Беларусь гатова ўдзельнічаць у рэалізацыі інфраструктурных праектаў Афганістана

Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на перагаворах з кіраўніком выканаўчай улады Афганістана Абдулой Абдулой у пашыраным складзе, якія прайшлі ў час афіцыйнага візіту высокага госця ў нашу краіну.

“Прапануем канкрэтызаваць магчымыя формы і механізмы падключэння Беларусі да рэалізацыі значных інфраструктурных праектаў у прамысловасці, горназдабыўной і энергетычнай сферах на тэрыторыі Афганістана. У першую чаргу гэта арганізацыя паставак будаўнічых матэрыялаў, адпаведнай тэхнікі і абсталявання, уключаючы забеспячэнне іх комплекснага сэрвіснага абслугоўвання”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, Афганістан сёння рэалізоўвае маштабныя не толькі па мерках краіны, але і цэлага рэгіёна інфраструктурныя праекты па будаўніцтве ліній электраперадачы, газаправодаў, гідраэлектрастанцый. Беларусь гатова на ўзаемавыгаднай аснове прыняць самы актыўны ўдзел у гэтых і іншых праектах, запэўніў кіраўнік урада.

Беларусь таксама прапануе актывізаваць двухбаковае супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі. Прычым магчымы пастаўкі на афганскі рынак не толькі прадуктаў харчавання, але і тэхналогій і абсталявання. Напрыклад, Беларусь з’яўляецца вытворцам добра вядомых у свеце збожжа- і кормаўборачных камбайнаў, трактароў і прычапнога і навяснога абсталявання да іх, якія могуць быць запатрабаваны ў аграрным сектары Афганістана. Беларусь гатова падзяліцца з афганскімі партнёрамі наяўнымі тэхналогіямі і абсталяваннем для вытворчасці і перапрацоўкі мяса, малака, плодаагародніннай прадукцыі. Узаемавыгаднае супрацоўніцтва можа быць наладжана ў адукацыйнай і навукова-тэхнічнай сферах.

“Гэта толькі некаторыя перспектыўныя напрамкі беларуска-афганскага супрацоўніцтва. Выбудоўванне адносін — гэта вуліца з двухбаковым рухам, таму мы гатовы разглядаць канкрэтныя сустрэчныя прапановы афганскіх партнёраў па ўсіх сферах узаемнага інтарэсу”, — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

Абдула Абдула, у сваю чаргу, падзякаваў беларускаму боку за цёплы прыём і выказаў гатоўнасць абмеркаваць шырокае кола пытанняў.

Ён запэўніў, што Афганістан гатовы развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю.

У ходзе візіту было падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснага камітэта Беларусі і Афганістана па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве. “Мы лічым, што ў святле падпісанага пагаднення ўзаемаадносіны нашых краін могуць быць пашыраны ў розных галінах: у сферы здабычы карысных выкапняў, дарожным будаўніцтве, арганізацыі паставак сельскагаспадарчай прадукцыі. Таксама будзе развівацца абмен вопытам і тэхналогіямі”, — адзначыў Абдула Абдула.

У час афіцыйнага візіту ў Беларусь Абдула Абдула наведаў МТЗ, МАЗ, ААТ “Амкадор”, “БелОМА — ММЗ імя С.І.Вавілава”. Паводле яго ацэнкі, гэтыя прадпрыемствы дэманструюць высокі ўзровень тэхналагічнага развіцця краіны. “Мы гатовы выкарыстоўваць вопыт Беларусі ў розных сферах. Можна павіншаваць Беларусь з поспехамі, якія дасягнуты ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, фармакалогіі, сферы падрыхтоўкі спецыялістаў у самых розных галінах”, — лічыць ён.

Абдула Абдула таксама падзякаваў беларускаму боку за гатоўнасць заняцца падрыхтоўкай спецыялістаў для эканамічнага сектара Афганістана.

Прэс-сакратар кіраўніка выканаўчай улады Афганістана Абдулы Абдулы Джавід Файсаль у размове з журналістамі аб развіцці адносін паміж краінамі адзначыў: “Мы спадзяёмся на плённае двухбаковае супрацоўніцтва ў сферах гандлю, бізнесу, стварэння сумесных прадпрыемстваў. Зацікаўлены ў спрашчэнні візавага рэжыму паміж дзяржавамі, у тым ліку для актывізацыі прытоку бізнесу з адной краіны ў другую”.