Беларусь — Італія: супрацоўніцтва, праверанае часам

- 11:05Актуально, Апошнія запісы

30 лістапада міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка і намеснік Старшыні Камісіі па міжнародным усынаўленні пры Прэзідыуме Савета Міністраў Італьянскай Рэспублікі Лаура Лаэра падпісалі Пратакол аб супрацоўніцтве па пытаннях усынаўлення непаўналетніх беларускіх грамадзян грамадзянамі Італіі.

На працягу больш як 30 гадоў, што прайшлі пасля аварыі на ЧАЭС, Італія нязменна з’яўляецца асноўным партнёрам Беларусі ў сферы аздараўлення дзяцей за мяжой і займае першае месца сярод 12 краін, з якімі ёсць адпаведныя дамоўленасці па прыёме беларускіх дзяцей на аздараўленне. На аздараўленне ў Італію выязджаюць галоўным чынам дзеці, якія пражываюць на забруджанай тэрыторыі, дзеці з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, а таксама дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Толькі ў 2017 годзе ў Італію на аздараўленне выехала звыш 6 тысяч непаўналетніх беларусаў.

Італія аказвае істотную дапамогу Беларусі і ў гуманітарнай сферы. З удзелам італьянскіх дабрачынных арганізацый рэалізуецца шэраг праектаў, накіраваных на аказанне дапамогі ўстановам адукацыі, у тым ліку размешчаным на тэрыторыі радыеактыўнага забруджання. Аказваецца істотная дапамога ў прафесійным навучанні дзяцей-сірот прыярытэтным для нашай краіны спецыяльнасцям, у садзейнічанні сацыяльнай інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у рамонце і рэканструкцыі харчаблокаў, санвузлоў, мадэрнізацыі і інфарматызацыі шэрага школ-інтэрнатаў і дзіцячых дамоў.

Супрацоўніцтва з Італіяй у галіне адукацыі ажыццяўляецца ў рамках больш як 20 прамых міжуніверсітэцкіх дамоў. У 2016/2017 навучальным годзе на ўмовах аплаты ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце вучыліся 6 грамадзян Італіі. Штогод Міністэрства замежных спраў Італіі прадастаўляе беларусам магчымасць прайсці стажыроўку па італьянскай мове, культуры, дызайне, архітэктуры і іншых кірунках праз выдзеленыя стыпендыі.

— Адносіны паміж нашымі краінамі даволі дынамічна развіваюцца, асабліва ў гуманітарнай сферы. Мы вельмі высока цэнім дапамогу італьянскіх сем’яў, дабрачынных фондаў і, вядома ж, урада Італіі ў аздараўленні беларускіх дзяцей. Хацеў бы падкрэсліць, што Міністэрства адукацыі Беларусі зацікаўлена ў далейшым развіцці супрацоўніцтва ў галіне адукацыі з Італіяй. Мы гатовы абмяркоўваць самы шырокі спектр пытанняў. Нам бы хацелася, каб больш актыўна вёўся дыялог паміж канкрэтнымі ўстановамі вышэйшай адукацыі Італіі і Беларусі, у тым ліку на рэгіянальным узроўні. На наш погляд, гэта будзе спрыяць павышэнню акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў. Мы перакананы, што ўстанаўленне і развіццё прамых сувязей паміж установамі адукацыі дзвюх краін могуць паспрыяць правядзенню сумесных навуковых даследаванняў, навукова-практычных канферэнцый, моўных стажыровак і г.д. Узгадненне і падпісанне Пратакола па пытаннях усынаўлення беларускіх дзяцей у Італіі — яшчэ адзін важны, знакавы напрамак нашай сумеснай работы. Магу ўпэўнена сказаць, што супрацоўніцтва Беларусі і Італіі ў сферы міжнароднага ўсынаўлення праверана часам, справамі і адказнасцю абодвух бакоў. Сёння паміж намі няма ніводнай перашкоды для далікатнага вырашэння любых пытанняў, якія ўзнікаюць у гэтай сферы, — адзначыў міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка.

У Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення нагадалі, што Італія застаецца адзінай краінай, з якой у Беларусі падпісана двухбаковае пагадненне аб мiжнародным усынаўленнi, што з’яўляецца выключна вынікам шматгадовага аздараўленчага адпачынку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у Італіі. Сярэдні ўзрост дзяцей, якія перадаюцца на міжнароднае ўсынаўленне, 14 гадоў. Усе справы аб мiжнародным усынаўленнi паступаюць у Беларусь толькі на пэўных дзяцей ад італьянскіх сем’яў, якія лічаць, што ў іх з гэтымі дзецьмі ўжо склаліся цёплыя, даверныя дзіцяча-бацькоўскія адносіны, гэта значыць, яны жадаюць узаконіць тыя адносіны, якія склаліся.

— Італьянскія сем’і рады прымаць у сябе беларускіх дзяцей спачатку на аздараўленне, а затым і ў свае сем’і на ўсынаўленне. Дзякуючы аздараўленчым праграмам і ўсынаўленню, узмацніліся ўзаемаадносіны паміж нашымі краінамі. Я хацела б падкрэсліць, што паколькі вашы дзеці, атрымліваючы італьянскае грамадзянства, захоўваюць беларускае, то яны становяцца грамадзянамі свету. Вашы дзеці прыязджаюць у Італію ўжо даволі дарослымі, таму прывозяць з сабой сваю мову, свае карані, і нічога з гэтага не забываецца. У нашай краіне шануюць традыцыі, таму з вялікай павагай ставяцца і да традыцый іншых краін. Калі вашы дзеці трапляюць у Італію — вы не губляеце сваіх грамадзян, а набываеце грамадзян з новым каштоўным вопытам, — адзначыла намеснік Старшыні Камісіі па міжнародным усынаўленні пры Прэзідыуме Савета Міністраў Італьянскай Рэспублікі Лаура Лаэра. — У Беларусь на падпісанне пратакола я прывезла з сабой гарантыйны ліст Старшыні Савета Міністраў Італіі, каб падкрэсліць, што мы як краіна гарантуем усыноўленым беларускім дзецям тыя ж правы, што і італьянскім грамадзянам. Магу вас запэўніць, што вельмі многія італьянскія сем’і з нецярпеннем і надзеяй чакаюць майго вяртання з Беларусі з навіной аб удалым падпісанні пратакола.

Ва ўсіх пытаннях гуманітарнага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі актыўна ўзаемадзейнічае з Пасольствам Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

— Я абсалютна згодны з тым, што ў нашых краін ёсць вялікі патэнцыял для паглыблення супрацоўніцтва, у тым ліку і паміж установамі адукацыі. Я хацеў бы таксама звярнуць увагу на статыстычныя даныя, якія тычацца колькасці беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў італьянскіх універсітэтах: іх колькасць год ад году расце. Несумненна, нас узбагачае прысутнасць беларусаў на італьянскай зямлі, але разам з тым я лічу, што гэта большае ўзбагачэнне для Беларусі, таму што потым гэтыя студэнты вяртаюцца дадому, вязуць на радзіму свае веды і новы каштоўны вопыт, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфана Біянкі.

Марына ПЫРКОВА,
Фота аўтара.