Беларусь і Кітай у 2019 годзе сумесна правядуць Год адукацыі

- 11:03Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на сустрэчы з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро Цэнтральнага камітэта кампартыі Кітая, сакратаром Цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны Чжаа Лэцзі.

“2019 год стане Годам адукацыі ў Беларусі і Кітаі. Лічу, адкрыццё ў Беларусі кампуса аднаго з вядучых кітайскіх універсітэтаў павінна стаць добрым вынікам нашай сумеснай работы”, — сказаў Сяргей Румас.

Прэм’ер-міністр адзначыў паспяховую практыку правядзення тэматычнага года ў двухбаковых адносінах. Галоўны вынік правядзення Года турызму Беларусі ў Кітаі ў 2018 годзе — гэта падпісанае ў Цындаа Пагадненне аб узаемным бязвізавым рэжыме для грамадзян дзвюх краін.

Сяргей Румас павіншаваў Чжаа Лэцзі з надыходзячым дзяржаўным святам — Днём абвяшчэння Кітайскай Народнай Рэспублікі, што адзначаецца 1 кастрычніка. Прэм’ер-міністр таксама падкрэсліў, што Урад Беларусі ўдзяляе вялікую ўвагу развіццю эканамічных адносін з Кітаем.

У сваю чаргу Чжаа Лэцзі адзначыў, што двухбаковыя адносіны маюць здаровую і стабільную тэндэнцыю развіцця. “Кітай і Беларусь — добрыя сябры і партнёры, якія пастаянна аказваюць адно аднаму шчырую дапамогу. Пад стратэгічным кіраўніцтвам кіраўнікоў дзвюх дзяржаў адносіны ўступілі ў новы этап стратэгічнага партнёрства, для якога характэрны ўзаемны давер і выгада”, — дадаў ён.