Аляксандр ЛУКАШЭНКА:“Беларусь бачыць у ШАС арганізацыю, якая павінна ўнесці свой важкі ўклад у забеспячэнне шматбаковай бяспекі, абарону міжнародных норм і правіл”

- 12:07Інфармацыйная гадзіна

Беларусь гатова садзейнічаць пашырэнню напрамкаў супрацоўніцтва ў Вялікай Еўразіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 чэрвеня на пасяджэнні савета кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Ціндаа.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што менавіта практычная эканамічная кааперацыя краін — членаў ШАС з дзяржавамі-наглядальнікамі і партнёрамі, эфектыўнае выкарыстанне іх транзітных і лагістычных магчымасцей можа стаць адным з перспектыўных напрамкаў развіцця арганізацыі.

“На гэтым шляху ў рамках плана сумесных дзеянняў ужо зроблены першы важны крок па стыкоўцы нацыянальных стратэгій развіцця, а таксама па спалучэнні ЕАЭС з ініцыятывай “Пояса і шляху”. Беларусь як краіна-ініцыятар і прыхільнік ідэі “інтэграцыі інтэграцый” гатова садзейнічаць выяўленню новых агульных інтарэсаў і пашырэнню напрамкаў супрацоўніцтва ў Вялікай Еўразіі”, — заявіў прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у краіне гэтым мэтам у поўнай меры адпавядае рэалізацыя праекта Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, за якім нездарма замацавалася назва “жамчужына Шаўковага шляху”.

Паспяховае развіццё парка прыцягвае да яго ўсё большую ўвагу замежных кампаній з усяго свету, асабліва з краін Еўрапейскага саюза.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ва ўмовах цяперашніх глабальных геапалітычных і эканамічных трансфармацый супярэчнасці паміж дзяржавамі прымаюць усё больш вострую форму. Нявызначанасць стала новай “нармальнасцю”.

“Варожасць і канфрантацыя вядуць да росту напружанасці, узнікае небяспека сур’ёзных канфліктаў з непрадказальнымі вынікамі. У гэтых умовах Беларусь бачыць у ШАС арганізацыю, якая павінна ўнесці свой важкі ўклад у захаванне шматбаковай бяспекі, абарону міжнародных норм і правіл, перамогу разважлівасці ў міждзяржаўных адносінах”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што на фоне новых хваль пратэкцыянізму ў сусветным гандлі, якія прама ці ўскосна закранаюць практычна ўсе дзяржавы, што ўдзельнічаюць у саміце, узнікае прамая пагроза ўцягвання ў гандлёвыя войны.

“Таму для ўсіх нас вельмі актуальным з’яўляецца прыняцце сумесных мер, накіраваных на ўмацаванне сусветнай гандлёвай сістэмы шляхам выкарыстання магчымасцей Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы”, — лічыць беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сучасныя тэмпы развіцця тэхналогій нясуць у сабе як новыя магчымасці, так і новыя пагрозы і выклікі. Ніводная дзяржава не можа сабе дазволіць проста закрыцца або нешта забараніць у гэтай сферы.

“Прапаную ўсім нам разам падумаць над стварэннем агульнай электроннай платформы, скажам, “ІТ-экасістэмы ШАС”, якая аб’яднае ў сабе магчымасці электронных СМІ, сацыяльных сетак, электроннага гандлю і шмат іншага”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць узмацніць кааперацыю, павысіць канкурэнтаздольнасць нацыянальных эканомік ва ўмовах глабальнага свету. “А таксама дапаможа нам захаваць бяспеку нашых краін”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Узровень арганізацыі і форма нашай сённяшняй работы — гэта прыклад для ўсіх міжнародных арганізацый, як трэба працаваць, а не хадзіць па залах, забываючы аб тым, што трэба слухаць адно аднаго”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў старшынства Кітая ў ШАС, якое завяршаецца. Паводле яго слоў, яно мае гістарычнае значэнне. “Прапанаваўшы ўсім дзяржавам канцэпцыю супольнасці адзінага лёсу, Кітайская Народная Рэспубліка за мінулы год унесла значны ўклад у пераадоленне ўзнікаючых перад намі новых выклікаў і пагроз у мэтах стварэння больш бяспечнага і квітнеючага свету”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

На заканчэнне ён пажадаў поспехаў Кыргызстану, які прымае старшынства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.