Беларусь і ПРААН працягнуць супрацоўніцтва

- 11:19Інфармацыйная гадзіна

Адміністратар Праграмы развіцця ААН (ПРААН) Ахім Штайнер зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю па дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР). Такая інфармацыя размешчана на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства па выніках двухбаковай сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з кіраўніком ПРААН у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.

Бакі абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС, узаемадзеяння ў сферы дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Уладзімір Макей паведаміў, што Беларусь плануе правесці рэгіянальную канферэнцыю для нацыянальных каардынатараў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і СНД у Мінску ў пачатку 2018 года для абмену вопытам рэалізацыі МУР. Беларускі дыпламат запрасіў Ахіма Штайнера наведаць Беларусь.

Кіраўнік ПРААН пацвердзіў гатоўнасць да далейшага супрацоўніцтва з Беларуссю па пытаннях пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Ён таксама выказаў зацікаўленасць у далейшым развіцці ўзаемадзеяння па дасягненні МУР.

Беларускі міністр і кіраўнік ПРААН абмяняліся думкамі адносна падтрымкі краін з сярэднім узроўнем даходу, абмеркавалі перспектывы рэфармавання сістэмы развіцця ААН.

Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства правёў у штаб-кватэры ААН і шэраг іншых двухбаковых сустрэч. Так, на сустрэчы з першым намеснікам старшыні ўрада — міністрам замежных спраў Сербіі Івіцам Дачычам былі разгледжаны пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння краін у міжнародных арганізацыях, дадзена ацэнка ходу рэалізацыі сумесных праектаў. Міністры таксама ўзгаднілі серыю сумесных мерапрыемстваў на найбліжэйшую перспектыву.

Пытанні двухбаковага супрацоўніцтва былі ў цэнтры ўвагі на сустрэчы з міністрам замежных спраў Фінляндыі Ціма Сойні. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства таксама праінфармаваў фінляндскага калегу аб ходзе правядзення Беларуссю сумесна з Расіяй ваеннага вучэння “Захад-2017”, звярнуўшы ўвагу на празрысты характар мерапрыемства і адпаведнасць арганізацыі вучэння міжнародна-прававым абавязацельствам. Акрамя таго, бакі абмеркавалі падыходы дзвюх дзяржаў у пытаннях правоў чалавека.

У гэты ж дзень Уладзімір Макей правёў сустрэчу з кіраўніцтвам Амерыканскага яўрэйскага камітэта, у ходзе якой бакі абмяняліся думкамі па пытаннях захавання і ўвекавечання месцаў, звязаных з гісторыяй яўрэйскага народа ў Беларусі. Бакі таксама абмеркавалі актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня і выказалі зацікаўленасць ва ўмацаванні эканамічных кантактаў. Кіраўніцтва камітэта высока ацаніла ролю Беларусі ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу.

Уладзімір Макей запрасіў кіраўніцтва Амерыканскага яўрэйскага камітэта наведаць Беларусь для вывучэння перспектыў эканамічнага ўзаемадзеяння прадстаўнікоў амерыканскіх дзелавых колаў з партнёрамі ў Беларусі.

Акрамя таго, міністр замежных спраў Беларусі прыняў уд зел у адкрыцці дыскусіі высокага ўзроўню 72-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. У першы дзень дыскусіі кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства прыняў удзел у мерапрыемстве, прысвечаным ажыццяўленню міжнароднага дзесяцігоддзя “Вада для ўстойлівага развіцця”. Адбыўся таксама шэраг рабочых кантактаў з міністрамі замежных спраў дзяржаў Еўропы, СНД і іншых рэгіёнаў.