Беларусь перамясцілася ў групу дзяржаў з вельмі высокім індэксам развіцця электроннага ўрада

- 11:57Інфармацыйная гадзіна

Беларусь паднялася на 38-е месца ў рэйтынгу ААН па ўзроўні развіцця электроннага ўрада (United Nations E-Government Survey 2018). Краіна перамясцілася на 11 радкоў уверх у параўнанні з вынікамі 2016 года.

У рэйтынгу прадстаўлены 193 краіны. Беларусь упершыню ў сваёй гісторыі перамясцілася ў групу краін (топ-40) з вельмі высокім індэксам развіцця электроннага ўрада (Very-High-EGDI). Паводле ацэнкі складальнікаў рэйтынга, гэта можа быць звязана з рэалізацыяй нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, якая ўключае некалькі ініцыятыў, звязаных з развіццём ІКТ у розных сектарах эканомікі. Напрыклад, Стратэгія развіцця інфарматызацыі ў Беларусі на 2016—2022 гады была прынята ў 2015 годзе з мэтай узмацніць ролю ІКТ у рабоце электроннага ўрада. Яшчэ адна ініцыятыва — Дзяржаўная праграма развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016—2020 гады — змяшчае ў сабе канцэпцыю “лічбавай трансфармацыі” беларускай эканомікі і забяспечвае эфектыўнае ўкараненне лічбавых інструментаў. Гэтая праграма ставіць сваёй мэтай перавесці ў лічбавую форму існуючыя працэсы ў ахове здароўя, ажыццяўленні дзяржаўных закупак, у адукацыі і іншых сферах.

Усе 40 краін, акрамя дзвюх з груп з “вельмі высокім” паказчыкам EGDI, з’яўляюцца краінамі з высокім узроўнем даходу; Беларусь і Казахстан — краіны з узроўнем даходу вышэйшым за сярэдні. Як паказваюць папярэднія даследаванні ААН (у 2012, 2014 і 2016 гадах), даход на душу насельніцтва, які паказвае эканамічны патэнцыял краіны, мае моцны ўплыў на развіццё нацыянальнага электроннага ўрада.

Беларусь таксама значна рушыла наперад у рэйтынгу краін па індэксе электроннага ўдзелу (E-Participation) — з 76-га на 33-е месца. Гэты паказчык адлюстроўвае развіццё сэрвісаў актыўнай камунікацыі паміж грамадзянамі і дзяржавай.

На 1-м месцы глабальнага рэйтынгу ААН аказалася Данія. У топ-10 краін з развітым электронным урадам Аўстралія, Рэспубліка Карэя, Вялікабрытанія, Швецыя, Фінляндыя, Сінгапур, Новая Зеландыя, Францыя, Японія.

Упершыню ў даследаванні прадстаўлены ўзровень развіцця электроннага ўрада ў гарадах. Вывучаліся 40 гарадоў, 1-е месца заняла Масква, у тройцы таксама Кейптаўн і Талін.

Рэйтынг складаецца ААН раз у 2 гады. У 2016 годзе Беларусь была на 49-м месцы, у 2014 годзе — на 55-м.