Беларусь і Расія выступаюць за ўзмацненне ролі ААН у барацьбе з міжнародным тэрарызмам

Беларусь падтрымлівае дзеянні Расіі і Сірыі па барацьбе з міжнародным тэрарызмам. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адказваючы на пытанне па выніках праведзенага ў Маскве сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расіі.

Уладзімір Макей падкрэсліў, што пры ацэнцы якіх-небудзь падзей у свеце беларускі бок перш за ўсё зыходзіць з таго, наколькі яны адпавядаюць нормам міжнароднага права. Ён нагадаў, што дзеянні Расіі і Сірыі ажыццяўляюцца па просьбе сірыйскага ўрада, таму яны абсалютна адпавядаюць дзеючым міжнародным нормам. Пры гэтым міністр адзначыў, што расійскі бок праінфармаваў Беларусь аб рашэнні ўдзельнічаць ва ўрэгуляванні сірыйскага крызісу літаральна праз некалькі гадзін пасля яго прыняцця.
Ён назваў парадаксальнай сітуацыю, калі ў міжнародную кааліцыю на чале з ЗША па ўрэгуляванні канфлікту ў Сірыі не была запрошана Расія.
Міністр падкрэсліў, што міжнародны тэрарызм — гэта выклік усяму чалавецтву, і міжнароднай супольнасці неабходна дакладна вызначыць сваю пазіцыю ў барацьбе з гэтым злом. Для Беларусі барацьба з тэрарызмам з’яўляецца адной з прыярытэтных задач, заявіў кіраўнік МЗС. На яго думку, дабіцца поспеху ў гэтай барацьбе можна толькі сумеснымі намаганнямі, і Расія, як адзін з буйных міжнародных ігракоў, безумоўна, павінна ў гэтым удзельнічаць.
Уладзімір Макей таксама выказаў меркаванне, што больш важную ролю ва ўрэгуляванні сітуацыі ў Сірыі і барацьбе з міжнародным тэрарызмам павінна адыгрываць ААН. “Мы будзем праводзіць работу ў гэтым напрамку”, — сказаў ён.
На брыфінгу міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў абазначыў прынцыповыя падыходы расійскага боку да ўрэгулявання сітуацыі ў Сірыі. “Мы дабіваемся таго, каб нашы партнёры прыйшлі да згоды, хто ж на самай справе з’яўляецца міжнародным тэрарыстам, — сказаў ён. — Такога разумення няма. Няма яго і ў міжнароднай кааліцыі, якую ўзначальваюць ЗША”.
Таксама, лічыць Сяргей Лаўроў, неабходна ўнесці яснасць у пытанне, хто ж з’яўляецца сірыйскай апазіцыяй. Акрамя таго, расійскі бок выступае за тое, каб намаганні па арганізацыі дыялогу апазіцыі і ўрада Сірыі праходзілі з удзелам усіх зацікаўленых бакоў, у тым ліку сірыйскіх суседзяў, а таксама блізкаўсходніх краін.
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у ходзе брыфінгу яшчэ раз выказаў удзячнасць Беларусі за садзейнічанне па ўрэгуляванні ўнутрыўкраінскага канфлікту.
Сяргей Лаўроў паведаміў, што на праведзеных перад пасяджэннем двухбаковых перагаворах абмяркоўваліся міжнародныя праблемы, у тым ліку сітуацыя ва Украіне. “Мы пацвярджаем удзячнасць Мінску, дзе бакі канфлікту змаглі дамовіцца і дзе прадаўжаюцца сустрэчы кантактнай групы і рабочых падгруп, — адзначыў кіраўнік МЗС Расіі. — Мы ўдзячны за выдатную арганізацыю перагаворнага працэсу і намаганні з боку Беларусі па ўрэгуляванні канфлікту”.
Па выніках праведзенага сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расіі міністры замежных спраў Беларусі і Расіі Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў падпісалі праграму ўзгодненых знешнепалітычных дзеянняў дзвюх краін на 2016—2017 гады.
Уладзімір Макей растлумачыў журналістам, што праграма ўзгодненых знешнепалітычных дзеянняў будзе зацверджана Вышэйшым дзяржсаветам Саюзнай дзяржавы. “Гэта паглыблены, шматфункцыянальны, сістэмны дакумент, які ахоплівае ўсе сферы супрацоўніцтва, — сказаў міністр. — Ён з’яўляецца для нашых міністэрстваў дакументам прамога дзеяння”.
Міністр замежных спраў Беларусі адзначыў, што адным з найважнейшых напрамкаў супрацоўніцтва дзвюх краін з’яўляецца іх узаемадзеянне на пляцоўцы ААН. “Зыходзім з таго, што агульнай задачай Беларусі і Расіі на міжнароднай арэне з’яўляецца пошук вырашэння глабальных і рэгіянальных праблем”, — сказаў ён.
Яшчэ адным важным пытаннем, што стаіць на парадку дня ва ўзаемадзеянні беларускага і расійскага знешнепалітычных ведамстваў, Уладзімір Макей назваў знешнепалітычнае суправаджэнне еўразійскага інтэграцыйнага працэсу. Ён нагадаў, што Беларусь у якасці краіны, якая старшынствуе ў ЕАЭС, унесла прапанову і ААН аб прадастаўленні саюзу статусу наглядальніка.
Міністр таксама падкрэсліў, што для Беларусі важна збліжэнне дзвюх інтэграцыйных платформ — ЕС і ЕАЭС.