Беларусь і ў далейшым будзе імкнуцца ўносіць дастойны ўклад у процідзеянне тэрарызму

- 11:47Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з намеснікам генеральнага сакратара — кіраўніком Контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН Уладзімірам Варанковым выказаў яму ўдзячнасць за арганізацыю на высокім узроўні ў Мінску канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, якая ўжо атрымала шырокі рэзананс і пазітыўныя водгукі на міжнародным узроўні.

“Мне застаецца па-брацку, як чалавеку, які мае карані ў Беларусі, падзякаваць вам за такі высокі ў­зровень арганізацыі гэтай міжнароднай канферэнцыі. Водгукі розныя. Я пазнаёміўся ў інтэрнэце, у СМІ з водгукамі наконт арганізацыі і правядзення канферэнцыі — ацэнкі сапраўды розныя, але негатыву практычна няма. Па-рознаму ўсе ацэньваюць, але ў станоўчым ключы”, — адзначыў прэзідэнт.

На думку беларускага лідара, такі ўзровень канферэнцыі пад эгідай ААН, а таксама прыезд намесніка кіраўніка арганізацыі надаюць гучанне і значнасць гэтаму мера­прыемству, не толькі паляпшаюць імідж, але і павышаюць вагу самой краіны. “Гэта гонар для любой краіны — прымаць такую канферэнцыю”, — перакананы прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць асабіста Уладзіміру Варанкову за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства: “Гэта і ваша заслуга, што канферэнцыя праходзіць у Беларусі. Мы вас падвесці не можам і будзем старацца дзейнічаць у такім жа ключы, будзем рабіць усё, каб прытрымлівацца таго курсу, які быў абазначаны ўчора. Гэта разышлося ва ўсіх СМІ, ваша ацэнка прагучала наконт арганізацыі мерапрыемства і ролі Беларусі ў барацьбе са страшэнным злом нашай сучаснасці”.

Кіраўнік дзяржавы таксама запэўніў, што Беларусь і ў далейшым будзе імкнуцца ўносіць дастойны ўклад у процідзеянне тэрарызму. “Вы падказвайце, каардынуйце, накіроўвайце дзейнасць нашых органаў улады. Гэта будзе на карысць нашым узаемаадносінам, Беларусі і ААН і наогул — добры ўклад у барацьбу з тэрарызмам ва ўсім свеце, на нашай планеце”, — перакананы прэзідэнт.

“А наогул, я думаю, да нас не павінна быць прэтэнзій наконт арганізацыі. Мы прывыклі адказна ставіцца да такіх мера­прыемстваў”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай асноўных шматбаковых дагавораў па барацьбе з міжнародным тэрарызмам, распрацаваных пад эгідай ААН. Краіна прыняла ўдзел у першай у гісторыі ААН канферэнцыі кіраўнікоў контртэрарыстычных органаў краін — членаў арганізацыі, якая прайшла ў чэрвені 2018 года ў Нью-Ёрку. Беларусь у ліку 70 дзяржаў у верасні мінулага года на 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН падпісала Кодэкс паводзін, мэта якога — дасягненне свабоднага ад тэрарызму свету.

У кастрычніку 2018 года ў Мінску прайшла сумесная з АБСЕ міжнародная канферэнцыя высокага ў­зроўню “Прадухіленне і барацьба з тэрарызмам у лічбавую эпоху”.

Нагадаем, што ў беларускай сталіцы 3—4 верасня прайшла міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню “Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў і выкарыстання новых і ўзнікаючых тэхналогій”, якая арганізавана Беларуссю сумесна з Контртэрарыстычным упраўленнем ААН.

Па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Л­укашэнкам намеснік генеральнага сакратара — кіраўнік Контртэрарыстычнага ўпраўлення ААН Ула­дзімір Варанкоў адзначыў у размове з журналістамі, што Беларусь як заснавальніца ААН прадаўжае адыгрываць ролю аднаго з лідараў гэтай арганізацыі.

Уладзімір Варанкоў падкрэсліў, што ў яго адбылася вельмі грунтоўная размова з кіраўніком беларускай дзяржавы па міжнародным парадку дня. “Барацьба з тэрарызмам з’яўляецца прыярытэтам для ўсіх дзяржаў, паколькі гэта рэальная пагроза чалавецтву. І тое, што Беларусь актыўна працуе на такім напрамку, гэта вельмі важна і сведчыць аб тым, што Беларусь прадаўжае адыгрываць ролю аднаго з лідараў арганізацыі. Мы памятаем, што Беларусь была ў складзе заснавальнікаў ААН”, — працягнуў намеснік генеральнага сакратара.

“Гэтая традыцыя актыўнай работы прадаўжаецца, і контртэрарыстычны напрамак таго пацвярджэнне”, — заўважыў ён.

Уладзімір Варанкоў таксама лічыць, што канферэнцыя ў Мінску — вельмі важная міжнародная па­дзея. “Таму што на ёй размова ідзе аб тым, як лепш процідзейнічаць спробам тэрарыстаў прыцягнуць да сваёй дзейнасці новыя тэхналогіі, іх спробам выкарыстоўваць інтэрнэт для вярбоўкі і прыцягнення сродкаў на тэрарыстычную дзейнасць. Калі ў гэтай сферы мы не даб’ёмся поспеху, то перамагчы тэрарызм мы не зможам, — гэта вастрыё, гэта пік”, — прадоўжыў ён.

Намеснік генеральнага сакратара высока ацаніў той факт, што Беларусь з’яўляецца адным з лідараў працэсу па процідзеянні тэрарызму: “Выступленне прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі на канферэнцыі было вельмі важным сігналам міжнароднай грамадскасці аб тым, што трэба з’яднацца ў барацьбе з тэрорам, што толькі агульныя намаганні, моцная салідарнасць на гэтым трэку ўсіх дзяржаў і ўдзельнікаў можа прывесці да канчатковай перамогі. Гэта будзе цяжкая барацьба, але такія мерапрыемствы, як канферэнцыя ў Мінску, працуюць на гэтую кансалідацыю”.

Ён таксама закрануў тэму проці­дзеяння фінансаванню тэрарызму, нагадаўшы аб прынятай раней Саветам Бяспекі ААН адпаведнай рэзалюцыі. Уладзімір Варанкоў звярнуў увагу на той факт, што тэрарысты маюць вялікія сродкі: “Паводле самых сціплых ацэнак, у касе ІДІЛ знаходзіцца да $300 млн, яны выкарыстоўваюцца для правядзення тэрарыстычных атак па ўсім свеце. Процідзеянне фінансаванню — адна з галоўных задач ААН. Па гэтым пытанні меркаванне ўсіх дзяржаў супадае, што гэта адна з самых сур’ёзных праблем у барацьбе з тэрорам. Думаю, што гэтае супрацоўніцтва па процідзеянні тэрарызму будзе ўсё актыўней наладжвацца”.

Па матэрыялах БелТА.