5 лютага ў рамках правядзення Сусветнай зімняй універсіяды-2015 (Гранада, Іспанія) у канферэнц-зале Міжнароднай федэрацыі ўніверсітэцкага спорту (FISU) прайшла дзелавая сустрэча намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктара Якжыка і дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціны Баляба з першым віцэ-прэзідэнтам FISU Алегам Матыцыным і генеральным сакратаром Эрыкам Сэнтранам. Тэмай перамоў стала магчымасць правядзення ў Беларусі студэнцкіх чэмпіянатаў свету па некаторых відах спорту ў 2018 годзе, а таксама Сусветнай зімняй універсіяды 2021 года.
Згодна з рэгламентам Міжнароднай федэрацыі ўніверсітэцкага спорту, у праграму сусветных зімніх універсіяд уваходзіць 8 абавязковых відаў спорту: гарналыжны спорт, лыжныя гонкі, біятлон, снаўборд, кёрлінг, хакей з шайбай, фігурнае катанне, шорт-трэк. На выбар краіны-арганізатара прадстаўляюцца і тры дадатковыя віды з пяці дысцыплін: канькабежны спорт, скачкі з трампліна, лыжнае дваяборства, лыжнае арыентаванне і фрыстайл (скі-крос, могул, лыжная акрабатыка, хафпайп).
Па словах намесніка міністра адукацыі Віктара Якжыка, у Беларусі сёння створана сучасная спартыўная база для правядзення толькі пяці відаў спорту з абавязковай праграмы ўніверсіяды (лыжныя гонкі, біятлон, хакей з шайбай, фігурнае катанне і шорт-трэк), а таксама двух дадатковых (канькабежны спорт, лыжнае арыентаванне). У сувязі з гэтым узнікла ідэя астатнія віды абавязковай праграмы (гарналыжны спорт, снаўборд, кёрлінг) правесці на тэрыторыі суседняй Польшчы. Палякі змаглі б прыняць і такія дадатковыя віды, як скачкі з трампліна, лыжнае дваяборства, фрыстайл.
Яшчэ ў жніўні 2014 года ў рамках правядзення VI Чэмпіянату свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ падчас сустрэч кіраўніцтва FISU з памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцці турызму Максімам Рыжанковым была атрымана папярэдняя дамоўленасць з прэзідэнтам Еўрапейскай асацыяцыі студэнцкага спорту (EUSA) Адамам Рошэкам аб магчымасці разгляду пытання польскім бокам. Ужо зусім хутка, у сакавіку бягучага года, запланавана сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Польшчы. Прадстаўнікі абодвух бакоў плануюць правесці шэраг дзелавых перамоў, з тым каб падрыхтаваць да сустрэчы міністраў неабходны пакет дакументаў.
“Калі нам удасца ўзгадніць праект на такім узроўні, ён будзе рэалізаваны з вялікай верагоднасцю”, — падкрэсліў Віктар Якжык.
“Для нас вельмі важна працаваць з такой краінай, як Беларусь, — звярнуўся да намесніка міністра адукацыі і дырэктара РЦФВС першы віцэ-прэзідэнт FISU Алег Матыцын. — Што тычыцца правядзення зімняй універсіяды 2021 года ў дзвюх краінах, то тэарэтычна гэта магчыма. Аднак трэба ўлічваць усе плюсы і мінусы такога рашэння, адпрацаваць усе пытанні арганізацыі лагістыкі”.
Генеральны сакратар FISU Эрык Сэнтран адзначыў: пасля візіту прадстаўнікоў Міжнароднай федэрацыі ўніверсітэцкага спорту ў Мінск у жніўні мінулага года і знаёмства са спартыўнымі аб’ектамі краіны не ўзнікае сумненняў, што правядзенне ўніверсіяды пад сілу Беларусі. Па інфармацыі, прадстаўленай спадаром Сэнтранам, практыка правядзення ўніверсіяды ў дзвюх краінах упершыню была выкарыстана ў 2003 годзе, калі студэнцкія гульні падзялілі паміж сабой Італія і Аўстрыя. І гэты вопыт аказаўся няўдалым: Аўстрыя не адчувала асаблівай зацікаўленасці ў правядзенні міжнародных спаборніцтваў, для іх гэта была хутчэй вымушаная мера.
“Я асабіста прысутнічаў на хакейным матчы ў Аўстрыі падчас гэтай універсіяды, і на трыбунах было ўсяго некалькі чалавек, — акцэнтаваў увагу генеральны сакратар FISU. — Цяпер іншы час, і вопыт супрацоўніцтва Італіі і Славакіі ў рамках сёлетняй Сусветнай зімняй універсіяды — зусім іншая гісторыя. Гэтыя краіны не знаходзяцца побач, але яны абедзве з’яўляюцца краінамі Шэнгенскай зоны, што спрашчае многае для тых дэлегацый, якім неабходна віза. Таксама краіны Еўрасаюза маюць шмат агульнага ў пытаннях страхавання і юрыспрудэнцыі, агульную валюту. Нягледзячы на ўсе плюсы, сёлетні вопыт зноў жа не назавеш простым, і ён, без сумненняў, больш затратны, чым вопыт правядзення сусветнага студэнцкага спартыўнага форуму ў адной краіне”.
Разам з тым Эрык Сэнтран на баку тых, хто падтрымлівае прапанову Беларусі. Ён агучыў неабходнасць цеснага і хуткага прафесійнага кантакту зацікаўленых асоб з беларускага і польскага боку, бо ўжо ў 2015 годзе FISU павінна прадставіць гаспадара ці гаспадароў зімніх студэнцкіх гульняў-2021.
У ходзе перамоў закраналіся і фінансавыя аспекты правядзення ўніверсіяды. Сёння ўклад краіны, якая з’яўляецца арганізатарам зімняга спартыўнага форуму, у казну FISU складае прыкладна 4 мільёны еўра, што ў некалькі разоў менш за ўклад на арганізацыю летняй універсіяды. Падчас сустрэчы было падкрэслена, што большая частка гэтай сумы вяртаецца краіне-арганізатару і з’яўляецца гарантыяй якаснай арганізацыі спаборніцтваў. Немалаважнымі кірункамі ўніверсіяды былі названы адукацыйныя і медыйныя праекты.
Віктар Якжык нагадаў удзельнікам сустрэчы, што Беларусь мае вопыт правядзення чэмпіянату свету па хакеі, падчас якога быў прадугледжаны спецыяльны візавы рэжым для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства. Таксама ён выказаў упэўненасць, што паміж суседнімі краінамі пад сілу адпрацаваць дакладную лагістычную сістэму.
На цяперашні момант лепшым вопытам правядзення ўніверсіяды члены FISU практычна аднагалосна называюць Сусветную летнюю ўніверсіяду 2013 года ў Казані (Расія). Першы віцэ-прэзідэнт FISU, які з’яўляецца прэзідэнтам расійскага спартыўнага студэнцкага саюза, падкрэсліў, што для Расіі яна стала па-сапраўднаму нацыянальным праектам. Медыйны эфект, які паўплываў на імідж і развіццё Казані, сёння ацэнены ў 20 мільёнаў еўра прыбытку.
У ходзе перамоў прагучала прапанова ўключэння Беларусі ў праекты, якія традыцыйна арганізоўваюцца FISU, у прыватнасці, дырэктар РЦФВС Валянціна Баляба была запрошана да ўдзелу ў праграме “Аглядальнік”, якая накіравана на павышэнне прафесійнага ўзроўню спецыялістаў — арганізатараў міжнародных спартыўных форумаў.
Абмеркаванне правядзення ў Беларусі студэнцкіх чэмпіянатаў свету па відах спорту не выклікала асаблівых пытанняў. Беларускім бокам былі прапанаваны чэмпіянат свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце, а таксама па баскетболе (3х3), на што члены FISU адзначылі, што дырэктар чэмпіянатаў Паўла Ферэйра будзе рады працаваць з нашай краінай, бо, па яго меркаванні, VI Чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ, які прайшоў на базе Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах спорту (Заслаўе, Беларусь), — лепшы студэнцкі чэмпіянат у гісторыі Міжнароднай федэрацыі ўніверсітэцкага спорту.
Адразу пасля завяршэння перамоў афіцыйныя прадстаўнікі беларускай дэлегацыі ў Гранадзе сустрэліся з прадстаўнікамі дэлегацыі Польшчы. У ходзе сустрэчы была адобрана ідэя правядзення Сусветнай зімняй універсіяды 2021 года ў дзвюх краінах, а таксама дасягнута дамоўленасць аб наведванні спартыўных аб’ектаў, якія могуць быць задзейнічаны ва ўніверсіядзе на іх тэрыторыях. Першыя крокі зроблены! Па неафіцыйнай інфармацыі, Беларусь і Польшча будуць спаборнічаць за права стаць цэнтрам студэнцкіх спартыўных падзей у 2021 годзе са Швейцарыяй, якая таксама плануе падаць заяўку.
З Гранады Наталля АЛЁХІНА.