Беларусь гатова падключацца да ўсіх сур’ёзных сцэнарыяў урэгулявання ўкраінскага канфлікту

Урэгуляванне ўкраінскага канфлікту — ключавое пытанне бяспекі ў Еўропе. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, выступаючы на 25-м пасяджэнні Савета Міністраў АБСЕ ў Мілане, паведамілі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства.

“Некаторыя нават гавораць, што Данбас — гэта пытанне палітычнага парадку дня ў Еўропе. На жаль, апошнія падзеі выклікаюць сур’ёзную заклапочанасць, — адзначыў кіраўнік беларускага МЗС. — З інцыдэнтам у Керчанскім праліве мы наблізіліся да вельмі небяспечнай рысы — поўнамаштабнага канфлікту. Гэта чырвоная лінія. За ёй — кропка незваротнасці”.

“Ведаем добра з гісторыі, што ў мінулым такія інцыдэнты прыводзілі да сусветных войнаў”, — дадаў Уладзімір Макей.

“Беларусь прадоўжыць прыкладаць максімум намаганняў па садзейнічанні вырашэнню гэтага крызісу, уключаючы забеспячэнне пляцоўкі для работы трохбаковай кантактнай групы ў Мінску. Гатовы канструктыўна падключацца да ўсіх сур’ёзных сцэнарыяў урэгулявання гэтага канфлікту”, — заявіў міністр.

У ваенна-палітычнай сферы Беларусь падтрымлівае правядзенне інвентарызацыі асноўных міжурадавых супярэчнасцей, выяўленне зон і кропак напружанасці, якія могуць прывесці да перарастання ў адкрытыя ваенныя сутыкненні, павышэнне ваеннай транспарэнтнасці шляхам наладжвання сістэмы сігналізавання адно аднаму аб патэнцыяльных пагрозах узнікнення канфлікту, аднаўленне афіцыйных і неафіцыйных каналаў камунікацыі паміж ваеннымі, вывучэнне вопыту прымянення рэгіянальных і лакальных мер даверу і бяспекі.

Міністр падкрэсліў, што Беларусь гатова прадаўжаць добрасумленна ставіцца да гэтага працэсу з мэтай зніжэння пагроз ваеннай канфрантацыі, стварэння ўмоў для аднаўлення даверу на еўрапейскім кантыненце. “На наш погляд, гэта лепшы адказ на так званую дылему бяспекі ў рэгіёне АБСЕ, калі дзеянні некаторых дзяржаў-удзельніц, накіраваныя на захаванне іх уласнай бяспекі, на самай справе вядуць да пагаршэння бяспекі для ўсіх”, — сказаў Уладзімір Макей.