Беларусь — Малдова: развіваць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон у час афіцыйнага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Малдову наведалі інстытут раслінаводства “Парумбень”, дзе прынялі ўдзел у цырымоніі “Дзень поля”, прысвечанай пачатку пасяўной кампаніі.

Прэзідэнты наведалі выставу сучаснай беларускай сельгастэхнікі, абмеркавалі з кіраўніцтвам інстытута развіццё супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы раслінаводства, а затым на трактарах пасадзілі новы ўраджай кукурузы.

Прэзідэнт Малдовы выказаў упэўненасць, што ўраджай будзе добрым. Ён паабяцаў інфармаваць беларускі бок пра тое, як расце гэтая кукуруза, а восенню адправіць яе ў Беларусь. Ігар Дадон выказаў удзячнасць за бязвыплатна пастаўленыя ў Малдову беларускія трактары. “У кожнай вёсцы Малдовы, у кожным населеным пункце ёсць беларускі трактар. Ён самы надзейны, і наш народ да яго прывык. Яго ахвотна купляюць”, — адзначыў малдаўскі лідар.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Малдова будуць развіваць узаемадзеянне ў селекцыі насення кукурузы і іншых сельгаскультур. “Мы бачым новыя напрамкі для супрацоўніцтва, у прыватнасці, гэтага цэнтра вучоных Малдовы і беларускіх вучоных, і гэта мяне радуе”, — сказаў прэзідэнт. Паводле яго слоў, беларускі бок таксама прадоўжыць пастаўляць у Малдову сельскагаспадарчую тэхніку і развіваць сумесныя вытворчасці.

“Замыкацца на адных гандлёвых аперацыях нельга, трэба ўдасканальваць адносіны, ствараць сумесныя прадпрыемствы — і гэта яшчэ палова справы. Мы дамовіліся з прэзідэнтам пра тое, што будзем рыхтаваць кадры ў Малдове для вытворчасці такой тэхнікі: трактарнай, аўтамабільнай, збожжаўборачнай”, — дадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Раней у інтэрв’ю БелТА Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон расказаў, што ідэя сумесна з кіраўніком беларускай дзяржавы пасадзіць новы ўраджай узнікла ў час адной з сустрэч з Аляксандрам Лукашэнкам у мінулым годзе. “Для мяне гэта было нечакана. Ведаю, што Аляксандр Рыгоравіч часта працуе на трактары. Я сам заканчваў аграрны ўніверсітэт, эканаміст у сельскай гаспадарцы па першай спецыяльнасці, нарадзіўся ў вёсцы, таму трактар бачыў і ездзіў на ім. Але апошнія пяць-шэсць гадоў я не кіраваў ім, таму давялося падрыхтавацца”, — прызнаўся Ігар Дадон.

Галоўны напрамак дзейнасці інстытута раслінаводства “Парумбень” — селекцыя і насенняводства кукурузы, вытворчасць насення эліты і суперэліты, удасканаленне тэхналогій вырошчвання кукурузы і тытуню.

Паміж Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве, Палескім інстытутам раслінаводства НАН і інстытутам раслінаводства “Парумбень” Малдовы развіваецца супрацоўніцтва ў галіне селекцыі кукурузы. Складзена сумесная рабочая праграма па стварэнні гібрыдаў кукурузы сіласнага і зерневага напрамку.