На сучасным этапе развіцця чалавецтва сутыкнулася з вялікай колькасцю глабальных праблем, і адной з самых важных з’яўляецца, безумоўна, экалагічная. Сёння кожны з нас прывык жыць у камфорце, але, на жаль, плата за яго вельмі дарагая. Таму ў 2008 годзе рэспубліканскае сацыяльна-экалагічнае грамадскае аб’яднанне “Жывое партнёрства” пачало рэалізацыю праекта “Развіццё сістэмы экалагічнага менеджменту ў адукацыйных і сацыяльных установах”. Сярэдняя школа № 28 Магілёва ў студзені 2014 года, прайшоўшы конкурсны адбор, разам з яшчэ пяццю ўстановамі адукацыі Беларусі далучылася да гэтага праекта.
Галоўныя задачы праекта — аб’яднаць арганізацыі, дзейнасць якіх накіравана на экалагічную адукацыю сваіх работнікаў, вучняў і іх бацькоў, развіваць навыкі экалагічна ўсвядомленых паводзін у быце і прафесійнай дзейнасці. Сімвалам таго, што адукацыйная ці сацыяльная ўстанова Беларусі знізіла шкоднасць сваёй жыццядзейнасці, з’яўляецца сертыфікат “Белы бусел”. За пяць апошніх гадоў экалагічны сертыфікат “Белы бусел” на тэрыторыі нашай краіны ўжо атрымалі 23 арганізацыі. Гэты сертыфікат — своеасаблівае прызнанне работы калектыву эфектыўнай, таму атрымаць яго — вялікае дасягненне.
Мы расставілі акцэнты на найбольш важных задачах, якія патрабуюць хуткага вырашэння, а канкрэтна — на рацыянальным выкарыстанні энергарэсурсаў, правільным абыходжанні з адходамі. Кожную чвэрць у школе праводзіцца конкурс на лепшы клас па здачы макулатуры. Распрацаваны і ўкараняецца праект па азеляненні прышкольнай тэрыторыі. Асвятленне школы пераводзіцца са звычайных электралямпачак на энергазберагальныя. Усе вучні школы прымаюць актыўны ўдзел у зборы выкарыстаных батарэек.
Пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі Валянціны Васільеўны Драгальчук у школе арганізавана даследчая дзейнасць старшакласнікаў у галіне энергазберажэння. Даследчая работа “Абноўлены дом”, у якой вучні знайшлі спосаб зберажэння энергарэсурсаў пры рэканструкцыі дамоў-“хрушчовак”, стала адной з пераможцаў абласнога конкурсу. Творчая работа з другаснай сыравіны “ТэхнаЭвалюцыя” стала пераможцай на абласным конкурсе (настаўніца Таццяна Маркаўна Якаўлева).
Вучні школы вынікова прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў у інтарэсах устойлівага развіцця рэгіёнаў “Зямля — наш дом”, маладзёжным медыяфестывалі “Галасы маладых за ўстойлівае развіццё”, гарадскім конкурсе школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”.
Укараненне ва ўстанове адукацыі сістэмы экалагічнага менеджменту дазваляе сёння не проста даваць абяцанні аб тым, што мы захаваем нашу зямлю, а прымаць практычныя меры для вырашэння існуючых экалагічных праблем, прывучаючы і дзяцей, і дарослых жыць па-новаму, зніжаючы да мінімуму шкоду, якую наносяць навакольнаму асяроддзю. Сёння кожны настаўнік, кожны вучань нашай установы адукацыі імкнецца сваёй дзейнасцю, накіраванай на вырашэнне маленькіх экалагічных праблем, паказаць, што сярэдняя школы № 28 Магілёва дастойна сертыфіката экалагічнай адпаведнасці “Белы бусел”. Мы спадзяёмся, што яго атрымаем.
Алена ІВАШНЁВА,
дырэктар сярэдняй школы № 28 Магілёва.