Беларусь — Лаос: вучоба і спорт разам

- 10:34Актуально
Нашу краіну наведала дэлегацыя з Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі на чале з яе прэзідэнтам Цюмалі Сайнясонам. У складзе дэлегацыі знаходзіўся намеснік міністра адукацыі і спорту Лаоса Кангсі Сенмані, які сустрэўся ў Міністэрстве адукацыі нашай краіны з намеснікам міністра адукацыі Беларусі В.В. Якжыкам і першым намеснікам міністра спорту і турызму А.С. Гагіевым.

— Наша міністэрства рада вітаць такога дарагога госця з далёкай ад Беларусі Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, — звярнуўся да Кангсі Сенмані намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык. — Але, не зважаючы на геаграфічнае месцазнаходжанне нашых краін, візіт урадавай дэлегацыі з Лаоса з’яўляецца яскравым пацвярджэннем таго, што нашы народы імкнуцца наладжваць цесныя сяброўскія і дзелавыя стасункі.
Як вядома, гісторыя гэтага супрацоўніцтва яшчэ не вельмі багатая. Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Лаосам усталяваны ў 1994 годзе, і дагаворна-прававая база двухбаковых адносін пакуль знаходзіцца ў стадыі фарміравання. Аб’ём тавараабароту паміж краінамі з кожным годам расце ў асноўным за кошт беларускага экспарту.
У ходзе візіту Прэзідэнт Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Цюмалі Сайнясон сустрэўся з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, з членамі Савета міністраў, з прадстаўнікамі галіновых міністэрстваў і ведамстваў, вядучых беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый. Так, у прыватнасці, лаоская дэлегацыя правяла перагаворы па пастаўцы беларускіх аўтамабіляў МАЗ у Лаос. Таксама былі распрацаваны перспектыўныя крокі ў развіцці супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і гуманітарнай сферах. Пацвярджэннем гэтаму стаў візіт кіраўніцтва адукацыйнай і спартыўнай галіны Лаоса ў Міністэрства адукацыі Беларусі. Віктар Віктаравіч Якжык у час сустрэчы з лаоскім госцем нагадаў, што маладыя людзі з многіх краін свету ў выбары месца для навучання аддалі перавагу беларускім установам вышэйшай адукацыі. Колькасць замежных студэнтаў у нашай краіне з кожным годам расце і сёння налічвае каля 14 тысяч чалавек. Многія замежныя грамадзяне пасля заканчэння нашых УВА выбіраюць навуковую дзейнасць і працягваюць навучанне ў магістратуры і аспірантуры.
Як адзначыў намеснік міністра адукацыі нашай краіны, нацыянальная сістэма адукацыі мае сёння міжнароднае прызнанне і вядзе актыўную падрыхтоўку да ўступлення ў Балонскі працэс.
— Працэдура паступлення замежных грамадзян у беларускія ўстановы вышэйшай адукацыі даволі даступная, — адзначыў Віктар Віктаравіч. — Мы можам падладзіцца пад адукацыйную сістэму любой краіны, якая зацікаўлена ў тым, каб яе грамадзяне вучыліся ў нашых навучальных установах. Важна і тое, што ў нашых установах створаны самыя спрыяльныя ўмовы для навучання і пражывання студэнтаў, у тым ліку замежных.
— У свой час у Беларусі вучыліся і грамадзяне Лаоса, — адзначыў Кангсі Сенмані. — Сёння выпускнікі беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі з ліку лаоскіх грамадзян паспяхова працуюць у органах дзяржаўнага кіравання, узначальваюць вядучыя прамысловыя кампаніі і прадпрыемствы краіны.
— Мы рады, што ў Лаосе працуюць выпускнікі нашых устаноў адукацыі, — адзначыў Віктар Віктаравіч. — Было б мэтазгодным скаардынаваць іх дзейнасць у рамках Міжнароднай Асацыяцыі выпускнікоў беларускіх навучальных устаноў і такім чынам умацоўваць наша супрацоўніцтва.
Прадстаўнік галіновага міністэрства Лаоса Кангсі Сенмані выказаў надзею, што ў хуткім часе моладзь Лаоса зможа прыехаць у Беларусь і вучыцца па тых спецыяльнасцях, якія яна выбрала па сваіх здольнасцях і з улікам патрэб эканомікі Лаоса.
Сёння гэтая краіна развіваецца даволі дынамічна, і яе эканоміцы патрэбны кадры не толькі з вышэйшай адукацыяй, але і з прафесійнай. Таму Лаос плануе наладзіць адносіны ў сферы адукацыі з навучальнымі ўстановамі Беларусі рознага ўзроўню, у тым ліку з тымі, дзе рыхтуюць рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна. Такая патрэба Лаоса ў кадрах цалкам апраўдана. Тэрыторыя Лаоса па памерах практычна роўная тэрыторыі Беларусі, але там пражывае толькі 6 мільёнаў чалавек. Істотным адрозненнем у развіцці адукацыі нашых краін з’яўляецца той факт, што ў Беларусі 54 установы вышэйшай адукацыі, а ў Лаосе только 6 універсітэтаў. Значная частка навучэнскай моладзі, а гэта каля 50 тысяч чалавек, вучыцца ў сталічным універсітэце, а ў паўднёвых і паўночных правінцыях Лаоса вучыцца толькі каля пяці тысяч хлопцаў і дзяўчат.
Лаоскі бок вельмі зацікаўлены ў тым, каб моладзь гэтай краіны прыязджала на навучанне ў Беларусь. Акрамя таго, прадстаўнік Лаоса выказаў прапанову аб наладжванні міжуніверсітэцкіх кантактаў дзвюх краін, распрацоўцы сумесных навукова-даследчых праектаў, арганізацыі мерапрыемстваў па абмене студэнтамі, выкладчыкамі, навукоўцамі. Такія ж адносіны Лаос збіраецца наладжваць з Беларуссю і ў спартыўнай сферы. Кангсі Сенмані прызнаў, што ў Лаосе фізкультура і спорт развіты недастаткова, спартыўных збудаванняў не хапае, спаборніцтваў праводзіцца мала, а вынікі на міжнародным узроўні ў параўнанні з еўрапейскім у лаоскіх спартсменаў нізкія. Таму, натуральна, што Лаос зацікаўлены супрацоўнічаць з Беларуссю, якая лічыцца ў свеце спартыўнай краінай.
А.С.Гагіеў, першы намеснік міністра спорту і турызму Беларусі, расказаў на сустрэчы пра развіццё спорту і турызму ў нашай краіне. Сёння ў Беларусі культывуецца больш за 150 відаў спорту. За гады існавання краіны падрыхтаваны дзесяткі алімпійскіх чэмпіёнаў. З кожным годам пашыраецца і ўмацоўваецца спартыўная база. Сёння ў Беларусі дзейнічае 26 тысяч культурна-спартыўных збудаванняў, многія з якіх сталі аб’ектамі міжнародных спаборніцтваў. Зараз Беларусь рыхтуецца да арганізацыі грандыёзнага спартыўнага свята — чэмпіянату свету па хакеі.
Прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму расказаў пра навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюцца кадры для спартыўнай галіны, у тым ліку пра Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры і Вышэйшую школу трэнераў. А.С.Гагіеў выказаў прапанову аб наладжванні больш цесных сувязей з лаоскімі калегамі і запрасіў моладзь гэтай краіны ў Беларусь не толькі для навучання, але і для ўдзелу ў міжнародных спартыўных спаборніцтвах.
У ходзе візіту лаоскай дэлегацыі было падпісана Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі, якое паслужыць асновай для стварэння дагаворна-прававых асноў супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.
У гэтым дакуменце вызначаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай, пасляўнівесітэцкай адукацыі, а таксама навукова-даследчай дзейнасці. Каардынатарам гэтай работы выступіць Міністэрства адукацыі Беларусі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Марыны ПЫРКОВАЙ.