Беднасць і няроўнасць зусім не непазбежныя

- 11:15Інфармацыйная гадзіна

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш абазначыў 12 галоўных напрамкаў дзейнасці арганізацыі на 2018 год, паведамляецца на сайце Цэнтра навін ААН.

Паводле слоў кіраўніка ААН, у ліку асноўных праблем, якімі трэба будзе заняцца ў 2018 годзе, — урэгуляванне канфліктаў на Блізкім Усходзе і “замарожаных” канфліктаў у Еўропе, вырашэнне праблемы бежанцаў у М’янме і Бангладэш, а таксама дэнуклеарызацыя Карэйскага паўвострава.

Так, закранаючы сітуацыю на Карэйскім паўвостраве, генеральны сакратар заклікаў актывізаваць дыпламатычныя намаганні, абапіраючыся на пробліскі надзеі, якія з’явіліся. Антоніу Гутэрыш таксама заявіў, што яго абнадзейвае рашэнне КНДР прыняць удзел у Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.

Гаворачы пра канфлікты ў Еўропе, Генеральны сакратар ААН адзначыў, што краіны кантынента маюць рычагі, неабходныя для пераадолення праблем. “Для ўрэгулявання гэтых сітуацый неабходна процістаяць небяспечнай хвалі нацыяналізму і ажывіць работу адпаведных пасрэдніцкіх ініцыятыў, уключаючы “нармандскі фармат” і трохбаковую кантактную групу па ўсходняй Украіне, Мінскую групу АБСЕ па Нагорным Карабаху, Жэнеўскія міжнародныя дыскусіі па Грузіі і працэс “5+2” па Прыднястроўі”, — падкрэсліў кіраўнік ААН.

Антоніу Гутэрыш таксама заклікаў дабівацца пераходу на зялёную эканоміку і змякчэння наступстваў змянення клімату. Ён нагадаў аб неабходнасці выкарыстоўваць перавагі такіх працэсаў, як глабалізацыя, міграцыя і імклівае развіццё тэхналогій. Паводле яго слоў, гэта дапаможа скончыць узрастаючую няроўнасць. “Беднасць і няроўнасць або нераўнамернае размеркаванне вынікаў глабалізацыі зусім не непазбежныя, — заявіў Антоніу Гутэрыш. — Той факт, што восем чалавек валодаюць такімі ж сродкамі, як найбяднейшая палова чалавецтва, — не выпадковасць. Тое, як функцыянуе глабальная эканоміка і міжнародны гандаль, — вынік рашэнняў самога чалавека”.

Нагадаўшы аб вялізных перавагах, якія абяцае чацвёртая прамысловая рэвалюцыя, генеральны сакратар папярэдзіў аб яе патэнцыяльнай небяспецы: “Мы ведаем, што тэхналогіі здольны паглыбляць няроўнасць. Укараненне штучнага інтэлекту можа стварыць нестабільнасць на рынках працы і ў грамадстве ў цэлым, генная інжынерыя выклікае сур’ёзныя этычныя пытанні, расце пагроза кібербяспецы і ўмяшанне ў прыватнае жыццё”.

Кіраўнік ААН заклікаў краіны выканаць свае абавязацельствы ў галіне фінансавання развіцця, а таксама распрацаваць механізмы, якія не даюць магчымасці ўхіляцца ад падаткаў, займацца адмываннем грошай і спыняюць незаконныя патокі капіталу. Антоніу Гутэрыш паабяцаў, што ААН акажа дзяржавам падтрымку ў выкананні да 2030 года Мэт устойлівага развіцця.

Барацьба з тэрарызмам, абарона правоў чалавека, лічыць Антоніу Гутэрыш, таксама не знікнуць з парадку дня ААН на 2018 год. Ён заклікаў удзяляць увагу асноўным прычынам тэрарызму і пазбягаць дзеянняў, якія будуць выклікаць незадаволенасць грамадзян і падштурхоўваць іх да эстрэмізму. Ён нагадаў, што ў чэрвені скліча саміт кіраўнікоў контртэрарыстычных органаў розных краін з мэтай умацавання шматбаковага супрацоўніцтва ў гэтай галіне.

Гаворачы пра міграцыю, кіраўнік ААН падкрэсліў, што яна з’яўляецца пазітыўнай глабальнай з’явай, стымулюе эканамічны рост, садзейнічае скарачэнню маштабаў няроўнасці і дапамагае пераадольваць дэмаграфічныя праблемы. Кіраўнік ААН заклікаў актывізаваць перагаворы па распрацоўцы новага глабальнага дагавора па міграцыі і забяспечыць каналы бяспечнай і законнай мабільнасці людзей.

Генеральны сакратар асобна закрануў неабходнасць ва ўсіх 12 галінах дабівацца захавання правоў жанчын і абараняць іх ад насілля, у тым ліку сексуальнага. Ён таксама абазначыў такія напрамкі дзейнасці ААН, як умацаванне міратворчасці і партнёрства з Афрыканскім саюзам.

Антоніу Гутэрыш падкрэсліў, што вырашэнне ўсіх пералічаных праблем патрабуе часу, сродкаў, сіл, палітычнага капіталу і не толькі. Але ён перакананы, што кожны можа ўнесці свой уклад у пабудову квітнеючага і бяспечнага свету.

“Нават перад тварам узрушэнняў і нянавісці мы павінны сцвярджаць каштоўнасці, замацаваныя ў Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, — нагадаў Антоніу Гутэрыш. — Але зрабіць гэта мы можам толькі разам, паколькі мы — гэта Аб’яднаныя Нацыі, адзіная чалавечая сям’я”.