Беларусь і Украіна: узаемавыгаднае партнёрства ў адукацыйна-навуковай сферы

Днямі на Гомельшчыне прайшоў І Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Праграма форуму была даволі разнастайнай і закранала як эканамічна-гандлёвыя пытанні, так і супрацоўніцтва дзвюх краін у гуманітарным кірунку. Тэматычныя секцыі па лініі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь працавалі ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны і Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога.

Сустрэча навукоўцаў, прадстаўнікоў вышэйшай школы, спецыялістаў сферы адукацыі пачалася з дзелавога савета ўстаноў адукацыі Беларусі і Украіны ў Гомельскім дзяржуніверсітэце, на якім прысутнічалі першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Ірына Старавойтава і намеснік міністра адукацыі і навукі Украіны Юрый Рашкевіч. Каля сотні чалавек сабралася ў канферэнц-зале УВА, каб разам абмеркаваць развіццё двухбаковага супрацоўніцтва, разгледзець магчымасці пашырэння партнёрскіх адносін у навуковай, адукацыйнай і гуманітарнай сферах, паразважаць пра маладзёжную палітыку дзвюх суседніх краін і выпрацаваць агульныя канцэпцыі ў рабоце з моладдзю.

Намеснікі міністраў сустрэліся ў сценах Гомельскага дзяржуніверсітэта да пачатку пасяджэння і мелі магчымасць абмеркаваць шмат пытанняў, вызначыць пэўныя шляхі далейшага супрацоўніцтва ў навукова-адукацыйным кірунку. Яны сышліся на тым, што ўзмацненне беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння станоўча адаб’ецца на павышэнні якасці нацыянальнай адукацыі дзвюх дзяржаў.

Варта адзначыць, што нам не даводзіцца пачынаць з чыстага ліста. Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай наладжана даўно ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку ў навукова-адукацыйнай. Зразумела, што важную ролю тут адыгрывае геаграфічная блізкасць. Сёння сфарміравана нарматыўная прававая база супрацоўніцтва, падпісана 190 прамых дагавораў са 130 навучальнымі ўстановамі Украіны, рэалізоўваюцца сумесныя навуковыя, адукацыйныя і культурныя праекты. Разам з тым, як адзначыла першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Ірына Старавойтава, ёсць вялікі патэнцыял, які можна ператварыць у жыццё, узаемадзейнічаючы на сістэмнай аснове.

— Паўтары гадзіны мы абмяркоўвалі з маім украінскім калегам розныя пытанні, разважалі пра ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі нашых краін, — паведаміла журналістам Ірына Старавойтава. — Зразумела, мы знайшлі кропкі судакранання. Беларускаму боку цікавы вопыт суседзяў па арганізацыі вышэйшай адукацыі, у прыватнасці сістэмы незалежнай ацэнкі якасці і працы Нацыянальнага агенцтва па забеспячэнні якасці вышэйшай адукацыі. Канечне, нам хацелася б нарошчваць сумесную навукова-даследчую і інавацыйную дзейнасць ва ўніверсітэтах.

Важнасць і неабходнасць узаемавыгаднага партнёрства падкрэсліў і намеснік міністра адукацыі і навукі Украіны Юрый Рашкевіч.

— Нашы краіны падобны ў адукацыйных сістэмах, навуковай і культурнай сферах, мы падобны ментальна, таму нам ёсць што пераняць адно ў аднаго, — адзначыў намеснік міністра. — Нас не толькі аб’ядноўваюць задачы, якія стаяць перад вышэйшай школай, нас прыцягвае магчымасць пераймаць станоўчы вопыт.

Па словах Юрыя Рашкевіча, ва ўкраінскіх калег ёсць асаблівая зацікаўленасць беларускай сістэмай арганізацыі прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Ён адзначыў, што падрыхтоўка працоўных кадраў, якая вядзецца прафесійна-тэхнічнымі і сярэднімі спецыяльнымі ўстановамі Беларусі, — вельмі каштоўны прыклад.

— У вашай краіне захаваўся падыход да прафтэхадукацыі, які быў сфарміраваны яшчэ ў савецкія часы, — акцэнтаваў Юрый Міхайлавіч. — Гэта дзейсны падыход, і вы яго развіваеце. Сёння беларускія каледжы прапануюць двухступеньчатую адукацыю, калі ў адной установе можна атрымаць прафесійна-тэхнічную і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Гэта, насамрэч, каштоўны вопыт.

Такім чынам, падчас дзелавога савета былі агучаны два асноўныя кірункі, якія міністэрствы могуць разглядаць у найбліжэйшы час з мэтай увасаблення станоўчых прыкладаў у сваіх краінах. Так, у лік перспектыўных украінскіх напрацовак, якія зацікавілі Беларусь, увайшло Нацыянальнае агенцтва па забеспячэнні якасці вышэйшай адукацыі. Украінскі ж бок заявіў пра гатоўнасць пераймаць вопыт развіцця беларускай сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Абмяркоўваліся і іншыя пытанні: нарошчван-не сумеснай навукова-даследчай дзейнасці, супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйных тэхналогій, узаемны ўдзел у міжнародных праграмах, пашырэнне супрацоўніцтва паміж установамі вышэйшай адукацыі і інш.

Падчас правядзення дзелавога савета былі падпісаны двухбаковыя дакументы і пагадненні аб супрацоўніцтве.

Ратыфікавана праграма аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі тэрмінам да 2022 года паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі і навукі Украіны. Дагаворы аб супрацоўніцтве паміж УВА падпісалі рэктары Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Чарнавіцкага нацыянальнага ўніверсітэта імя Юрыя Фядзьковіча, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога і Чарнігаўскага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Далейшую праграму двухдзённага форуму працягнулі навукова-адукацыйныя секцыі ў гомельскіх універсітэтах, мадэратарамі якіх з’яўляліся рэктары ўстаноў Сяргей Хахомаў і Сяргей Цімошын.

У ГДУ імя Ф.Скарыны працавала секцыя “Беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы і маладзёжнай палітыцы”. Пра развіццё ўзаемадзеяння і рэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне прафесійнай адукацыі паведаміў удзельнікам секцыі рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі. Гэтую тэму працягнула і прарэктар па навукова-метадычным забеспячэнні і выхаваўчай рабоце Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аксана Папова, якая паведаміла пра навукова-метадычныя асновы стварэння сістэмы выхавання і развіцця асобы ва ўмовах прафесійнай адукацыі.

Было шмат іншых цікавых выступленняў, у якіх дакладчыкі разважалі пра рэалізацыю інавацыйнага патэнцыялу УВА ў сістэме беларуска-ўкраінскай інтэграцыі, значэнне інтэрнацыяналізацыі ў павышэнні якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, падрабязна расказвалі пра супрацоўніцтва з універсітэтамі і партнёрскімі арганізацыямі, дзяліліся вопытам партнёрскага ўзаемадзеяння ў галіне навукова-педагагічнай дзейнасці.

Зацікаўленых міжуніверсітэцкай інтэграцыяй сабрала секцыя “Беларусь і Украіна: міжуніверсітэцкая інтэграцыя ў навуковай сферы”, якая прайшла ў сценах Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога. Рэктар ГДТУ імя П.В.Сухога Сяргей Цімошын гаварыў пра стан і перспектывы супрацоўніцтва гомельскага палітэха з універсітэтамі і навуковымі інстытутамі Украіны. Гэтую тэму працягнуў даўні сябар Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта рэктар Чарнігаўскага нацыянальнага тэхналагічнага ўніверсітэта Сяргей Шкарлет. Гэтыя дзве ўстановы цесна ўзаемадзейнічаюць ужо на працягу 16 гадоў і, зразумела, маюць станоўчыя вынікі. Як адзначыў у сваім выступленні С.М.Шкарлет, навуковая інтэграцыя, безумоўна, з’яўляецца неад’емным складнікам развіцця сучаснага ўніверсітэта.

Зразумела, на секцыі шмат гаварылася пра навуковыя даследаванні і тэхнічныя распрацоўкі, пра цікавыя праекты для тэхнічных устаноў вышэйшай адукацыі.

Праца секцый была па-сапраўднаму цікавай перш за ўсё дзякуючы таму, што адбыўся дыялог: прысутныя задавалі пытанні дакладчыкам, выказвалі свае думкі наконт той ці іншай праблемы і, канечне, спрачаліся, прыводзілі свае доказы і гіпотэзы — у навукоўцаў інакш і быць не магло.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *