Беларусь — Азербайджан: насустрач адно аднаму

- 11:23Актуально, Апошнія запісы

У рамках Дзён моладзі Азербайджана ў Беларусі замежная дэлегацыя на чале з намеснікам міністра спорту і маладзёжнай палітыкі Азербайджана І.В.Бабаевым наведала з двухдзённым візітам горад над Бугам, дзе пабывала ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, Маладзёжным патрыятычным цэнтры, БрДУ імя А.С.Пушкіна, Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры маладзёжнай творчасці і новай сярэдняй школе № 11.

Азербайджанскіх гасцей сустракалі ў БрДУ імя А.С.Пушкіна хлебам-соллю. Падчас паўтарагадзіннага адкрытага дыялогу з моладдзю, да якога далучыўся міністр адукацыі Беларусі І.В.Карпенка і намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюк, абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў, якія тычыліся далейшага развіцця сяброўскіх адносін дзяржаў, арганізацыі студ­атрадаўскага і валанцёрскага руху, запатрабаванасці беларускай вышэйшай адукацыі сярод замежных грамадзян, рынку працы для моладзі, патрабаванняў да падрыхтоўкі сучасных спецыялістаў з улікам развіцця новых тэхналогій, асаблівасцей маладзёжнай палітыкі дзвюх краін, праблем сучаснай школы, рэалізацыі сумесных маладзёжных праектаў у сферы ІТ і нават нацыя­нальнай кухні.

— Паміж Беларуссю і Азербайджанам усталяваны даўнія сяброўскія адносіны, якія дынамічна развіваюцца ў розных напрамках, у тым ліку ў адукацыйнай і маладзёжнай палітыцы, культуры, — адзначыў І.В.Карпенка. — Так, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка адкрыты цэнтр азербайджанскай мовы і культуры, а ў Бакінскім славянскім універсітэце створаны цэнтр беларускай культуры. Нам ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго, падзяліцца цікавым вопытам.

Міністр расказаў, што сёння ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі вучыцца каля 23 тысяч замежных грамадзян (каля 7,5% ад агульнай колькасці студэнтаў). Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца тэхнічныя, медыцынскія і культуралагічныя спецыяльнасці. Цікавасць да Беларусі з боку замежнікаў абумоўлена даступнасцю, якасцю і мабільнасцю айчыннай адукацыі, яе багатымі традыцыямі і аўтарытэтнымі навуковымі школамі. Немалаважную ролю ў выбары замежнікамі нашай краіны адыгрывае адсутнасць міжканфесійных канфліктаў, спакойная і стабільная ўнутраная палітычная абстаноўка.

— За гады актыўнага супрацоўніцтва з Азербайджанам закладзены трывалыя традыцыі ў духу партнёрства, дружбы і ўзаемапавагі, — заўважыў І.В.Карпенка. — Дні моладзі — адзін з крокаў насустрач адно аднаму, бо менавіта моладзі вызначаць будучыню нашых краін. Упэўнены, што ў беларуска-азербайджанскага супрацоўніцтва добрыя перспектывы і наша сяброўства бу­дзе толькі ўмацоўвацца.

І.В.Бабаеў падзякаваў беларускаму боку за гасцінны прыём і магчымасць бліжэй пазнаёміцца з 1000-гадовым Брэстам, наладзіць сяброўскія адносіны паміж моладдзю дзвюх краін.

І.В.Карпенка і І.В.Бабаеў пабывалі ў сярэдняй школе № 11, размешчанай у раёне новабудоўляў. Гэта самая вялікая ўстанова адукацыі ў вобласці. У школе атрымліваюць веды каля 2 тысяч дзяцей. Госці азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы і арганізацыяй адукацыйнага працэсу ў ёй. Падчас сустрэчы з маладымі спецыялістамі І.В.Карпенка цікавіўся ўмовамі іх работы, узроўнем заробкаў, якасцю ўніверсітэцкай, у тым ліку псіхолага-педагагічнай, падрыхтоўкі, аб’ёмам дакументаабароту і іншымі праблемнымі пытаннямі.

— Прыемна, што моладзь ясна і дакладна бачыць сябе ў настаўніцкай прафесіі і не расчаравана ў ёй, — адзначыў І.В.Карпенка. — Сучасны педагог павінен быць не толькі высакакласным спецыялістам, але і цікавай асобай, прыкладам для пераймання.   

Пасля наведвання школы госці пераехалі ў Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр мала­дзёжнай творчасці, дзе праходзілі майстар-класы, працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі і фотазоны. Падчас святочнага канцэрта творчыя калектывы Беларусі і Азербайджана паказалі сваё майстэрства ў вакальных і танцавальных нумарах.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.