“Беларусь — мая Айчына!”“Беларусь — мая Айчына!”(першы ўрок у 2017/2018 навучальным годзе ў 2 класе)

Мэта: стварыць умовы для фарміравання ў вучняў грамадзянскасці і патрыятызму; выхавання пачуцця любові да сваёй Радзімы, павагі да яе гісторыі і культуры, беражлівага стаўлення да міру ў родным краі, гордасці да дасягненняў сучаснай Беларусі.

Урок пачынаецца з работы над эпіграфам:

Белая Русь мая!
Чыстая ты мая!
Родная ты мая!

                                                                                                                          Уладзімір Скарынкін.

Н. Дзеці, да каго звяртаецца аўтар верша У.Скарынкін?

Дз. Да Беларусі, да Белай Русі.

Н. На дошцы запісаны словы. Падбярыце з іх тыя, якімі можна па-іншаму назваць Беларусь (словы настаўнік зачытвае): Рэспубліка, сцяг, герб, Радзіма, Айчына, гімн, Канстытуцыя, Бацькаўшчына.

Падводзіцца вынік, што мы ўсе завёмся беларусамі, бо жывём ў Рэспубліцы Беларусь. Беларусь — наша Радзіма, Айчына, Бацькаўшчына.

Н. Сёння на календары 1 верасня. У нашай школе, як і ва ўсіх школах і навучальных установах Беларусі, адзначаецца свята — Дзень ведаў.

Дзень ведаў дае пачатак новаму навучальнаму году. Сёння ўсе дзеці Беларусі прыйшлі ў свае школы, каб пачаць ці працягваць свой шлях у набыцці ведаў. Я віншую вас і вашых родных з гэтым цудоўным святам.

Любыя веды пачынаюцца з кнігі. І я хачу, каб вы ведалі, што праз некалькі дзён, 3 верасня, у нашай краіне будзе адзначацца яшчэ адно цудоўнае свята — Дзень беларускага пісьменства. Гэта свята кожнага, хто мае дачыненне да друкаванага слова, свята кнігі. А ў гэтым годзе друкаваная кніга адзначае сваё 500-годдзе.

1. Работа з выставай кніг “Кніга — крыніца багацця”

Н. Сёння я прынесла вам для выставы толькі некалькі кніг, але вы зразумееце, чаму я зрабіла такі выбар: гэтыя кнігі вельмі важныя і значныя ў жыцці кожнага Беларуса.

(Бярэ “Буквар”.) Вы, напэўна, пазналі гэтую кнігу. Менавіта яна ў мінулым навучальным годзе навучыла вас чытаць, раскрыла перад вамі дарогі ва ўсе бібліятэкі краіны.

(Бярэ “Канстытуцыю”.) Мы — народ Беларусі… Так пачынаецца Асноўны закон — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Па законах, запісаных у Канстытуцыі, жывуць усе людзі ў нашай краіне. І мы з вамі таксама.

(Паказваецца кніга “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку”.) А вось кніга, якую вы атрымалі ў мінулым годзе ў падарунак ад прэзідэнта нашай краіны А.Р.Лукашэнкі. Яна — выдатны памочнік кожнаму вучню пачатковай школы ў вывучэнні роднай Беларусі. Сёння яна нам таксама ў многім дапаможа.

Н. А зараз давайце крыху памарым. Вось калі б нам з вамі прапанавалі стварыць кнігу пра родную зямлю, аб чым бы вы ў ёй напісалі? Напэўна, трэба, каб гэта было нешта вельмі важнае, значнае, дарагое і блізкае кожнаму з нас, тое, што аб’ядноўвае людзей. Як вы лічыце, што самае дарагое для  кожнага беларуса?

Дз. Радзіма, Айчына, Беларусь.

Н. Сёння мы паспрабуем стварыць сваю кнігу пра Беларусь.

А прапаную я яе назваць так, як называецца тэма ўрока. Прачытайце, калі ласка,  яго назву. “Беларусь — мая Айчына”. Старонкі новай кнігі мы размесцім на дошцы, дзе намалявана контурная карта Беларусі. І прысвецім яе 500-годдзю беларускай друкаванай кнігі. Ці здагадаліся, чаму я размалявала контурную карту ў зялёны і чырвоны колеры?

Дз. Гэта колер Дзяржаўнага сцяга Беларусі.

Н. Правільна. Дзяржаўны сцяг, як і Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн, з’яўляецца сімвалам Беларусі. (Паказвае дзяржаўныя сімвалы.)

А хто з вас раскажа, як правільна выконваць Дзяржаўны гімн?(Слухаем і выконваем гімн.)

Н. Старонкі нашай будучай кнігі пафарбаваны ў сімвалічныя для нашай краіны колеры. А як вы лічыце, на якой мове мы будзем ствараць гэтую кнігу? Чаму? Бо мы — беларусы.  Давайце паслухаем нашых дзетак.

Дз. Я — дзяўчынка — беларуска
З васільковымі вачыма.
Хоць малая, але знаю:
Беларусь — мая Радзіма.
Блакіт нябёс, і белы бусел,
І кветкі ў полі, як абрус.
Мой край завецца Беларуссю,
А сам я хлопчык-беларус.

                                                                            (Л.Пранчак.)

Н. Перш чым гаварыць пра сучасную Беларусь, я прапаную зазірнуць у яе мінулае, каб больш даведацца пра нашу Айчыну.

 Старонка 1

Н.  Ёсць маўклівыя сведкі мінулага. (Паказ відэасюжэта з відарысамі замкаў і храмаў.) Гэта замкі і палацы. Беларуская зямля — захавальніца помнікаў культуры народа, які тут жыве. Беларусь справядліва называюць краінай замкаў. Застаецца толькі шкадаваць, што большасць не захавалася да нашага часу. Але тыя, што дайшлі да нашых дзён, уражваюць сваімі памерамі і магутнасцю ўмацаванняў. Вельмі багатая на замкі гродзенская зямля. Таямнічасць ахоплівае руіны і замкі. Пакуль вы праглядаеце малюнкі, я раскажу вам легенду Гальшанскага замка… Гістарычныя крыніцы сведчаць аб тым, што Гальшанскі замак быў самым прыгожым. Па прыгажосці з ім мог сапернічаць толькі адзін з падобных замкаў у Францыі. Гальшанскі замак чымсьці нагадваў Мірскі, але меў больш прыгожы выгляд. Ён больш нагадваў прыгожы палац. На вялікі жаль, ад гэтага замка засталіся толькі руіны…Паслухайце таямніцу гэтага замка.

Жонка ўладара замка князя Гальшанскага закахалася ў прыгожага княжацкага слугу. Аб іх таемным каханні ў любы момант маглі данесці князю, і тады смерці не мінуць. Закаханыя вырашылі збегчы з замка. Пра ўцёкі адразу паведамілі князю. Была наладжана пагоня. Уцекачоў схапілі і даставілі князю. Здавалася, што ад лютасці ў княжацкіх жылах кіпела кроў. “Вы жадалі быць разам, — сказаў князь. — Я ваша жаданне выканаю. Вы вечна будзеце разам, але ніколі не ўбачыце адно аднаго”. Няшчасных, злучыўшы спінамі, закавалі ў жалезныя кайданы і кінулі ў падзямелле. Прайшлі стагоддзі… Хто ведае, ці Бог пакараў князёў Гальшанскіх, ці гэта так здарылася, але праз нейкі час род Гальшанскіх вымер, а замак ператварыўся ў руіны.

Н. Ці спадабалася вам легенда? Ці хацелася б вам расказаць яе сваім бацькам?

Як вы думаеце, за што Беларусь называюць краінай замкаў? Ці наведвалі вы руіны замка на нашай навагрудскай зямлі?

Беларусь ганарыцца такімі гістарычнымі помнікамі. А мы размяшчаем у кнізе першую старонку, якая называецца “Беларусь — краіна замкаў”
(Размяшчаем на карце-кнізе старонку з выявай замка.)

Фізкультхвілінка

А зараз давайце адпачнём і выканаем практыкаванне “Паравозік”, тым самым прадоўжым сваё падарожжа ў мінулае.

Старонка 2

Н. Ці запомнілі вы, якое свята будзе адзначацца 3 верасня? Ці заўсёды на Беларусі былі вось такія кнігі?

Хто ведае, як да нас прыйшла кніга?

(Работа па ілюстрацыйных матэрыялах кнігі “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі першакласніку”.)

У Беларускім горадзе Полацку ўжо больш за 25 гадоў існуе Музей беларускага кнігадрукавання — музей кнігі. Сёння беларускі народ з удзячнасцю ўспамінае выдатных людзей, якія ўнеслі ўклад у заснаванне, стварэнне і развіццё беларускіх кніг. Гэтыя імёны ведае кожны сапраўдны беларус: Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас і інш.

(Заданне ў парах: суаднесці імёны славутых беларусаў, запісаныя на картках  з партрэтамі. Знайсці ў кнізе партрэты гэтых людзей. Выканаць самаправерку.)

Ці хацелася б вам больш даведацца пра жыццё і дзейнасць гэтых славутых беларусаў?

А мы размяшчаем у кнізе другую старонку, якая называецца “Славутыя беларусы”.

(Размяшчаем на карце-кнізе старонку з партрэтам Ф.Скарыны.)

Старонка 3

Н. Для таго каб здагадацца, аб чым будзе наступная старонка нашай кнігі, паслухайце верш, які падрыхтавалі нашы вучні.

Бусел  над  Хатынню

                                                                                 В.Жуковіч

Пакружыўся  над  Хатынню  бусел

Сонечна-пагодлівай вясной:

Каміны стаяць.

І людзі ў скрусе.

А нідзе хаціны ні адной.

Заміраюць галасы людскія,

Гукі абуджальнае вясны,

І плывуць трывожныя такія,

Тонкія жалобныя званы.

Пакружыўся бусел над Хатынню

І ў смузе пад воблакамі знік.

Папялішча ўсё яшчэ не стыне,

І ў грудзях не замірае крык. 

Якім падзеям прысвечаны гэты верш?

Хатынь — назва беларускай вёскі, якую ў час Вялікай Айчыннай вайны нямецкія салдаты спалілі разам з яе жыхарамі: з дзеткамі, іх мамамі і ўсімі, хто там жыў. Хатынь — гэта сімвал вялікай бяды ваеннага ліхалецця. (Малюнак з выявай.)

А бяду, дзеці, ніколі не чакаюць. Раптоўна грымнула яна цёплай чэрвеньскай ноччу. Наш народ не рыхтаваўся да вайны. Мы хацелі жыць у міры, але мірнае жыццё было парушана. Гродзенская вобласць, у якой мы жывём, знаходзіцца на пярэднім рубяжы з таго боку, адкуль наступаў вораг. І таму з першых дзён вайны нашы землякі, жыхары вёсак Ладзенікі, Жданавічы, Байкі і іншых навакольных вёсак адчулі яе дыханне. Усе юнакі салдацкага ўзросту былі залічаны ў армію. Тых, хто вярнуўся з вайны і застаўся жыць да нашых дзён, мы з павагай і гонарам называем ветэранамі.

Успомніце, як наш клас рыхтаваўся да свята Вялікай Перамогі? (На аснове падрыхтаванай фотагазеты дзеці расказваюць пра свята.)

Як вы лічыце, ці патрэбна нам памятаць пра жахі Вялікай Айчыннай вайны? Для чаго?

Н. А мы размяшчаем у кнізе трэцюю старонку, якая называецца “Горкая памяць маёй Айчыны”.(Размяшчаем на карце-кнізе старонку з выявай свята Перамогі.)

Старонка 4

Н. Сёння кожны грамадзянін Рэспублікі Беларусь стараецца працаваць так, каб прынесці карысць для сваёй Айчыны. У калгасах, на заводах і фабрыках, у бальніцах і на шахтах — усюды старанна працуюць нашы людзі. Дзякуючы іх працы, працы вашых бацькоў,  Беларусь ведаюць ва ўсім свеце. Беларусы маюць высокія дасягненні ў спорце, навуцы, мастацтве. Аб поспехах і дасягненнях беларускага народа вы будзеце даведвацца з кожным днём усё больш і больш, бо наш народ вельмі старанны, працавіты, гераічны.

Н. А зараз я запрашаю вас зазірнуць у будучыню. Там вы сустрэнеце сябе, толькі ўжо не дзяцей, а дарослых людзей. Кім вы хочаце стаць, што карыснага вы зможаце зрабіць для роднай зямлі і яе людзей? Гэта я прапаную намаляваць на пустых староначках нашай будучай кнігі.

(Кожны вучань тлумачыць свой малюнак.)

Падвядзенне вынікаў. Прэзентацыя новай самаробнай кнігі “Беларусь — мая Айчына”.

Н. Вось і створана наша з вамі кніга. Ці падабаецца вам яна? Хто помніць, як яна называецца, якой цудоўнай даце прысвечана?Што ў гэтай кнізе стала самым цікавым для вас і пра што вы захочаце дома расказаць сваім бацькам? (Выказванні дзяцей. Інтэрактыўны прыём “Закончы фразу”.)Н. Напрыканцы нашага ўрока хочацца пажадаць у новым навучальным годзе міру і ладу ў нашым класе, у вашых сем’ях, поспехаў у вучобе, у працы, добрых і прыкладных паводзін, моцнага здароўя, цікавых урокаў і вясёлых перапынкаў. Са святам вас!

Ірына ПІКТА,
настаўніца пачатковых класаў
Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *