Беларусь надае вялікае значэнне ўсебаковаму ўзаемадзеянню ў СНД

- 10:52Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым гаворыцца ў прывітальным слове Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якое зачытаў выконваючы абавязкі дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Станіслаў Зась на пасяджэнні Савета Міністраў унутраных спраў дзяржаў — удзельніц СНД, якое праходзіла ў Мінску.
“Рэспубліка Беларусь надае вялікае значэнне партнёрству і ўсебаковаму ўзаемадзеянню ў рамках інтэграцыйнага аб’яднання краін постсавецкай прасторы. Неабходнасць умацоўваць супрацоўніцтва ў праваахоўнай сферы абумоўлена агульнасцю падыходаў міністэрстваў унутраных спраў да праблем барацьбы са злачыннасцю і разуменнем таго, што толькі калектыўнымі намаганнямі мы зможам процістаяць пагрозам і выклікам з боку крыміналу”, — сказана ў прывітальным слове кіраўніка дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, прыемна адзначыць, што рашэнні, прынятыя і рэалізаваныя Саветам Міністраў унутраных спраў, адчувальна садзейнічалі раскрыццю сотні злачынстваў, затрыманню значнай колькасці злачынцаў. Набыты вопыт пацвярджае, што сумесныя дзеянні па гарантаванні бяспекі людзей маюць рэальныя вынікі і перспектывы.
Пасяджэнне Савета Міністраў унутраных спраў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў прайшло ў сталіцы Беларусі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дэлегацыі МУС/Паліцыі Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана, а таксама прадстаўнікі Выканкама СНД, Бюро па каардынацыі барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і іншымі небяспечнымі відамі злачынстваў на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц СНД, дзяржорганаў Беларусі.