Беларусь — Казахстан: супрацоўніцтва працягваецца

Днямі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прайшоў круглы стол з удзелам рэктара Аляксандра Іванавіча Жука і казахскіх педагогаў. Мерапрыемства адбылося ў межах міжнароднага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам у галіне дадатковай адукацыі дарослых.

Ва ўніверсітэт прыбылі спецыялісты сістэмы адукацыі Казахстана з Алматы, Астаны і Заходне-Казахстанскай вобласці — кіраўнікі ўпраўленняў адукацыі, дырэктары навучальных устаноў, настаўнікі-практыкі, загадчыкі вучэбна-метадычных кабінетаў — у межах рэалізацыі на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка адукацыйнай праграмы стажыроўкі “Сучасныя тэхналогіі навучання дысцыплінам фізіка-матэматычнага профілю. Вопыт Рэспублікі Беларусь, Германіі і Францыі”.
З прывітальным словам да гасцей звярнуўся рэктар БДПУ імя Максіма Танка А.І.Жук. Ён выказаў задаволенасць супрацоўніцтвам паміж Беларуссю і Казахстанам па ўсіх напрамках дзейнасці, у тым ліку і ў адукацыйнай сферы — у плане арганізацыі навучання, стажыровак, абмену вопытам.Аляксандр Іванавіч адзначыў, што пытанням адукацыі ў нашай краіне ўдзяляецца самая пільная ўвага. Ёсць разуменне важнасці прафесіі настаўніка і педагагічнай адукацыі для будучыні краіны.
— У Беларусі такіх багатых прыродных рэсурсаў, як у Расіі ці Казахстане, няма, а таму наш галоўны рэсурс — гэта чалавечы капітал. І зараз мы прыкладаем намаганні для таго, каб даць магчымасць гэтаму капіталу расці, — сказаў А.І.Жук. — Ад настаўніка залежыць якас ць падрыхтоўкі школьнікаў, а значыць, і якасць падрыхтоўкі спецыялістаў у сістэме прафесійнай, вышэйшай, паслядыпломнай адукацыі і г.д. У сувязі з гэтым прэзідэнтам нашай краіны было дадзена даручэнне распрацаваць канцэпцыю развіцця педагагічнай адукацыі на наступную пяцігодку. Мы гэта зрабілі. У канцэпцыі прадугледжана цэлая сістэма мер, пачынаючы з навуковых даследаванняў па актуальных педагагічных праблемах у сістэме адукацыі ў цэлым і педагагічнай адукацыі ў прыватнасці. Падтрымана і рэалізоўваецца кластарная мадэль развіцця педагагічнай адукацыі. Гэта значыць, у краіне створаны вучэбна-навуковы інавацыйны кластар педагагічнай адукацыі, які ўключае не толькі сярэднюю прафесійную адукацыю, УВА, сістэму дадатковай адукацыі, але і школьную адукацыю. Мы пачынаем падрыхтоўку педагогаў яшчэ ў сценах школы. З гэтага года ў краіне адкрыта больш за 100 профільных класаў педагагічнай накіраванасці.
Для навучэнцаў, якія выказалі жаданне вучыцца ў гэтых класах, прадугледжаны абавязковы факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Праграма факультатыўнага курса разлічана на 2 гады — 140 гадзін. Заняткі праводзяцца 2 разы на тыдзень педагогамі-псіхолагамі школы або выкладчыкамі ССНУ, УВА. Па заканчэнні ўстановы адукацыі навучэнцам робіцца адпаведны запіс у атэстат. Каб атрымаць ільготы пры паступленні (а зараз уносіцца прапанова, каб выпускнікі педагагічных класаў, якія вучацца на “добра” і “выдатна”, паступалі ў педагагічныя УВА без экзаменаў), школьнікі павінны будуць атрымаць рэкамендацыю педагагічнага савета школы. Прычым мяркуецца, што гэта будзе не фармальная рэкамендацыя, а разгорнутая характарыстыка, у якой будзе напісана, што за два гады навучэнец зрабіў у плане паглыблення ў педагагічную прафесію. Ён, напрыклад, можа выступіць у якасці памочніка важатага, памочніка класнага кіраўніка, педагога-арганізатара.
— Агульнавядома, што можна выдатна ведаць прадмет, перамагчы на рэспубліканскай алімпіядзе, але пры гэтым не стаць добрым настаўнікам, — адзначыў А.І.Жук. — Думаю, адкрыццё педкласаў дазволіць пэўным чынам змяніць якасць падрыхтоўкі педагогаў. Мы атрымаем падрыхтаваных абітурыентаў, плюс гэта будуць матываваныя людзі. Спрабуючы сябе ў якасці настаўніка, паглыбляючыся ў гэтую прафесію, яны вызначацца, ці іх гэтая сфера дзейнасці. Такім чынам мы ствараем магутны фундамент падрыхтаваных абітурыентаў, каб яны ў будучыні сталі прафесіяналамі сваёй справы.
Па словах А.І.Жука, універсітэт імкнецца ісці ў нагу з часам. Пільная ўвага тут удзяляецца стварэнню сучаснага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя з шырокім доступам у інтэрнэт, якое аб’ядноўвае ўсе вучэбныя карпусы, інтэрнаты. Гэта робіцца для таго, каб студэнт з любого пункта меў доступ да электроннай бібліятэкі, якая зараз ствараецца і ўжо налічвае вялікую колькасць электронных сродкаў навучання (каля 500 вучэбна-метадычных комлексаў). У планах — падключэнне да сеткі ўніверсітэтаў свету з мэтай выкарыстання адкрытых адукацыйных рэсурсаў. Плануецца стварэнне так званай акадэміі педагогікі электроннага навучання (з выкарыстаннем воблачных тэхналогій, вэбінараў, анлайн-кансультацый і інш.). Зараз ва ўніверсітэце вядзецца перападрыхтоўка кадраў. Кожны выкладчык павінен ведаць сучасныя магчымасці, сучасныя тэхналогіі, умець карыстацца інтэрактыўнай дошкай, праводзіць вэбінары, кансультацыі і г.д. Як мяркуе Аляксандр Іванавіч, сёння іншай альтэрнатывы няма.
А.І.Жук выказаў спадзяванне, што ў казахскіх педагогаў застануцца самыя цёплыя ўражанні ад наведвання Беларусі, ад яе сістэмы адукацыі і што супрацоўніцтва паміж дзяржавамі з агульнай гісторыяй, традыцыямі ў сферы адукацыі будзе толькі паглыбляцца і пашырацца.
Начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Заходне-Казахстанскай вобласці Айгул Адзільгерэеўна Мынбаева паведаміла, што ў Казахстане таксама існуе праблема павышэння прэстыжу настаўніцкай прафесіі, хаця ў краіне адукацыі ўдзяляецца пільная ўвага. У 2010 годзе ўказам прэзідэнта прынята Дзяржаўная праграма развіцця адукацыі на 2011—2020 гады, у якой ахоплены ўсе ступені навучання. Асобны раздзел прысвечаны статусу педагога. Так, для павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі кожны год праводзіцца конкурс “Лепшы настаўнік”, пераможца якога атрымлівае значную грашовую ўзнагароду (каля 7 тысяч долараў). Настаўнікі школ навучаюцца на курсах павышэння кваліфікацыі па трохузроўневай сістэме (Кембрыджская праграма). Так, педагогу, які адвучыўся на ІІІ узроўні, даплата да заработнай платы складае 30%, на ІІ узроўні — 70% , на ІІІ узроўні — 100%.
Актыўна развіваецца ў Казахстане і сетка прыватных устаноў адукацыі. Практыка паказвае, што якасць выкладання там вышэйшая. Ды і педагогі атрымліваюць зарплату, у 2,5 разу вышэйшую, чым іх калегі ў дзяржаўных установах.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны праблемныя пытанні ў фізіка-матэматычнай адукацыі абедзвюх краін, у прыватнасці пытанне нізкага ўзроўню фізіка-матэматычнай падрыхтоўкі маладых настаўнікаў. Адна з прычын такой сітуацыі — нізкі ўзровень абітурыентаў і залічэнне ва УВА па астаткавым прынцыпе. Яшчэ адна прычына — слабая арыентацыя на практыку. У БДПУ імя Максіма Танка для ўзмацнення практычнай накіраванасці навучання з другога курса ўводзіцца абавязковая практыка для ўсіх студэнтаў, і адзін дзень у тыдзень студэнт будзе знаходзіцца ў школе ці ў дзіцячым садку. На першым курсе прадугледжана валанцёрская практыка.
Казахскія педагогі мелі магчымасць задаць пытанні рэктару. Іх цікавілі дзейнасць у рэспубліцы ўстаноў адукацыі для адораных навучэнцаў, маніторынг якасці адукацыйных паслуг, пытанні профільнага навучання. Калегам з Казахстана быў прадстаўлены вопыт падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў Беларусі. Падчас абмену меркаваннямі было адзначана, што садзейнічанне развіццю супрацоўніцтва ў падрыхтоўцы кадраў у галіне адукацыі, абмен вопытам паміж зацікаўленымі ведамствамі і арганізацыямі дапамагае ўстанаўленню, пашырэнню і паглыбленню цесных кантактаў і прамых сувязей паміж дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі сферы адукацыі Беларусі і Казахстана.
Удзельнікі стажыроўкі прынялі ўдзел у рабоце канферэнцыі “Матэматычная адукацыя: мэты, дасягненні і перспектывы”, наведалі гімназію № 13 Мінска, а таксама абмеркавалі з калегамі актуальныя пытанні ў межах семінараў “Сучасныя тэхналогіі ў выкладанні дакладных навук” і “Матывацыйныя аспекты фізіка-матэматычнай адукацыі”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.