёвасці, расцяжка — малая частка таго, што дае ёга. Яшчэ адна асаблівасць заняткаў у тым, што яны сумешчаныя з вывучэннем ёга-алфавіту. Што гэта значыць? На занятках мы выкарыстоўваем 32 карткі з выявай літары і ёга-практыкаванні, якія пачынаюцца на гэтую літару. Дзеці не проста займаюцца, але і вывучаюць алфавіт. На кожнай картцы, акрамя літары, намалявана пэўная пазіцыя ёгі, а з адваротнага боку напісаны вершы, якія малышы падчас заняткаў прамаўляюць і запамінаюць. Напрыклад, на картцы з літарай “А” намалявана акула і пазіцыя “Акула”, калі дзіця ляжыць на жываце, адвёўшы рукі назад і прыўзнімаючы корпус цела ўверх не кранаючыся рукамі падлогі. На карт­цы з літарай “Ж” намаляваны жук і пазіцыя “Жук”, выконваючы якую дзіця ляжыць на спіне, падымаючы прамыя рукі і ногі адначасова.

На занятках дзіцячай ёгай асаны або практыкаванні камбінуюцца з дынамічнымі гульнямі. Можа здавацца, што дзеці проста бегаюць, скачуць і гуляюць, толькі на некаторы час прымаючы статычныя позы, аднак у рэчаіснасці такія заняткі даюць комплексны станоўчы вынік. Выхаванцы не губляюць цікавасці да заняткаў, не стамляюцца і даюць выхад энергіі. А наогул, бэбі-ёга аказвае вельмі станоўчы эфект на ўмацаванне здароўя дзяцей.

Наталля КАМІНСКАЯ,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 3 Круглага.