Беларусь — Інданезія: адносіны набываюць характар актыўнага партнёрства

- 11:34Актуально, Апошнія запісы

У БДУ падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам даследаванняў, тэхналогій і вышэйшай адукацыі Рэспублікі Інданезія.

Фота да матэрыялу: Беларусь — Інданезія: адносіны набываюць характар актыўнага партнёрства.На сустрэчы з інданезійскай дэлегацыяй па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі прысутнічалі намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь С.В.Руды, міністр даследаванняў, тэхналогій і вышэйшай адукацыі Рэспублікі Інданезія Мухамад Насір, а таксама іншыя ганаровыя асобы.

С.В.Руды, звяртаючыся да гасцей, выказаў словы падзякі за візіт інданезійскай дэлегацыі ў Беларусь з мэтай умацавання адносін паміж краінамі ў сферы адукацыі.

— Падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні з’яўляецца знакавай падзеяй для абедзвюх краін, — адзначыў Сяргей Валянцінавіч. — Нашы адносіны набываюць характар актыўнага партнёрства, якое станоўча ўплывае на пашырэнне і ўмацаванне ўзаемавыгадных адносін.

Сяргей Валянцінавіч падкрэсліў, што ў папярэднія гады Беларусь імкнулася да адкрытага прадукцыйнага дыялогу з Інданезіяй. Асабліва гэта тычыцца наладжвання дзелавых і сяброўскіх адносін у сферы вышэйшай адукацыі. Нарматыўная прававая база ўзаемадзеяння Беларусі з Рэспублікай Інданезія сфарміравана і вызначае прыярытэтныя напрамкі супрацоўніцтва. Цяпер заключана 6 прамых дагавораў паміж вядучымі ўніверсітэтамі Беларусі і Інданезіі.

С.В.Руды выказаў прапанову аб развіцці ўзаемадзеяння паміж універсітэтамі дзвюх краін і аб пашырэнні тэматыкі супрацоўніцтва. Гэта тычыцца наладжвання сумеснай даследчай і выдавецкай дзейнасці, арганізацыі акадэмічнай мабільнасці, рэалізацыі двухбаковых навукова-тэхнічных і адукацыйных праектаў. Намеснік міністра нашай краіны падкрэсліў, што падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні паспрыяе больш інтэнсіўнаму супрацоўніцтву паміж краінамі ў сферы адукацыі. Дакумент мае на ўвазе далейшае развіццё прамых сувязей паміж установамі вышэйшай адукацыі дзвюх краін, абмен інфармацыяй, якая тычыцца розных аспектаў адукацыйнай дзейнасці, у тым ліку па пытаннях, звязаных з прызнаннем дакументаў аб адукацыі. Мемарандум паспрыяе абмену вучэбна-метадычнымі матэрыяламі, інфармацыйнымі рэсурсамі, а таксама арганізацыі і правядзенню сумесных семінараў, канферэнцый па абмене вопытам.

Рэктар БДУ А.Д.Кароль расказаў гасцям пра развіццё вядучага ўніверсітэта краіны і азнаёміў з вучэбна-матэрыяльнай базай навучальнай установы.

Андрэй Дзмітрыевіч паведаміў пра навукова-даследчую работу, якую праводзіць універсітэт. У склад БДУ сёння ўваходзіць 6 навукова-даследчых інстытутаў і шэраг прадпрыемстваў. Ва ўстанове праводзяцца фундаментальныя даследаванні як у галіне прыродазнаўчых, гуманітарных навук, так і прыкладных, што дазваляе камерцыялізаваць распрацоўкі. Зусім нядаўна адбылася знакавая падзея для БДУ і ў цэлым для Беларусі. Быў запушчаны беларускі навукова-адукацыйны спадарожнік на адным з касмадромаў Кітая. Цяпер на вышыні 500 км апарат перадае навукова-даследчыя даныя. Адметна тое, што гэты спадарожнік быў створаны студэнтамі, выкладчыкамі, навукоўцамі БДУ. У напрамку даследаванняў радыёфізікі, аэракасмічнай тэхнікі ўніверсітэт супрацоўнічае з расійскай карпарацыяй “Раскосмас”. Так, распрацаваная ў БДУ відэаспектральная сістэма выкарыстоўваецца сёння на міжнароднай касмічнай станцыі ў расійскім сегменце. Акрамя таго, распрацоўкі вучоных хімікаў і біёлагаў атрымалі ўвасабленне ў вытворчасці лекавых прэпаратаў. Унікальныя супрацьпухлінныя лякарствы, створаныя ў БДУ, станоўча зарэкамендавалі сябе ў свеце. Сёння выклікае вялікую цікавасць і медыцынская тэхніка (спірометр) для даследаванняў стану лёгкіх. Беларускія спірометры прымяняюцца ў многіх краінах свету, у тым ліку ў Інданезіі. Прадпрыемства БДУ заключыла дамоўленасць з адной з фірм Джакарты на пастаўку гэтай медыцынскай тэхнікі, і на сёння яе рэалізавана на дастаткова вялікую суму.

А.Д.Кароль запрасіў інданезійскіх калег да рэалізацыі новых навукова-даследчых праектаў на карысць абедзвюх краін.

Працягваючы размову, Мухамад Насір, міністр даследаванняў, тэхналогій і вышэйшай адукацыі Рэспублікі Інданезія, падтрымаў намеры беларускага боку ў развіцці супрацоўніцтва паміж краінамі. Кіраўнік дэлегацыі прызнаў Беларусь надзейным партнёрам і выказаў жаданне абменьвацца вопытам у развіцці адукацыйнай галіны абедзвюх краін.

— Наша сістэма адукацыі скіравана на якасную падрыхтоўку кадраў, асабліва для высокатэхналагічнай вытворчасці, — адзначыў Мухамад Насір. — І нам вельмі патрэбны перадавыя тэхналогіі, каб зрабіць гэтую падрыхтоўку найбольш дасканалай. Вопыт беларускіх калег, безумоўна, стане для нас істотнай падтрымкай.
Міністр заўважыў, што развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, даследаванняў і тэхналогій з’яўляецца вельмі важным напрамкам у развіцці Інданезіі. Выказваючы гатоўнасць да падпісання мемарандума, Мухамад Насір падкрэсліў, што гэты дакумент паспрыяе забеспячэнню мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў універсітэтаў Беларусі і Інданезіі, абмену новымі здабыткамі ў сферы адукацыі, рэалізацыі іншых перспектыўных напрамкаў.

— Я ўпэўнены, што наша ўзаемадзеянне не абмяжуецца толькі падпісаннем мемарандума, а выйдзе ў найбліжэйшы час на рэальныя сумесныя дзеянні, — адзначыў Мухамад Насір.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.