У аўторак БНТУ прымаў звыш 40 кіраўнікоў універсітэтаў і навуковых арганізацый Беларусі і Казахстана. VI пасяджэнне рабочай групы па каардынацыі дзейнасці навукова-адукацыйнага кансорцыума ўніверсітэтаў і навукова-даследчых устаноў дзвюх краін было прамеркавана да візіту Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева ў нашу краіну.
Кансорцыум, у склад якога ўваходзяць 21 беларускі і 20 казахстанскіх універсітэтаў, навукова-даследчых цэнтраў і акцыянерных таварыстваў, дзейнічае з 2011 года. Яго каардынатарамі выступаюць Еўразійскі нацыянальны ўніверсітэт імя Л.М.Гумілёва і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Мэтай дзейнасці кансорцыума з’яўляецца стварэнне навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і інавацыйнай інфраструктуры ў Казахстане і Беларусі, а таксама набліжэнне прыкладной навукі да вытворчасці і бізнесу.
— Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам у галіне адукацыі і навукі носіць характар стратэгічнага партнёрства, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Вадзім Богуш. — У яго аснове ляжаць даўнія традыцыі сяброўства, добрасуседства, раўнапраўя і павагі да інтарэсаў адно аднаго. Менавіта на такім фундаменце развіваюцца даверныя адносіны паміж установамі адукацыі дзвюх краін. Казахстан стаў для Беларусі правераным партнёрам, і кансорцыум з’яўляецца ключавым элементам у арганізацыі супрацоўніцтва. Колькасць удзельнікаў кансорцыума пастаянна расце. Гэта сведчыць пра тое, што цікавасць да двухбаковых адносін ва ўніверсітэцкім асяроддзі няспынна павышаецца. Ёсць прыклады добрага ўзаемадзеяння, калі вучоныя выдаюць сумесныя навуковыя работы, вучэбныя дапаможнікі, ажыццяўляюцца акадэмічныя абмены прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі, запрашаюцца вучоныя з іншых універсітэтаў для чытання лекцый і правядзення семінарскіх заняткаў. І ёсць перадумовы для з’яўлення новых сумесных праектаў.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі вынікі сумесных праектаў і намецілі новыя напрамкі супрацоўніцтва.
— Аўтарытэт казахстанскіх універсітаў у свеце вельмі высокі, і нам таксама ёсць што прапанаваць нашым партнёрам, — сказаў рэктар БНТУ Сяргей Харытончык. — Вельмі важна абменьвацца адукацыйнымі тэхналогіямі і адукацыйнымі стандартамі, развіваць акадэмічную мабільнасць студэнтаў і выкладчыкаў. Такі вопыт ужо ёсць, і ён мае выключна пазітыўныя вынікі. Зараз мы ўжо абмяркоўваем сумеснае кіраўніцтва работамі аспірантаў і дактарантаў. Уплыў дзвюх навуковых школ — казахстанскай і беларускай — будзе даваць плён. Гэта істотна павысіць значнасць навуковых вынікаў маладых вучоных і цікавасць дзвюх краін да іх укаранення.
Рэктар Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва Ерлан Сыдыкаў заўважыў, што з моманту стварэння кансорцыума супрацоўніцтва ўніверсітэтаў дзвюх краін істотна актывізавалася. Сёння рэалізуецца больш як дзясятак сумесных праектаў, з’яўляецца ўсё больш сумесных публікацый беларускіх і казахстанскіх вучоных у рэйтынгавых часопісах, ажыццяўляецца абмен студэнтамі, аспірантамі і выкладчыкамі. У БНТУ створаны Цэнтр казахскай мовы, гісторыі і культуры імя Абая. Аналагічны цэнтр існуе ў Казахстане на базе Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва.
— Наш універсітэт — равеснік сталіцы Астаны, яму 20 гадоў, — паведаміў Ерлан Сыдыкаў. — Малады, але, як кажуць, важкі. У нас каля 20 тысяч студэнтаў дзённай формы навучання. Завочнай формы няма, бо мы нацэлены на самую высокую якасць. У сусветных рэйтынгах наш універсітэт паказвае пастаянны рост. Напрыклад, у вядомым рэйтынгу QS ён уваходзіць у топ-300. У рэгіёне Цэнтральнай, Сярэдняй Азіі і Усходняй Еўропы мы займаем 24-е месца. А сярод універсітэтаў свету, якія былі створаны за апошнія 50 гадоў, наш універсітэт уваходзіць у першую трыццатку. У Беларусі нас цікавяць інфармацыйныя тэхналогіі, фізіка, машынабудаванне, сельскагаспадарчае машынабудаванне. У нас таксама ёсць значныя дасягненні ў розных галінах навукі і тэхналогій. І нам будзе чаму павучыцца адно ў аднаго.
Цікавую мадэль універсітэта 4.0 прэзентаваў удзельнікам кансорцыума рэктар Казахстанскага нацыянальнага ўніверсітэта імя аль-Фарабі акадэмік Галым Мутанаў. Па яго меркаванні, сучасны ўніверсітэт не можа абмяжоўвацца толькі падрыхтоўкай спецыялістаў. Ён павінен фарміраваць сапраўдных грамадзян свайго часу. Сёння навука і тэхналогіі дасягнулі такога ўзроўню развіцця (і гэтая тэхналагічная рэвалюцыя працягваецца), што імі павінны кіраваць людзі не толькі высокакваліфікаваныя, але і высокамаральныя. “Амаральнасць можа стаць прычынай найвялікшай трагедыі”, — адзначыў акадэмік. Ён паведаміў, што сёння ва ўніверсітэце імя аль-Фарабі рэалізуецца праект Al-Farabi University smart city з новай місіяй, у аснову якога закладзены сімбіёз інавацыйна-тэхналагічнай і духоўна-маральнай платформ.
У рамках пасяджэння ў навукова-адукацыйны кансорцыум былі прыняты новыя ўдзельнікі — Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт і чатыры казахстанскія ўніверсітэты. Напрыканцы сустрэчы госці наведалі Цэнтр казахскай мовы, гісторыі і культуры імя Абая, дзе адбылося падпісанне цэлага шэрага пагадненняў і мемарандумаў аб супрацоўніцтве паміж універсітэтамі Казахстана і Беларусі.
— Мэта нашага кансорцыума — паглыбіць узаемадзеянне ўніверсітэтаў дзвюх краін, — адзначыў Сяргей Харытончык. — Безумоўна, сучасныя камунікацыі адкрылі межы для супрацоўніцтва. Аднак асабістыя зносіны значна пашыраюць нашы магчымасці. Да з’яўлення кансорцыума мы так актыўна не ўзаемадзейнічалі. А цяпер мы ведаем адно аднаго — навука, універсітэты, студэнты, выкладчыкі. Значнасць такіх сустрэч немагчыма пераацаніць. Няма сумнення, разам можам значна больш, чым паасобку.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена прэс-службай БНТУ.