Беларусь была і застаецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай

- 10:17Інфармацыйная гадзіна

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава з рабочай паездкай наведала РУП “Белмедпрэпараты”, дзе сустрэлася з працоўным калектывам.

“Сустрэчы ў працоўных калектывах, арганізацыях, установах сталі традыцыйнымі. У апошні час сябе добра зарэкамендавалі дыялогавыя пляцоўкі. Мне ў большай ступені падабаецца менавіта такая форма сустрэч з людзьмі, калі мы прыязджаем у працоўныя калектывы і адказваем на пытанні людзей. Такім чынам, размаўляючы, мы высвятляем тыя праблемы, якія хвалююць людзей. Тыя прапановы, якія яны хочуць выказаць”, — адзначыла Наталля Качанава.

Спікер расказала, што, працуючы ў свой час ва ўрадзе, яна ўжо наведвала “Белмедпрэпараты”. Наталля Качанава нагадала, тады перад галіной стаяла задача давесці выпуск беларускіх медпрэпаратаў да 50 працэнтаў. На наступную пяцігодку стаіць задача давесці гэтую лічбу да 75 працэнтаў. “Вядома, вельмі важна, каб лінейка беларускіх медпрэпаратаў была дастаткова шырокай, больш даступнай па цане ў адрозненне ад імпартных, — сказала яна. — Вы цяпер пачалі разліваць вакцыну, якую вельмі чакае краіна. Сёння нам паказвалі прэпараты, якія выкарыстоўваюцца ў посткавідны перыяд або ў перыяд лячэння ад COVID-19. Вялікі вам дзякуй за вашы распрацоўкі, таму што для людзей гэта вельмі важна”.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што даволі сур’ёзныя сродкі дзяржавай накіроўваюцца на барацьбу з каранавірусам — на закупку медпрэпаратаў, даплаты медработнікам.

“Зусім нядаўна ў нас прайшоў Усебеларускі народны сход, дзе былі вызначаны прыярытэтныя напрамкі развіцця нашай краіны на найбліжэйшае пяцігоддзе, дзе разглядаліся пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця, грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне і тыя задачы, якія стаяць перад усімі органамі ўлады. Вядома, абагульняліся тыя прапановы, якія паступалі. Але, на мой погляд, самае важнае, што чарговы раз было пацверджана тое, што наша краіна застаецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай, — дадала Наталля Качанава. — На працягу ўсёй гісторыі сваёй краіны мы рабілі ўсё для таго, каб на чале ўсяго быў чалавек з яго патрэбамі, праблемамі. Сёння дзяржава ўзяла на сябе сур’ёзныя абавязацельствы па сацыяльных гарантыях. Гэта адукацыя, культура, ахова здароўя, сацабарона. Практычна 70 працэнтаў бюджэтных сродкаў накіроўваецца на сацыяльную сферу. Вельмі важна, расставіўшы гэтыя прыярытэты, разумець, што ўзятыя абавязацельствы дзяржава будзе выконваць тады, калі будзе працаваць эканоміка, прадпрыемствы”.

Як падзяліўся з журналістамі гендырэктар РУП “Белмедпрэпараты” Сяргей Бяляеў, размова калектыву з Наталляй Качанавай атрымалася адкрытай і давернай. “Пытанні былі абсалютна рознымі. Яны тычыліся як дзейнасці нашага прадпрыем­ства, так і ў прынцыпе таго, што чакае прадпрыемствы Беларусі, заканчваючы звычайнымі бытавымі пытаннямі: мацярынства і дзяцінства, пенсіённага ўзросту, аховы навакольнага асяроддзя. Інакш кажучы, быў абсалютна шырокі спектр пытанняў, — расказаў ён. — Такія сустрэчы патрэбны для таго, каб лю­дзі разумелі  тыя працэсы, якія адбываюцца ў органах дзяржкіравання, якія навацыі абмяркоўваюцца і маюцца на ўвазе ў найбліжэйшы час. І такая зваротная сувязь ад нас, грамадзян, работнікаў прадпрыемстваў, для кіраўніцтва вельмі важная”.

Гендырэктар адзначыў, што ў час размовы закраналася і тэма вакцыны.